Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навошта на дзень незалежнасьці ў Менску бразгаюць зброяй


Чаму чарговы Дзень Незалежнасьці беларускія ўлады адзначаюць з традыцыйным размахам, хоць краіна перажывае не найлепшыя часы?

Абмяркоўваюць: Ігар Карней, Уладзімер Глод, Валер Карбалевіч.


Карней: Зусім нядаўна мы мелі вялікае шоў — Усебеларускі народны сход, які таксама шмат хто ацаніў як баль падчас чумы. І вось цяпер Дзень Незалежнасьці. Дзяржаўнае сьвята — ад 1997 году яно сьвяткуецца 3 ліпеня, а не 27-га, як сьвяткавалі беларусы да 1996-га году. У выніку рэфэрэндуму сьвята перанесьлі на дзень вызваленьня Менску. Галоўнай падзеяй будзе ваенны парад з удзелам баявой тэхнікі і вайскоўцаў Узброеных сілаў Беларусі і Расеі, сьледам — канцэртная праграма «Ганаруся табой, Беларусь», а ўвечары — масавая акцыя «Засьпяваем гімн разам». Які сэнс марнаваць вялізныя бюджэтныя грошы на відовішчы, калі краіна перажывае не найлепшыя часы? За чый кошт банкет?

Банкет, натуральна, за кошт бюджэту, а намінальна — за кошт падаткаплатнікаў. Ці гатовыя беларусы плаціць за гэтае відовішча, канешне, ніхто не пытае. Але па колькасьці ўдзельнікаў гэтых мерапрыемстваў становіцца зразумела, што попыт на відовішча ёсьць, і таму, відаць, «банкет» будзе адбывацца.

Па колькасьці ўдзельнікаў гэтых мерапрыемстваў становіцца зразумела, што попыт на відовішча ёсьць.

Сёлета няма юбілейных дат па вызваленьні Беларусі ці Менску, але тым ня менш будзе ваенны парад. Хоць калі вярнуцца да Ўсебеларускага народнага сходу, у Аляксандра Лукашэнкі прагучала такая дзіўная фраза — ён сказаў, што «і гэты год таксама юбілейны, таму што 75 гадоў таму пачалася Вялікая Айчынная вайна». Ну вось калі расцэньваць з гэтай пазыцыі, юбілей усё ж такі знайшлі. Зьдзіўляе тая колькасьць задзейнічаных адзінак чалавечых і тэхнічных, бо на парадзе праедзе каля 160 адзінак баявой тэхнікі, праляціць пад паўсотні самалётаў-верталётаў, пройдуць амаль 5000 вайскоўцаў. Ёсьць нават тэхнічныя раскладкі, што расьцягнецца калёна на некалькі кілямэтраў. Спачатку пройдуць адноўленыя ўзоры баявой тэхнікі ваенных часоў, потым іх зьменяць савецкія танкі, потым будзе сучасная тэхніка, комплекс «Палянэз», якія вельмі рэклямаваў Лукашэнка падчас Усебеларускага народнага сходу.

Усё гэта можна было ўбачыць і раней, бо рэпэтыцыі ў крыху абрэзаным варыянце ідуць не адзін месяц, і прынесьлі нямала нязручнасьці жыхарам сталіцы. Асабліва гэта тычыцца апошніх прагонаў, калі цэнтральныя праспэкты і вуліцы проста пасярод белага дня блякаваліся міліцыяй, пасажыры і аўтамабілісты мусілі па гадзіне чакаць, пакуль пройдзе калёна. Літаральна пазаўчора я трапіў у такую сытуацыю, пашчасьціла хутка вырвацца, але потым у сацыяльных сетках бачыў вельмі шмат абураных допісаў, калі людзі казалі, што літаральна каля прыпынку спынілі аўтобус, і людзей нават не выпускалі. Праз вокны яны, канешне, паназіралі за бясплатным шоў, але сышло сем патоў. Не кажу пра дарожнікаў, для якіх кожнае такое сьвята суправаджаецца галаўным болем: як прывесьці ў належны стан дарожнае палотнішча? Калі былі першыя прагоны гадоў 10 таму, я якраз рабіў артыкул на гэтую тэму і тэлефанаваў у дарожныя службы. Іх супрацоўнікі тады яшчэ былі ненапалоханыя, і казалі, што нават акупанты ў Іраку — яны мелі на ўвазе амэрыканскія войскі, калі тыя ўваходзілі ў Багдад — надзявалі на гусеніцы гумавыя накрыўкі. У Беларусі ж гэта не прынята.

Расея дэманструе, якой тэхнікай яна валодае, і што можа быць у выпадку, калі Беларусь захоча пайсьці па ўкраінскім шляху.

Яшчэ адзін момант — прыяжджаюць на парад расейскія вайскоўцы. Разьлік 104-га дэсантна-штурмавога палку Ўзброеных сіл Расеі. Гэта якраз тыя байцы, якія былі задзейнічаныя для ўсталяваньня так званага «рускага міру» на Данбасе, што выклікала незадаволенасьць у пэўнай часткі беларускага грамадзтва, бо фактычна ў Беларусі паказваюць сваю магутнасьць людзі, якія маюць сумнеўную рэпутацыю ў сьвеце. Але, як вядома, беларускія ўлады намагаюцца гуляць па ўсіх франтах, таму маральны фактар у дадзеным выпадку адыходзіць на другі плян. У Мінабароны Беларусі з гэтай нагоды заявілі, прэс-рэліз нават быў, каб супакоіць грамадзтва, што ўдзел у ваенным парадзе ў Менску гэтага падразьдзяленьня характарызуе пасьлядоўнае разьвіцьцё і ўмацаваньне ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва дзьвюх краінаў. Ці супакоілі яны гэтай заявай — якраз яшчэ можна пасумнявацца. Акрамя вайскоўцаў будуць браць удзел прадстаўнікі авіяцыі і ваенна-касьмічных сіл Расеі. Тут праляціць зьвяно расейскіх баявых верталётаў К-52, зьвяно бамбавікоў СУ-34 і зьвяно зьнішчальнікаў СУ-30 СМ. Гэта магутная ваенная тэхніка, якая стаіць на ўзбраеньні ў расейскай арміі, і Расея такім чынам дэманструе, якой тэхнікай яна валодае, і што можа быць у выпадку, калі Беларусь захоча пайсьці па ўкраінскім шляху.

Глод: Здаецца, Усебеларускі сход ужо даў фінансавы ўрок уладам, бо падлічыць кошты пляншэтаў, якія падарылі дэлегатам, не было ніякай цяжкасьці. Яны каштавалі паўмільёна даляраў, а само мерапрыемства — болей за мільён. Гэта, зразумела, раздражняе людзей, асабліва пэнсіянэраў, якім пэнсіі не павялічваюць аж з мінулага году. Канешне, улады зразумелі, што яны зрабілі памылку. Зьявілася вось гэтае паведамленьне галоўнага рэдактара галоўнай прэзыдэнцкай газэты пра тое, што гэта была нібыта спонсарская дапамога. Але хто канкрэтна быў спонсарам — дагэтуль невядома, і, шчыра кажучы, я ня вельмі ўпэўнены што гэта адпавядае рэчаіснасьці.

Ва ўладаў было два варыянты разгортваньня падзеяў на гэтае сьвята.

Цяпер улады на чале з кіраўніком дзяржавы апынуліся ў даволі складаным становішчы. Яны бачаць, што робіцца ў эканоміцы, і фактычна ў іх было два варыянты разгортваньня падзеяў на гэтае сьвята. Першы — гэта зьнізіць плянку, не рабіць яго такім дарагім, такім патасным, а зрабіць таньнейшым і больш сьціплым. Але тады гэтым фактычна трэба прызнаваць тое, што ў краіне ня ўсё добра. А калі прызнаваць, што сытуацыя дрэнная, тады ў людзей узьнікнуць пытаньні, хто вінаваты, і чаму дрэнна. Таму, мне падаецца, улады вырашылі, што ўсё ж лепш кінуць дадатковыя грошы, але зрабіць гэтае мерапрыемства такім жа, як яно было раней.

І магчыма, тут проста ўлады ідэалягічна паспрабуюць згуляць на патрыятычных адчуваньнях беларусаў. Яны хочуць паказаць што Беларусь — гэтая краіна, якая прайшла празь Вялікую Айчынную вайну, што нашы нашчадкі партызанаў разумеюць, як бы цяжка ні было ў эканоміцы, наша краіна аддае апошняе нашым узброеным сілам. І таму глядзіце, беларусы, якія мы моцныя, і якая моцная дзяржава, і які моцны кіраўнік гэтай дзяржавы. Вось, здаецца, такі лягічны ланцужок ідзе праз усё гэтае сьвята.

Карбалевіч: Хачу нагадаць, што галоўнае сьвята Беларусі зьвязанае, хоць даволі штучна, з вайной. 3 ліпеня — дзень вызваленьня Менску ад фашыстаў. То бок, у аснову сьвята закладзены гераічны міт. І адсюль, паводле савецкай традыцыі, сьвята, па ўяўленьню ўладаў, павінна быць мілітарызаваным. Тут і парад, і салют, і іншыя атрыбуты.

У аснову сьвята закладзены гераічны міт. І адсюль, паводле савецкай традыцыі, сьвята павінна быць мілітарызаваным.

Акрамя таго, тут дзейнічае яшчэ адзін чыньнік. Справа ў тым, што ўжо два гады ўлады прапануюць народу новую ідэалягічную спаруду. Пасьля пачатку ўкраінскага крызісу Лукашэнка ўвесь час дасылае грамадзтву такі мэсыдж: цяпер галоўнае не дабрабыт, не заробкі і пэнсіі. А галоўнае — гэта мір, парадак, бясьпека. Маўляў, хто не разумее пра што гаворка, паглядзіце на Ўкраіну. І таму патрэбны моцныя дзяржаўныя інстытуты, адзін з асноўных сярод іх — моцнае войска.

А тут яшчэ ваенныя падрыхтоўкі з абодвух бакоў Беларусі. У Польшчы, краінах Балтыі ўзмацняецца ваенная інфраструктура НАТО. З усходу Расея плянуе разьмясьціць дзьве новыя дывізіі у Смаленскай і Бранскай абласьцях. І Беларусь павінна рабіць нейкі адказ на гэты выклік.

І невыпадкова Ўсебеларускі народны сход быў прызначаны на 22 чэрвеня — дзень нападу Нямеччыны на СССР. Невыпадкова Лукашэнка пачаў свой даклад на гэтым сходзе з пытаньняў бясьпекі. Ён адзначыў, што падарункам сходу стаў створаны ракетны комплекс «Палянэз».

І вось на гэтым тле ваенны парад выглядае лягічна. Думаю, большасьць насельніцтва глядзіць на гэта з разуменьнем.

Ну і, нарэшце, ня так часта Лукашэнка можа зьявіцца перад публікай у мундзіры, які журналісты кпліва называюць «мундзірам генэралісімуса».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG