Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памерла Валянціна Быкава. Не дажыўшы тры дні да свайго 90-годзьдзя


Каля 8-й раніцы 4 ліпеня ў рэанімацыйным аддзяленьні Віцебскага абласнога шпіталя пайшла з жыцьця сястра славутага літаратара Васіля Быкава, найбліжэйшая сваячка і захавальніца ягонай памяці.

Валянціна Ўладзімераўна Быкава трапіла ў абласны шпіталь 30-га траўня, пасьля таго, як некалькі дзён яе лекавалі ў Вушацкім раённым шпіталі. 89-гадовую спадарыню прывезла туды хуткая дапамога: 27-га траўня на Валянціну Быкаву быў зьдзейсьнены напад, і яна зьвярнулася да лекараў, бо істотна пацярпела.

Невядомы зламысьнік — а нападніка дагэтуль так і не знайшлі — зайшоў у яе хату з бакавога ўваходу. А калі гаспадыня заўважыла прысутнасьць чужога чалавека, накінуўся на яе ззаду, заламіў рукі і пачаў душыць. Спадарыня Быкава закрычала, і ён уцёк. Аднавяскоўцы маюць вэрсію, што нападніка магла спалохаць верагоднасьць быць засьпетым падчас злачынства — бо каля хаты да рэчкі часта езьдзяць трактары, і нехта з кіроўцаў мог угледзець чужынца.

У Вушацкім шпіталі ў Валянціны Быкавай дыягнаставалі пералом запясьця правай рукі, левага пляча і некалькіх рэбраў зь левага боку. Падчас знаходжаньня ў Віцебскім абласным шпіталі да гэтага дадалася посттраўматычная пнэўманія. Лекары ўвесь час ацэньвалі яе стан як цяжкі — найперш у сілу сталага ўзросту пацыенткі. І катэгарычна выключылі магчымасьць адведваць спадарыню Валянціну, патлумачыўшы гэта правіламі ўнутранага распарадку рэанімацыйнага аддзяленьня. Пра стан яе здароўя лекары адмаўляліся паведамляць праз тэлефон, а пабачыцца з хворым у рэанімацыйным аддзяленьні, паводле правілаў шпіталя, увогуле маюць права толькі найбліжэйшыя сваякі. У Валянціны Быкавай такіх не было.

Пасьля сьмерці старэйшага брата Васіля спадарыня Валянціна шмат рабіла для захаваньня ягонай памяці. Яна перапісвалася з прыхільнікамі ягонай творчасьці, сябравала зь пісьменьнікамі і журналістамі, неаднаразова давала інтэрвію Радыё Свабода, распавядаючы пра Васіля Быкава. Калі ў Бычках стваралася мэмарыяльная сязіба-музэй, яна давала парады па ўзнаўленьні інтэр’еру бацькоўскай хаты, у якой гадаваліся Васіль, Валянціна і малодшы брат Мікола.

Удава Міколы Антаніна Быкава шмат гадоў наглядала за музэем, цяпер там працуе яе сын, таксама Мікола. Менавіта ў гэтую сям’ю прыйшла сёньня ранкам жалобная вестка.

«Патэлефанавалі з райвыканкаму. Сёньня паедзем у Віцебск, забіраць Валянціну Ўладзімераўну на радзіму», — паведаміў пляменьнік.

Пазьней сям’я абмяркуе і вызначыць дату, час і месца пахаваньня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG