Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лявон Вольскі сабраў 100% грошай на новы альбом


Лявон Вольскі

Лявон Вольскі

Запіс завершаны — засталося змайстраваць, выдаць і прэзэнтаваць.

Беларускі музыка Лявон Вольскі сабраў 100% ад сумы, неабходнай на выданьне новага альбому. Збор грошай вёўся на яго асабістым сайце, поўная сума не называецца.

«Песьні ўжо запісаныя. Засталося зьміксаваць, адправіць на майстэрынг, рабіць наклад, далей будуць захады па прэзэнтацыі, — кажа Вольскі Свабодзе. — Пакуль чакаем адказу ад Міністэрства замежных справаў Літоўскай рэспублікі, ці дадуць нам візавую падтрымку, зацягваецца працэс. Ад гэтага залежыць месца і час прэзэнтацыі».

Вольскі распавядае, што першапачаткова прэзэнтацыя плянавалася на першую палову кастрычніка ў вялікай залі ў Вільні, але ўжо да заплянаванага тэрміну пасьпяваюць падрыхтавацца.

«Думаю, традыцыйна выдадзім наклад альбому на CD, — дадае Вольскі. — Аб’ём накладу пакуль назваць не магу, але ўсё ж ёсьць яшчэ мэляманы, якім цікава патрымаць выданьне ў руках. Вініл ня быў закладзены ў суму, бо гэта досыць дорага, было б нахабна. У CD будзе мо адмысловая ўкладка, дзе пазначаныя тыя, хто прысылаў грошы. Бо людзей вельмі шмат было, фактычна з усяго сьвету».

Папярэдні сольны альбом, «Грамадазнаўства», быў прадстаўлены ў сакавіку 2014 году. Таксама Вольскі з гуртом «Крамбамбуля» выдаў у кастрычніку 2015 году «Чырвоны штраль» — затым гурт «сышоў у лясы». Пазьней, у верасьні Вольскі возьме ўдзел у спэктаклі «Народны альбом. 20 год».

«Новы альбом робіць той жа прадусар, які рабіў „Грамадазнаўства“, але гучаньне іншае, — распавядае музыка. — Не скажу, новае ці ня новае, але не такое. Мне здаецца, гэта крок наперад. Паглядзім, што скажуць слухачы і крытыкі».

Відэа песьні «А хто там ідзе» з папярэдняга альбома Вольскага «Грамадазнаўства».

XS
SM
MD
LG