Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці ўпадзе рубель да даляра пасьля дэнамінацыі? — тлумачыць Злотнікаў


Беларуская валютна-фондавая біржа сышла на вымушаны перапынак. Таргоў ня будзе ні сёньня, ні заўтра, ні пагатоў на выходных, бо біржа рыхтуецца да дэнамінацыі. Курс рубля застанецца нязьменным да панядзелка: 20 053 за даляр, 22 210 за эўра, 312,12 за расейскі рубель. Дакладней, у панядзелак будзе ўжо 2 рублі і яшчэ паўкапейкі за даляр, 2,22 за эўра і тры беларускія капейкі за расейскі рубель.

Ад сярэдзіны лютага беларускі рубель ня проста трымаўся, а нават рос да замежных валют (пасьля таго, як за 2015 год абваліўся ў два разы). Але ці не «абваліць» яго дэнамінацыя?

«Ніякіх надзвычайных падзеяў нібыта не прадбачыцца. Прыродных катастрофаў ці новай напругі ў адносінах з Расеяй таксама. Я ня бачу, каб рэзка нешта зьмянілася, — тлумачыць Свабодзе эканаміст Леанід Злотнікаў. — Калі, вядома ж, улады ня зьменяць парадку абмену валюты ці яшчэ нешта такое. Не справакуюць насельніцтва — дык вялікіх адхіленьняў за чатыры дні не павінна быць».

Леанід Злотнікаў

Леанід Злотнікаў

Злотнікаў згадвае: у 2009 годзе, калі друкаваліся новыя беларускія купюры (таму на іх і стаіць подпіс Пракаповіча), быў вялікі спад эканомікі, рэзкае падзеньне экспарту і паступленьняў валюты. І за апошнія два гады таксама быў вялікі спад экспарту і валютных паступленьняў.

Беларуская эканоміка дасягнула дна. Ці пастукаюць зьнізу?

«Дык спад ужо адбыўся ў мінулыя гады, — рэзюмуе ён. — Цяпер насельніцтва прадае валюту, ня думаю, што пасьля дэнамінацыі людзі перастануць прадаваць валюту. Не відаць, каб нейкія фактары, якія ўплываюць на курс даляра, за 4-5 дзён паўплывалі на яго».

Пасьля таго, як Вялікая Брытанія прагаласавала за выхад з Эўразьвязу, курс брытанскага фунту ўпаў да іншых валют на 7-10%. Ці не паўплывае Brexit на рост даляра і эўра да беларускага рубля? Злотнікаў так ня думае: асноўныя валюты, што паступаюць у Беларусь ад экспарту, — гэта эўра, даляр і расейскі рубель, але ня фунт. Дый перавароту ў брытанскай эканоміцы пакуль не было: вынікі рэфэрэндуму былі «шокавымі і нечаканымі», таму і ўпала валюта, а што будзе з брытанскімі банкамі ў доўгай пэрспэктыве (выйсьці з ЭЗ Вялікая Брытанія павінна за два гады).

«Гэта такі сытуацыйны ўсплёск, які на нас не паўплывае, я думаю. Да нас ён не дакоціцца», — прагназуе Злотнікаў.

XS
SM
MD
LG