Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Не такія ўжо беларусы й бедныя. Вы ўжо сто гадоў, як на іншамарках езьдзіце. А мы ўвесь гэты час вазіліся на „Жыгулях“. У вас выхад быў езьдзіць зарабляць у Польшчу, у Прыбалтыку. А мы тут сядзелі, як у якой задрыпанай вёсцы. І адпачываць вы езьдзіце ў Эгіпет, Турцыю, а не ў нашы Сочы. Ведаеце, калі краіна дапамагае то Сырыі, то ў Крым ідзе — сама застаецца з голай з..цай», — так расейская прадпрымальніца з Клінцоў, дзе нядаўна атаўбавалася расейская вайсковая база, разважае пра беларускіх канкурэнтаў.

Беларускія прадпрымальнікі, ратуючы свой дробны бізнэс пасьля ўказу № 222 і пастановы Саўміна № 666, падаліся працаваць у суседнюю Расею. Багата прадпрымальнікаў з Гомелю аказалася ў Навазыбкаве, Клінцах, іншых гарадах Бранскай вобласьці.

Беларускі «Стыль» у «Маскоўскім»

У Клінцах беларускія прадпрымальнікі найчасьцей сустракаюцца на мясцовым рынку, у гандлёва-забаўляльным цэнтры «Маскоўскі», «Гранд-парку», цэнтральным унівэрмагу.

Клінцы. Гандлёвы цэнтар «Маскоўскі»

Клінцы. Гандлёвы цэнтар «Маскоўскі»

Уладальнік буйнога цэнтру «Маскоўскі» Сяргей Сярогін з памочніцай паказваюць буцікі, у якіх гомельскія прадпрымальнікі рэалізоўваюць свае тавары.

Маладая гараджанка Аксана, якая разам з маці нанятая прадаваць жаночае адзеньне беларускай прадпрымальніцы, расказвае, што працуюць яны з беларускай ад мінулага году:

«У вас жа там, у Беларусі, пачалі прыціскаць прадпрымальнікаў. Многія і рынуліся да нас. Мы дапамагаем, бо і нам выгадна — ёсьць праца, ёсьць заробак. Сэртыфікатаў на адзеньне не патрабуецца, бо тавары з Масквы».

Беларускія буцікі

Беларускія буцікі

Аксана паказвае адзеньне — кофты, маечкі, джынсы, сукенкі. Тавар у пераводзе з расейскіх грошай — ад 8 да 60 дэнамінаваных беларускіх рублёў. Самыя дарагія джынсы каштуюць 74 новых беларускіх рублі.

Гандлёва-забаўляльны цэнтар «Маскоўскі», дзе знайшлі прытулак некаторыя беларускія прадпрымальнікі, — гэта колішняя Глухаўская суконная фабрыка, пазьней — шавецкая фабрыка імя Камінтэрну, якая ў дваццатых гадах мінулага стагодзьдзя адносілася нават да ўправы па тэкстылю Гомельскага губэрнскага савету народнай гаспадаркі.

Былую фабрыку клінцоўскія бізнэсоўцы абсталявалі пад гандлёвы цэнтар, плошчы якога й здаюць цяпер «беглым» беларускім прадпрымальнікам.

Беларускія буцікі

Беларускія буцікі

«Умовы тут неблагія, — кажа клінцоўская гандлярка Людміла. — У мяне павільён 50 квадратных мэтраў, за арэнду я плачу 28 тысяч 500 расейскіх рублёў. Атрымліваецца 8,8 даляра за квадратны мэтар. Ну, яшчэ й падатак раз на квартал — 18 тысяч рублёў, альбо 280 даляраў. Такія тут умовы. У мяне сваякі ёсьць на Магілёўшчыне ў Слаўгарадзе — таксама прадпрымальнікі. Цяпер гадаюць, куды падацца. Да Клінцоў далекавата, а то ўжо былі б тут. У нас наагул рады, калі беларусы прыяжджаюць у пакупкі, — жвавей гандаль ідзе. Свае гараджане больш да крамаў у цэнтры прызвычаіліся. Там больш пакупнікоў».

Беларусы за рогам

Клінцы — невялікі горад. Там жыве 62 тысячы чалавек, а калі лічыць з прыгарадам — каля 70 тысяч. Сьпякотнай ліпеньскай суботай цэнтральны рынак не пустуе.

На пытаньне «Дзе гандлююць беларусы?», мінакі паказваюць прылеглую да рынку вуліцу: «За рогам — там з машын гандлююць».

Гандаль з аўтамашын

Гандаль з аўтамашын

За рогам і праўда стаяць дзьве аўтамашыны з гомельскімі нумарамі. Пад разгорнутым тэнтам ідзе бойкі гандаль — мясцовыя жыхары купляюць прывезеныя памідоры, алей, згушчанку, вэнджаныя каўбасы.

«Бывае, паліцыя турбуе, але ж прыяжджаем, прадаём. Жыць неяк трэба», — тлумачыць мужчына сярэдніх гадоў, кіроўца беларускага «Мэрсэдэсу».

Ён не называе ані свайго імені, ані месца, адкуль прыехаў: «А навошта?» Зразумець яго можна: чалавек прывык гэткім чынам зарабляць «на жыцьцё» ў суседзяў і ня хоча сябе афішаваць.

Беларускіх гандляроў прамысловымі таварамі клінцоўцы раяць шукаць у «беларускіх радах».

Дасьледаваньне гандлёвых радоў паказвае, што тут і праўда працуюць беларускія грамадзяне. Аднак першы зь іх, мажны малады мужчына, цьвёрда адмаўляецца заводзіць хоць якую гаворку: «Я тут даўно працую — мне гэта ня трэба». І ўжо зусім па-расейску, зь яўным выклікам дадае: «Досьвідос». Бывай, значыць.

Зразумець негаваркога земляка ў нейкай ступені дапамагае расейская прадпрымальніца Тамара, якая не надта прыязна настроена да беларускіх канкурэнтаў:

«Не такія ўжо беларусы і бедныя. Вы ўжо сто гадоў, як на іншамарках езьдзіце. А мы ўвесь гэты час вазіліся на „Жыгулях“. У вас выхад быў езьдзіць зарабляць у Польшчу, у Прыбалтыку. А мы тут сядзелі, як у якой задрыпанай вёсцы. І адпачываць вы езьдзіце ў Эгіпет, Турцыю, а не ў нашы Сочы. Ведаеце, калі краіна дапамагае то Сырыі, то ў Крым ідзе — сама застаецца з голай з..цай».

Суразмоўніца сьцьвярджае, што ў іхнім гандлёвым радзе раней стаяла больш беларускіх прадпрымальнікаў. Сышлі, бо «такі гандаль, каб чакаць бясконца пакупніка, іх не задаволіў».

Беларусаў, якія працуюць легальна, наагул мала — выгадней наняць тутэйшага чалавека, каб ён сам зарэгістраваўся як прадпрымальнік і займаўся продажам тавараў.

Абвестка пра рублі і грыўны

Абвестка пра рублі і грыўны

Тамара расказвае, што за свае дзесяць мэтраў квадратных, плаціць раз на квартал 3900 рублёў арэнды (каля 60 даляраў) і, вядома ж, квартальны падатак. Назваць лічбу падатку па памяці ня можа, бо ўносіць яго адначасова і за іншае памяшканьне, дзе каэфіцыент вышэйшы.

«Во, суседка скажа», — запэўнівае жанчына.

Суседка насупраць гандлюе дзіцячым адзеньнем.

«У мяне плошча напалову меншая — усяго пяць мэтраў. Таму я плачу толькі раз на квартал у пэнсійны фонд 5 тысяч 800 расейскіх рублёў (90 даляраў), і гэта пагашае іншы падатак. Бо зь пяці квадратаў прадпрымальнік ня можа зарабіць столькі, як зь якога салону ці галерэі. Калі б у мяне быў ралет удвая большы, давялося б тады плаціць яшчэ каля дзьвюх тысяч рублёў падатку»

Прадпрымальніца кажа, што сэртыфікатаў ня мае. Вядома ж, калі будзе праверка, то магчымы штраф — 30 тысяч расейскіх рублёў. Але цяпер на праверкі тры гады мараторый. Выключэньне можа быць, калі толькі ў прадпрымальніка ёсьць запазычанасьць па плацяжах альбо ён не ў належны тэрмін разьлічваецца.

Ганна з Барысава

Побач расейскімі прадпрымальніцамі прамысловымі таварамі гандлюе грамадзянка Беларусі, якая назвалася Ганнай.

Ганна

Ганна

Яна нарадзілася ў Клінцах, але большую частку жыцьця правяла ў Барысаве. Паўтара дзесяцігодзьдзі таму перанесла апэрацыю на хрыбетніку — цяпер інвалід. Адной было складана гадаваць дачку — урэшце сваякі забралі ў Клінцы, дзе ёсьць бацькоўскі дом. Цяпер Ганна больш жыве ў Клінцах, але беларускага грамадзянства не цураецца, бо мае ў Беларусі ад дзяржавы пэнсію па інваліднасьці й жытло. Адна бяда: калі пакінула Барысаў, дзяржава перастала плаціць дапамогу на малалетнюю дачку.

«Таму мне з маёй інваліднасьцю, — кажа Ганна, — давялося заняцца прадпрымальніцтвам. На 2 мільёны 700 тысяч маіх „інвалідных“ нам з дачкою ня выжыць. Падатак для замежных прадпрымальнікаў тут крыху вышэйшы, чым для сваіх грамадзян, але не нашмат. Арэнда такая ж — за тры месцы плачу 5 тысяч 850 расейскіх (недзе 91 даляр). Тут іншая праблема: з-за крызысу мясцовы люд прыкметна зьбяднеў. Прадпрыемствы клінцоўскія — завод поршневых кольцаў і аўтакранавы — няпоўны тыдзень робяць. Што сталася з фабрыкай імя Камінтэрну, усе ведаюць. Апрача таго, мужыкі тутэйшыя на працу ў Маскву меней езьдзяць, грошай не прывозяць. Таму й некаторыя беларускія прадпрымальнікі падаліся адсюль у большыя гарады альбо туды, дзе ёсьць сваякі, каб менш выдаткаў мець на жытло ды іншыя побытавыя справы».

«Рай для прадпрымальнікаў»

З усіх прадпрымальнікаў, якія так ці іначай зьвязаны зь Беларусьсю, найбольшае задавальненьне і аптымізм выявіў жыхар беларускага Добрушу Вадзім Панамароў. На рынку ён трымае невялікую швальню. Пакуль размаўляем, сюды заходзіць з паўдзясятку наведнікаў — хтосьці джынсы зарубіць, іншыя — забраць гатовы заказ.

Вадзім Панамароў у майстэрні

Вадзім Панамароў у майстэрні

«Я тутэйшыя ўмовы для прадпрымальнікаў абагаўляю, — кажа Вадзім, — бо, у параўнаньні зь беларускімі ўмовамі, дзе прадпрымальнікі мадзеюць, тут проста рай. Але тут трэба па-сапраўднаму працаваць. Не накручваць на аптовыя кошты сто працэнтаў прыбытку, а працаваць на трыццаці, дваццаці і нават 10-працэнтах. Тут вялікая канкурэнцыя. А мільёны — на колькасьці прыйдуць».

Вадзім працуе ў майстэрні з жонкаю і маю адну наёмную работніцу. Кожны дзень сямейнікі матаюцца з Добрушу ў Клінцы.

«Падатковага ціску няма, ніякіх іншых „ціскаў“ таксама. Прыяжджай і працуй, калі здатны. Жыцьцё прымусіла прыехаць сюды, бо „бацька“ загадаў дробным прадпрымальнікам ствараць фірмы, рабіцца „крышталёвымі“. А мне што трэба? Заплаціў падаткі, арэнду — і працуй спакойна. Вось што мне трэба!»

Пэрспэктыву для сябе з жонкай Вадзім бачыць хіба што ў Ялце, дзе, паводле яго слоў, муж любімай пляменьніцы, выдатны будаўнік, адхапіў добры заказ і надумаў асталявацца «на беразе сіняй бухты».

«Вось зараблю грошай, прадам катэдж у Добрушы — і пасялюся ў той жа Ялце дажываць старасьць. Такія мае пляны», — сур’ё зна цьвердзіць добрускі прадпрымальнік.

Замест эпілёгу

Найноўшая гісторыя існаваньня дробнага бізнэсу ў Беларусі — гэта найперш гісторыя выжываньня. Апошнія рэглямэнтуючыя дакумэнты, датычныя дзейнасьці індывідуальных прадпрымальнікаў, наагул паставілі дробны бізнэс на калені з афіцыйнай таблічкай на шыі: «Разбуральнікі айчыннай лёгкай прамысловасьці». Каб канчаткова не загнуцца, найбольш актыўныя і падаліся ў суседнюю Расею.

«Ды як тут не падацца, — разважае гомельская прадпрымальніца, актыўная сяброўка рэспубліканскага аб’яднаньня прадпрымальнікаў „Пэрспэктыва“ Сьвятлана Калачова, — калі ў Расейскай Фэдэрацыі ў два разы таньнейшая арэнда, у дзесяць разоў — камунальныя плацяжы (параўноўваю з гандлёвым цэнтрам „Сакрэт“). І падаткі ў суседзяў больш лагодныя. У нас сам па сабе падатак таксама нібыта невялікі, але ж існуюць розныя „дабаўкі“ — увазны ПДВ, ліміт на касу з 5-адсоткавай даплатай за „перабор“. Даплачваем, даплачваем — і ў выніку маем на месяц каля трох з паловай мільёнаў рублёў толькі падатку, ня кажучы пра арэнду, камунальныя плацяжы, сацыяльны фонд. У Расеі прасьцей. І плаціць трэба не наперад, а паквартальна — паводле адпрацаванага часу. Многіх прадпрымальнікаў, вядома ж, трымаюць дома дзеці, старыя бацькі. А хто „на крыле“, той пакінуў ужо Беларусь».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG