Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стамбул: ахвяраў тэракту прынамсі 36, параненых каля паўтары сотні. Беларусаў сярод пацярпелых няма


Па меншай меры 36 чалавек загінулі і 147 параненыя (сярод іх паліцыянты) з-за тэракту на тэрыторыі галоўнага міжнароднага аэрапорта Стамбула імя Атацюрка позна ўвечары 28 чэрвеня.

Паводле папярэдняй інфармацыі Міністэрства аховы здароўя Турэччыны, грамадзян Беларусі сярод пацярпелых пры выбухах у аэрапорце Стамбула няма.

Турэцкія афіцыйныя асобы паведамілі, што тры сьмяротнікі прыехалі ў аэрапорт на таксі і падарвалі сябе ля ўваходу, непадалёк ад зоны рэгістрацыі пасьля перастрэлкі з паліцыяй. Адзін са зламысьнікаў у камізэльцы з выбухоўкай перад выбухам пачаў страляніну з аўтамата па пасажырах.

Па словах відавочцаў, у аэрапорце прагрымелі тры магутныя выбухі, з-за чаго прагнуўся дах будынка, пачалася паніка сярод пасажыраў.

Людзей з аэрадрома эвакуявалі, самалёты перанакіравалі ў бліжэйшыя аэрапорты, выходныя рэйсы адмянілі, але па паведамленьнях паводле стану на 3:00 па мясцовым часе паветраныя зносіны аднавілі. У той жа час ЗША спынілі ўсе рэйсы ў і з Стамбула.

Міністар юстыцыі Турэччыны Бекір Боздаг паведаміў таксама пра прыкметы выбуху ля станцыі мэтро, прылеглай да аэрапорта.

Прэм’ер-міністар Турэччыны Біналі Йылдырым заявіў, што па агульных прыкметах тэракт у аэрапорце падобны на той, што зьдзейсьнілі баевікі групоўкі «Ісламская дзяржава» ў Брусэлі ў сакавіку.

Прэзыдэнт Турэччыны Рэджэп Таіп Эрдаган асудзіў напад, заявіўшы, што пацярпелі «нявінныя грамадзянскія асобы». Ён ня выключыў, што такія «жудасныя» напады могуць адбыцца ў любым аэрапорце сьвету.

«Мы заклікаем сьвет, асабліва заходнія краіны, заняць цьвёрдую пазыцыю ў барацьбе з тэрарызмам», — сказаў турэцкі прэзыдэнт.

Белы дом, ААН, Нямеччына і іншыя краіны таксама рашуча асудзілі напад.

«Міжнародны аэрапорт Атацюрка, як і аэрапорт Брусэля, раней ужо атакаваны ў гэтым годзе, зьяўляецца сымбалем міжнароднага адзінства і агульнага адзінства», — сказаў прадстаўнік Белага дома Джош Эрнэст.

«Мы, як і раней, цьвёрдыя ў нашай падтрымцы Турэччыны, нашага саюзьніка і партнэра НАТО», — дадаў ён.

Турэччына за апошнія месяцы пацярпела ад шэрагу нападаў, у зьдзяйсьненьні якіх абвінавачваюць курдзкіх баевікоў і экстрэмістаў групоўкі «Ісламская дзяржава».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG