Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ПА АБСЭ пацьвердзіла: акупацыя Крыму незаконная. Беларусь не галасавала


25-я штогадовая сэсія ПА АБСЭ «25 гадоў парлямэнцкага супрацоўніцтва: умацаваньне даверу праз дыялёг»

25-я штогадовая сэсія ПА АБСЭ «25 гадоў парлямэнцкага супрацоўніцтва: умацаваньне даверу праз дыялёг»

Расея галасавала супраць «Тбіліскай дэклярацыі», Беларусь устрымалася.

На чарговай сэсіі ў Тбілісі Парлямэнцкая асамблея прыняла дэклярацыю (PDF), што ўтрымлівае рэзалюцыю па анэксаваным Расеяй Крыме. У дэклярацыі асуджаецца акупацыя Расеяй у 2014 годзе ўкраінскай Аўтаномнай Рэспублікі Крым, таксама крытыкуюцца парушэньні правоў чалавека на акупаванай тэрыторыі.

ПА АБСЭ выступіла за далейшае захаваньне палітычных і эканамічных санкцыяў супраць Расеі за анэксію Крыму, а таксама за ўзброеную агрэсію ў частках Данецкай і Луганскай абласьцей Украіны. Расею і іншыя бакі канфлікту заклікаюць выконваць Менскія пагадненьні. Разам з тым АБСЭ заклікае правесьці міжнародную міратворчую апэрацыю пад эгідай ААН і АБСЭ дзеля забесьпячэньня Менскіх пагадненьняў.

У дэклярацыі падкрэсьліваецца неабходнасьць міжнароднай прысутнасьці ў Крыме дзеля маніторынгу правоў чалавека, называюцца праблемы доступу прадстаўнікоў АБСЭ ў Крым і кантраляваныя сэпаратыстамі рэгіёны Ўкраіны, гаворыцца пра перашкоды доступу Чырвонага крыжа да незаконна затрыманых украінскіх грамадзянаў.

Беларусь не галасавала па «Тбіліскай дэклярацыі», паведаміла Свабодзе сябра дэлегацыі Нацыянальнага сходу ў Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ дэпутатка Палаты прадстаўнікоў пятага скліканьня Валянціна Лявоненка:

Валянціна Лявоненка

Валянціна Лявоненка

«Мы папярэдзілі, што ня будзем галасаваць па спрэчных пытаньнях, якія тычацца Расеі і Ўкраіны, сваіх калег па ПА АБСЭ з абедзьвюх гэтых краін. Такое рашэньне мы патлумачылі тым, што ня хочам нават нейкім чынам разбураць менскую перамоўную пляцоўку. Мы лічым, што ў гэтай сытуацыі Беларусь павінна захоўваць нэўтралітэт».

Расея ж была супраць дэклярацыі. Сябра Савету Фэдэрацыі Людміла Казлова казала на выступе, што «на Расею ліюць бруд», «уварваньня Расеі ў Крым не было», «ва Ўкраіне адбыўся дзяржаўны пераварот», а лідэры Крымскіх татараў, за рэпрэсіі супраць якіх у тым ліку крытыкуюць Расею, «практычна пакінулі жыхароў Крыму без ацяпленьня, сьвятла, вады і прадуктаў».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG