Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Крамлёўска-гішпанская мафія


Рарсейскія і грузінскія крымінальнікі на судзе ў Мадрыдзе 14 сакавіка сёлета.

Рарсейскія і грузінскія крымінальнікі на судзе ў Мадрыдзе 14 сакавіка сёлета.

У Гішпаніі па падазрэньні ў адмываньні грошай зноў затрыманыя расейцы, магчыма, зьвязаныя з атачэньнем Уладзімера Пуціна.

Праваахоўныя органы Гішпаніі разграмілі чарговую так званую расейскую «пральню». Яна, як паведамляецца, за апошнія гады адмыла ў гэтай краіне ня менш 62 мільёнаў эўра, атрыманых у выніку незаконнай дзейнасьці ў Расеі. Пры гэтым гішпанцы сьцьвярджаюць, што затрыманыя па падазрэньні ў адмываньні грошай асобы зьвязаныя з функцыянэрамі пракрамлёўскай партыі «Адзіная Расея».

У ходзе апэрацыі, якая праводзілася ў мінулы аўторак з 6 гадзін раніцы на ўсходзе Гішпаніі ў правінцыі Тарагона, былі затрыманыя восем чалавек: шасьцёра грамадзян Расеі, адзін украінец і адзін гішпанец, які аказваў затрыманым юрыдычныя паслугі. Гішпанская жандармэрыя, якая праводзіла апэрацыю па распараджэньні Трэцяга сьледчага аддзелу суду горада Рэўс, правяла таксама 19 ператрусаў у дамах затрыманых і ў офісах чатырох кампаній. Усяго ў апэрацыі былі задзейнічаныя 180 гвардзейцаў. Канфіскаваныя дакумэнты, заблякаваныя 142 банкаўскіх рахункі, накладзены арышт на 191 адзінку нерухомасьці — кватэры і катэджы.

— Гаворка ідзе пра найважнейшую апэрацыю, падчас якой удалося абясшкодзіць злачынную сетку. Гэтая апэрацыя дазволіла ідэнтыфікаваць і мафіёзныя сувязі злачынцаў. Наша задача — ліквідаваць падобныя арганізацыі, — заявіў прадстаўнік Грамадзянскай гвардыі Фаўстына Дыяс.

Прозьвішчы затрыманых у Тарагоне не агучваюцца. Тым ня менш прадстаўнікі Грамадзянскай гвардыі сьцьвярджаюць, што частка расейцаў мела сталы від на жыхарства ў Гішпаніі, а частка наведвалася сюды пэрыядычна. Усе яны падазраюцца ў адмываньні буйных грошай, атрыманых у Расеі ад незаконнай дзейнасьці. Грошы ўкладваліся ў асноўным у нерухомасьць, а для іх «адмываньня» выкарыстоўваліся розныя крэдытна-фінансавыя ўстановы, разьмешчаныя як у Гішпаніі, гэтак і ў афшорных зонах, у тым ліку ў Андоры. Адзначаецца, што затрыманыя карысталіся таксама паслугамі нейкіх міжнародных спэцыялістаў па частцы адмываньня капіталаў, якія вядомыя дзякуючы сваім сувязям з калюмбійскімі наркакартэлямі.

«У нашай краіне ў адпаведнасьці з законам пад „адмываньнем“ капіталаў маецца на ўвазе набыцьцё маёмасьці або ўкладаньне ў легальны бізнэс сродкаў, атрыманых у выніку злачынных дзеяньняў, з мэтай схаваць паходжаньне гэтых сродкаў і сысьці ад пакараньня за зробленае, — нагадвае член мадрыдзкай калегіі адвакатаў Мануэль Вэласка. — Пад закон трапляюць як дзеяньні ўладальнікаў падобных капіталаў, так і асобаў, якія дапамагаюць ім легалізаваць злачынныя грошы. Пры гэтым закон выкарыстоўваецца і ў дачыненьні да грамадзян, якія ўчынілі свае дзеяньні ў Гішпаніі або ў якой-небудзь іншай краіне».

Па словах прадстаўніка Грамадзянскай гвардыі Фаўстына Дыяса, грошы адмываліся ў інтарэсах некалькіх буйных крымінальных груповак Расеі, якія практыкуюць, нароўні зь іншымі злачынствамі, рэйдэрскі захоп прадпрыемстваў і кампаній. Добра інфармаваныя газеты El Mundo і ABC, спасылаючыся на свае кантакты ў праваахоўных органах, наўпрост кажуць пра піцерскую «тамбоўскую» і маскоўскую «таганскую» групоўкі, якія супрацьстаяць адна адной.

Падчас апэратыўных мерапрыемстваў перад затрыманьнем падазраваных, у тым ліку па выніках тэлефонных праслухоўваньняў, было высьветлена, што яны маюць сувязі, як адзначае El Mundo, у вышэйшых сфэрах расейскай улады. Прозьвішчы гішпанская прэса не называе, аднак сьцьвярджае, што гаворка ідзе пра буйныя фігуры з партыі «Адзіная Расія». Яны, нібыта, ня толькі падтрымлівалі тэлефонныя кантакты з затрыманымі, але і «прыяжджалі да іх у госьці ў Гішпанію на выходныя».

— Арганізаваная злачыннасьць, мафія — гэта пагроза любой дзяржаве. І на гэты конт ёсьць некалькі тлумачэньняў. Бо гаворка ідзе пра сувязь крымінальных элемэнтаў з дзяржаўнымі дзеячамі высокага рангу, здольнымі ўплываць на палітыку і эканоміку краіны. Злачынцы фактычна атрымліваюць доступ да кантролю над цэлымі галінамі эканомікі. Сувязі гарантуюць ім поўную беспакаранасьць пры ажыцьцяўленьні незаконнай дзейнасьці, — адзначае супрацоўнік газэты ABC, аўтар кнігі пра расейскую мафію пад назвай «Слова злодзея» Пабла Муньёс.

Інфармацыя пра тое, што падазраваныя ў злачыннай дзейнасьці расейцы валодаюць на радзіме высокімі сувязямі, не зрабілася ў Гішпаніі сэнсацыяй. Да прыкладу, у Нацыянальнай судовай палаце краіны да гэтага часу ў вытворчасьці знаходзіцца справа аб адмываньні капіталаў, пачатая яшчэ ў 2008 годзе паліцэйскай апэрацыяй пад кодавай назвай «Тройка». А фігурантамі гэтай справы, акрамя некалькіх крымінальных аўтарытэтаў, зьяўляюцца дзеючыя і былыя вышэйшыя службовыя асобы з асяродзьдзя, як адзначае газета La Razon, прэзыдэнта Пуціна.

Гэта дэпутат Дзярждумы Ўладзіслаў Рэзьнік, генэрал-палкоўнік паліцыі Мікалай Аулаў і былы намесьнік старшыні Сьледчага камітэту Расеі Ігар Сабалеўскі. Усе яны, як сьцьвярджае гішпанская пракуратура, «фактычна зьяўляліся членамі злачыннай групоўкі і нават адыгрывалі ў ёй ключавую ролю, паколькі спрыялі злачыннаму бізнэсу, засьцерагалі яго ад канкурэнтаў і расейскіх праваахоўных органаў, атрымлівалі за гэта грашовае ўзнагароджаньне або карысталіся паслугамі злачыннай супольнасьці».

У траўні Аулаў, Рэзьнік і Сабалеўскі былі абвешчаныя гішпанцамі ў міжнародны вышук. Зрэшты, Уладзіслаў Рэзьнік пагадзіўся супрацоўнічаць са сьледзтвам, а таму з вышуковага сьпісу быў выключаны. У матэрыялах справы ад 2008 году сярод «кантактаў» раскрытай злачыннай групоўкі называюцца таксама, у прыватнасьці, экс-міністар абароны Анатоль Сердзюкоў, былы прэм’ер Віктар Зубкоў, экс-міністар сувязі Леанід Рэйман, дзеючы віцэ-прэм’ер расейскага ўраду Дзьмітрый Козак і кіраўнік падкантрольнага дзяржаве Ашчадбанка Герман Грэф.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG