Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ці магчыма абараніць самотных старых ад рабаўнікоў?


Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

У суботу ў вёсцы Ваўчо Вушацкага раёну напалі на 89-гадовую Валянціну Быкаву, сястру народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава. Рабаўнік зламаў ёй руку, тры рабры, моцна напалохаў. Валянціна Васільеўна ў шпіталі, пры памяці. Перажыла шок, таму яе трымаюць у аддзяленьні рэанімацыі Вушацкай райбальніцы.

Па факце нападу на Валянціну Быкаву заведзеная справа за прычыненьне менш цяжкага цялеснага пашкоджаньня (ч. 1 арт. 149 Крымінальнага кодэксу). Як паведамляе Сьледчы камітэт, адпрацоўваюцца розныя вэрсіі, правяраецца кола асобаў, якія могуць быць датычныя да злачынства.

Напад на сястру народнага пісьменьніка не ўвайшоў у апэратыўную зводку злачынстваў і здарэньняў за мінулыя выходныя, якую складае Ўпраўленьне ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкаму.

У абласную зводку трапілі: крадзеж рыбалоўных прыладаў, трымэра і бэнзапілы з гаража — шкода 5,7 млн рублёў; крадзеж дратоў да дрэваапрацоўчага станка і зварачнага апарата, таксама з гаража — шкода 1,1 мільёна; крадзеж зноў жа з гаража рыбалоўных прылад, электраінструмэнтаў, каністры — шкода 9 мільёнаў; крадзеж з участка 10 мэталічных рэек — шкода 10 мільёнаў. Напад на 89-гадовую пэнсіянэрку істотным здарэньнем не палічылі.

Як абараніць самотных старых? Супрацоўнікі праваахоўных органаў адмаўляюць, што такая праблема існуе. Паводле словаў начальніка Вушацкага РУУС Сяргея Алабіна, гэта «рэдкі нетыповы выпадак, ніколі падобных нападаў на пэнсіянэраў у раёне не было».

Тое самае цьвердзяць і прадстаўнікі прэсавай службы УУС Менскага аблвыканкаму:

«Для Менскай вобласьці гэтай праблемы няма. За ўсю краіну вам не скажу, але ў нашай вобласьці ўсё спакойна. Здараюцца банальныя крадзяжы зь лецішчаў, але каб на пэнсіянэраў нападалі — такога я не прыгадаю».

Але нават калі ўвесьці ў радок для пошуку «напад на пэнсіянэраў» — пошукавая сыстэма google.by выдае дзясяткі прыкладаў, калі самотных старых рабавалі, прычым дзеля драбязы — прыкладам, меху бульбы або 160 тысяч рублёў.

28 красавіка 25-гадовы жыхар Слоніма пасьля няўдалай спробы абрабаваць адну пэнсіянэрку зь вёскі Азарычы напаў на другую. Разьбіў шкло, улез у хату. Забраў, пагражаючы нажом, у 82-гадовай бабулі 160 тысяч рублёў і прадукты зь лядоўні.

Жыхары Ашмянаў, якім не хапала на чарговую пляшку, нацягнулі шапкі на вочы, твары завязалі шарфамі, напалохалі пэнсіянэрку, забраўшы рэшту пэнсіі.

У вёсцы Вялікія Чучавічы Лунінецкага раёну невядомыя ў масках з прарэхамі напалі на бабулю, забралі пэнсію.

У Шумілінскім раёне таксама напалі на пэнсіянэрку, забралі 1 мільён.

Ёсьць і трагічныя выпадкі. У Ветцы за мех бульбы забілі пэнсіянэрку, скралі мэдалі і нагрудныя знакі, не пагрэбавалі нават пляшкай віна і сонечнымі акулярамі.

У Салігорску праўнук зь сябруком забілі 87-гадовую бабулю.

У Пастаўскім раёне мужчына забіў сякерай бабулю і напаў на паштальёна.

Паводле інфармацыі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, самотных пажылых людзей у Беларусі каля 144 тысяч. 88 тысяч зь іх — на абслугоўваньні тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнай абароны. Некаторых абслугоўваюць бясплатна — паводле рашэньняў райвыканкамаў, сабесаў; некаторых — на платнай аснове. Але, як паведаміла прэс-сакратар Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Тацяна Максімава, расцэнкі невялікія, плата сымбалічная.

На зіму самотных запрашаюць у так званыя «дамы сумеснага пражываньня». Хто мае патрэбу ў доглядзе, некалькі тыдняў і нават месяцаў могуць правесьці ў бальніцах сястрынскага дагляду. Натуральна, трапляюць туды ня ўсе. Але ёсьць і іншыя прыватныя ініцыятывы.

Гаспадыня аграсядзібы «Родны кут», што ў вёсцы Валодзькава Глыбоцкага раёну, Юлія Бука дапамагае перазімаваць састарэлым зямлячкам. На зіму, калі няма турыстаў, у адзін дом яна засяляе пяцёх бабулек. Спадарыня Юлія працуе яшчэ сацыяльным работнікам і цяпер «шэфствуе» над 85-гадовай пэнсіянэркай, якая жыве за 5 кілямэтраў ад Валодзькава — разам са сваімі дзецьмі дапамагае бабулі пасадзіць гарод, прыбрацца ў хаце, абкасіць участак, прывозіць лекі і харчы. Кажа, што ў самотных бабулек ёсьць страх:

«У нашым рэгіёне масава асаблівых зьверстваў не было, але асобныя выпадкі былі таксама. Нейкі прыежджы мужчына гады два таму згвалціў і зарэзаў пэнсіянэрку — непадалёк, кілямэтраў за 15 ад нас. Быў, натуральна, ва ўсіх шок.

Але з таго часу міліцыя пастаянна аб’яжджае ўсё вёскі, просіць самотных пэнсіянэраў, каб зачыняліся, папярэджвае, каб незнаёмых не пускалі.

Старыя ў асноўным зачыняюцца. Але мая „падшэфная“ бабуля распавядала, як прыходзіў да яе малады хлопец, які зусім сьпіўся, кажа: „Бабуля, у цябе ж няма сабакі, дай мне хлеб, які ў цябе застаецца“. У нас яшчэ не дайшлі да такой кропкі, што за бутэльку ці рэшткі пэнсіі пойдуць на злачынства. А моладзь лазіць па хатах, у асноўным пустых. У мяне мае турысты часам пытаюцца, у каго можна купіць дываны ці нейкія ручнікі. Я раю падыходзіць да аўталаўкі і паразмаўляць з бабулямі там, ніколі не накіроўваю ў хату. Я прашу сваіх турыстаў не хадзіць па хатах, не палохаць бабуль.

А што да сястры Васіля Быкава — можа, думалі, што знакамітая сям’я, можа, скарбы якія ёсьць... А можа, проста ня ведалі, да каго ідуць. Шкада, канечне, жанчыну...»

XS
SM
MD
LG