Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Наўрад ці замежнікі пакінуць Стамбул», — што стаіць за выбухамі ў турэцкім аэрапорце


Колькасьць ахвяраў у Стамбуле перавысіла 40 чалавек і можа ўзрасьці цягам сьледчых дзеяньняў. Чаму тэрарысты абралі ў якасьці мішэні Турэччыну, і чаго яны дамагаюцца забойствам мясцовых жыхароў і замежнікаў? Ці магло гэта стаць рэакцыяй на спробу Анкары аднавіць замарожаныя стасункі з Масквой?

Паводле афіцыйных зьвестак, у выніку нападу трох сьмяротнікаў на міжнародны аэрапорт імя Атацюрка — адзін з найбуйнейшых у Эўразіі — загінулі грамадзяне Турэччыны, а таксама Саудаўскай Арабіі, Іраку, Ірану, Кітаю, Тунісу, Узбэкістану, Украіны, Ярданіі. У ліку параненых 240 чалавек таксама жыхар Расеі. Пра пацярпелых беларусаў не паведамляецца, хоць турыстаў у гэты час там дастаткова. Праўда, найперш у курортных мясьцінах.

У Стамбуле дзейнічае надзвычайны рэжым, але шматлікіх замежнікаў гэта не палохае

Менская студэнтка Натальля Касянкова ў Турэччыне не адпачывае, а працуе — уладкавалася ў Стамбуле выхавацелькай, дапамагае тамтэйшай сямʼі асвойваць ангельскую мову.

Апавядае, што амаль суткі ня толькі ў аэрапорце, а і ў цэнтры 15-мільённага мэгаполісу дзейнічае надзвычайны рэжым. Па яе словах, перасоўваньне па цэнтральных вуліцах — альбо абмежаванае, альбо пад кантролем паліцыі. Сьледчыя дзеяньні, хутчэй за ўсё, расьцягнуцца на некалькі дзён:

«Плошча Султанахмэт запоўненая паліцыяй і спэцслужбамі, — гаворыць дзяўчына. — Тэрыторыю атачылі па ўсім пэрымэтры, разам з Галацкай вежай і паловай суседніх вуліц. Шмат людзей у форме на праспэкце Істыкляль. Гэта самая галоўная і шматлюдная вуліца Стамбулу, па ёй увесь час ходзяць турысты. Людзей раз-пораз абшукваюць, не зважаючы, адкуль яны — мясцовыя ці іншаземцы. Просяць адкрыць сумкі, правяраюць зьмесьціва. Але збольшага гэта тычыцца цэнтральнай часткі гораду, у спальных раёнах паліцыянтаў асабліва не відаць».

У некаторых СМІ, перадусім расейскіх, ужо зьявіліся меркаваньні, што тэракт стаў адказам на спробы замірэньня Турэччыны і Расеі — маўляў, «саюз магутных гульцоў» шмат каму папярок горла.

Адносіны колішніх партнэраў рэзка пагоршыліся пры канцы мінулага году, калі турэцкія ваенныя зьбілі расейскі самалёт-зьнішчальнік. У Турэччыне сьцьвярджалі, што парушальнік быў абстраляны пасьля неаднаразовых папярэджаньняў пра недапушчальнасьць перасячэньня паветранай прасторы. У Маскве, наадварот, запэўнівалі, што «Су-24» выконваў «міратворчую місію» ў Сырыі і да мяжы нават не даляцеў. Узаемныя дакоры выліліся ў маштабныя антытурэцкія санкцыі, і расейскім турыстам забаранілі наведваць улюбёныя турэцкія курорты.

Аднак сёньня, насуперак пагаршэньню сытуацыю ў Турэччыне, прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін даручыў ураду зьняць адміністрацыйныя абмежаваньні ў сфэры турызму і дазволіць сваім землякам яшчэ ў гэты сэзон наведваць турэцкія марскія ўзьбярэжжы. Такое рашэньне было прынятае па выніках ягонай тэлефоннай гутаркі са сваім калегам Таіпам Эрдаганам.

Што стаіць за пацяпленьнем стасункаў нядаўніх антаганістаў? І ці маглі ўзаемныя крокі стаць падставай да атакі на пасажыраў найбуйнейшага ў рэгіёне лётнішча? Сытуацыю ацэньвае колішні дыплямат, экс-супрацоўнік прадстаўніцтва Беларусі ў Арганізацыі Абʼяднаных Нацыяў Карэн Акопаў:

Карэн Акопаў, архіўнае фота
Карэн Акопаў, архіўнае фота

«Зразумела, што за ўсім гэтым можа стаяць палітыка, але цяжка сказаць, у якой ступені сам тэракт выкліканы спробай замірэньня Эрдагана з Пуціным. Таму, што гэта за выбух, хто яго замоўнік і каму ён патрэбны — адказ на гэтае пытаньне мы можам атрымаць зусім ня хутка. Прынамсі відавочнага адказу няма».

Турэччына спрыяе таму, што кожную хвіліну ў бок Эўропы бягуць 24 мігранты

Разам з тым, як лічыць суразмоўца, падставы да незадаволенасьці, якая стала прычынай гэтых страшных дзеяньняў, могуць ляжаць у іншай плоскасьці, так ці інакш зьвязанай з «торгам Турэччыны на ўцекачах»:

«Тут можа быць справа ў іншым. Турэччына, як вядома, ня толькі не блякуе хвалі мігрантаў з канфліктных рэгіёнаў, а дапамагае ёй распаўсюдзіцца далей у Эўропу. Скажам шчыра: Турэччына робіць на гэтым бізнэс. То бок, бяруць з уцекачоў грошы, праводзяць у бок Грэцыі, адкуль тыя ўрэшце трапляюць у Эўразьвяз. Асабіста я чуў такую лічбу: кожную хвіліну з Афрыкі і Азіі 24 новыя чалавекі бягуць у напрамку Эўропы. Не сакрэт, што ў Турэччыны шмат сяброў, але гэтаксама і шмат ворагаў. Таму такія захады могуць быць і помстай, і папярэджаньнем, і чым хочаш».

Паўгода таму ў цэнтры Стамбулу прагрымеў вялікі выбух, які забраў жыццё больш чым дзясятку турыстаў, перадусім нямецкіх. Пасьля гэтага было яшчэ некалькі тэрарыстычных атакаў, адказнасьць за якія ўзялі на сябе баевікі так званай Ісламскай дзяржавы. Ускосныя прыкметы даюць уладам краіны сьцьвярджаць, што знаёмы почырк прасочваецца і гэтым разам.

І хоць учорашні напад стаў адным з самых крывавых за апошнія гады і паставіў жыхароў Турэччыны перад фактам пэўнай неабароненасьці перад злачынцамі, колькасьць турыстаў у Стамбуле па-ранейшаму вялікая.

У турыстычных месцах заўжды шмат іншаземцаў, нягледзячы нават на патэнцыйную рызыку

Як гаворыць жыхарка Менску Натальля Касянкова, нягледзячы на вышэйшы ўзровень тэрарыстычнай пагрозы, гарадзкія вуліцы па-ранейшаму запоўненыя замежнікамі — горад на сумежжы Эўропы і Азіі прываблівае аматараў старажытнасьці з усіх куткоў сьвету:

«Турыстаў лёгка пазнаць з выгляду, па тыпе адзеньня. На Істыкляль замежнікаў, бадай, больш, чым туркаў. Шмат італьянцаў, гішпанцаў, немцаў; раз-пораз чуваць расейская гаворка, хоць, дзеля справядлівасьці, гэта могуць быць беларусы ці ўкраінцы. У турыстычных месцах заўжды шмат іншаземцаў, нягледзячы нават на патэнцыйную рызыку. Зь іншага боку, няма такога тыпу турыстаў, якія б хадзілі з камэрай і фатаграфавалі ўсё без разбору. Апроч архітэктурных помнікаў, навакольны антураж у іх асаблівага інтарэсу не выклікае. Ня думаю, што нешта прымусіць іх пакінуць краіну дачасна».

Прадстаўнікі беларускіх турапэратараў сьцьвярджаюць, што тэракт ніяк не адбіўся на жаданьні жыхароў Беларусі адпачываць у Турэччыне. Пасьля шэрагу выбухаў у першай палове году і ў адсутнасьць звыклага кантынгенту расейцаў турыстычныя ўлады гэтай краіны вымушаныя былі перагледзець цэнавую палітыку і істотна зьнізіць кошты на туры. Такім чынам, у крызісны для беларусаў год Турэччына стала рэальнай магчымасьцю правесьці вакацыі на выгодным курорце за адэкватныя грошы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG