Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тэракт у Стамбуле: падазраюць выхадцаў з Чачні, Дагестану, Кіргізстану і Ўзбэкістану


Газэта Milliyet публікуе фота падазраваных у зьдзяйсьненьні тэракту ў аэрапорце Стамбулу.
Газэта Milliyet публікуе фота падазраваных у зьдзяйсьненьні тэракту ў аэрапорце Стамбулу.

Турэцкія СМІ паведамляюць, што да арганізацыі тэракту ў стамбульскім аэрапорце Атацюрк могуць быць датычныя выхадцы з Расеі і краінаў СНД, зьвязаныя з «Ісламскай дзяржавай». Гэтая інфармацыя пакуль афіцыйна не пацьверджана турэцкімі ўладамі.

Выданьне «Yeni Safak» са спасылкай на крыніцы ў спэцслужбах паведамляе, што ўсяго ў тэрарыстычнай ячэйцы, якая рыхтавала напад на аэрапорт, было восем чалавек. Трое зь іх — сьмяротнікі, якія ўзарвалі сябе на ўваходзе ў аэрапорт. Асоба аднаго зь іх ўстаноўлена — гэта грамадзянін РФ чачэнскага паходжаньня Асман Вадзінаў. Ён нібыта прыбыў у Турцыю з сырыйскай Ракі.

Сярод іншых удзельнікаў ячэйкі былі выхадцы з Дагестану, Кіргізстану і Ўзбэкістану. Іх імёны пакуль не раскрываюцца.

Непасрэдным арганізатарам тэракту газэта называе выхадца з Чачні Ахмэда Хатаева (Аднарукага), які камандаваў у Сырыі атрадам баевікоў «Ярмук», сфармаваным у асноўным з ліку ўраджэнцаў рэспублік Паўночнага Каўказу.

Мінімум тры тэрарысты-сьмяротнікі ўехалі ў Турцыю 25 траўня, сьцьвярджае газэта. Яны зьнялі памяшканьне ў раёне Аксарай на вуліцы Хорхор, і менавіта там зьбіралі паясы сьмяротнікаў. У аэрапорт, як і меркавалі сьледчыя, яны прыехалі на таксі. На ўваходзе ў будынак іх заўважыў афіцэр паліцыі Ахмэд Бэркер. Ён паспрабаваў іх спыніць, але тыя ў адказ адкрылі агонь з аўтаматаў Калашнікава і кінулі ручную гранату.

Паліцыя Турэччыны сёньня раніцай правяла ў Стамбуле некалькі рэйдаў. Афіцыйна аб выніках не паведамляецца, але «Yeni Safak» сьцьвярджае, што як мінімум адзін хаўрусьнік сьмяротнікаў быў затрыманы. Яшчэ чацьвёра знаходзяцца ў вышуку.

Гэта ня першы тэракт, зладжаны ў Стамбуле выхадцамі з расейскага Паўночнага Каўказу. Паўтара году таму 19-гадовая ўраджэнка дагестанскага гораду Дэрбент Дыяна Рамазанава напала на паліцэйскі ўчастак у Стамбуле і прывяла ў дзеяньне выбуховае прыстасаваньне, замацаванае на целе. Двое паліцыянтаў, якія знаходзіліся ў тым памяшканьні, атрымалі раненьні, адзін зь іх пазьней памёр у лякарні.

Колькасьць ахвяраў тэракту ў аэрапорце Стамбулу дасягнула 42 чалавек, а колькасьць пацярпелых набліжаецца да 240.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG