Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Укусіла мяне за грудзі і раздрапала твар», — гандляр пра канфлікт з падатковай інспэктаркай


У Баранавічах будуць судзіцца прадстаўніца падатковай інспэкцыі і чалавек, які сьцьвярджае, што яна яго драпала і кусала.

Напачатку чэрвеня ў Ігара Чубрыка, які падмяняў сваю жонку-прадавачку на рынку ў Баранавічах, здарыўся канфлікт з прадстаўнікамі падатковай інспэкцыі.

Як распавёў Чубрык Свабодзе, да яго ралету падышлі мужчына і жанчына, якія быццам бы хацелі нешта купіць, а потым заявілі, што зьяўляюцца падаткавікамі і пачалі яго абражаць:

«На самым пачатку было парушэньне працэдуры кантрольнай закупкі. Яны не прадʼявілі дакумэнтаў, ніякага адмысловага прадпісаньня. Я прасіў паказаць гэты дакумэнт, але, відаць, яго ў іх не было. Пачалі хаміць. Мне надакучыла слухаць гэтыя абразы, я чалавек неканфліктны, і проста хацеў спыніць гэтую размову. Схапілі чэкі, сшытак з запісамі аб астатках тавару...».

Ігар Чубрык кажа, што не даваў дазволу гэтым людзям браць сшытак і чэкі, таму спрабаваў забраць іх з рукі ў жанчыны:

«Але скончылася гэта тым, што яна ўкусіла мяне за грудзі і раздрапала твар. Гэта быў шок сапраўдны, я такога ўвогуле не чакаў. Я каму ні расказваю, усе ў шоку, як такое магло здарыцца. Чаму яна гэта зрабіла? Тут можа быць некалькі вэрсій — самая простая, што чалавеку, відаць, варта праверыць псыхічнае здароўе».

Сярод гандляроў на баранавіцкім рынку гісторыя атрымала шырокі рэзананс, прадпрымальнікі кажуць, што канфлікты з прадстаўнікамі падатковай інспэкцыі бывалі, але «да рукапрыкладзтва не даходзіла».

Ігар Чубрык кажа, што таксама не разумее, навошта інспэктарка яго кусала і драпала:

«Выпадак сам па сабе паказвае разьвязнасьць... Калі, прабачце, падатковы інспэктар пачынае так дзейнічаць... Ёсьць выпадкі, калі працаўнікі міліцыі выкарыстоўваць сілу. Але ж у іх ёсьць такое права ў некаторых выпадках. Падаткавікі такога права ня маюць, яны павінны выклікаць міліцыю, калі лічаць, што я супраціўляўся».

Ігар Чубрык зьняў пабоі, ды напісаў заяву ў міліцыю.

Сустрэчную заяву напісалі і прадстаўнікі падатковай, якія сьцьвярджаюць, што гандляр раптам стаў размахваць рукамі і лаяцца.

Інспэктар Яўгенія Брызінская, якую Ігар Чубрык вінаваціць ва ўкусе і драпінах, ад камэнтароў журналістам адмаўляецца, спасылаючыся на тое, што ўсё будзе вядома ў судзе.

Дата суду пакуль ня вызначаная.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG