Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пажар на «Паліміры»: «Людзі гавораць, што тут другі Чарнобыль»


Фота, зробленае адным з работнікаў «Паліміру» 18 чэрвеня

Фота, зробленае адным з работнікаў «Паліміру» 18 чэрвеня

18 чэрвеня ў цэху № 104 заводу «Палімір», што належыць таварыству «Нафтан», загарэлася газаразьмеркавальная ўстаноўка.

Тры дні супрацоўнікі МНС ахалоджвалі абсталяваньне, і цяпер цэх гатовы да рамонту ды аднаўленьня працы. Аднак, работнікі кажуць, што рэканструяваць трэба ўсё прадпрыемства, бо інакш яно будзе небясьпечнае для жыхароў Наваполацку.

Жыхары Наваполацку — пра магчымыя наступствы аварыі

Наваполацк зусім блізка

Наваполацк зусім блізка

Ад «Паліміру» да Наваполацку, усяго сем кілямэтраў. І гараджане баяцца, што хоць ніхто і не пацярпеў, пажар можа мець, аднак, небясьпечныя наступствы.

«Форткі зачыняйце і з дому не выходзьце!»

Спадарыня Ганна — адна з тых, хто пільна сочыць за навінамі з прадпрыемства:

«Сёньня выйшлі на праходку з унучкай — першы раз за апошнія дні. Але ж на душы неспакойна. Бо ў суботу над «Палімірам» стаяў слуп агню вышынёй пад 4 мэтры! Потым паведамілі, што пажар праз паўтары гадзіны патушылі, аднак «ратавальнікі» працавалі яшчэ колькі часу — вытворчую ўстаноўку трэба было ахалоджваць. І стаяў нейкі смурод. Перш вялікі, потым меншы і меншы. Што за смурод? Хто яго ведае! Мой зяць працуе на «Паліміры». Дык ён патэлефанаваў пасьля аварыі і сказаў: «Форткі зачыняйце і з дому не выходзьце!»

«Пра здарэньне ходзяць плёткі, бо людзі ня ведаюць праўды»

Прадпрыемства «Палімір»

Прадпрыемства «Палімір»

На вуліцы Маладзёжнай — цэнтральнай вуліцы Наваполацку — як заўсёды людна. Не ўсе людзі баяцца небясьпекі. Спадар Віталь рамантуе сваё аўто, і толькі гэта яго цяпер турбуе:

«МНС спрацавала як мае быць! А людзі ў нас панікёры: кажуць ім, што ўсё добра — дык жа ня вераць! Тут плёткі хадзілі і што 28 чалавек загінула, і што моргі ўсе поўныя, і што выбухнулі ёмістасьці з вадародам, і што тут другі Чарнобыль, і што праўды нікому не кажуць... Наконт смуроду скажу так. Людзі жывуць каля хімічнага прадпрыемства, а хочуць, каб пах быў, як ад ружаў! Хочаце — едзьце ў вёску і працуйце там, на сьвежым паветры. Толькі ня плачце па заробках! Карацей, калі хочаце „страшылак“ — распытайце бабулек каля пад’ездаў!»

«Мог адбыцца выбух, пажар тушылі больш за гадзіну»

Наступным выпадковым суразмоўцам стаў супрацоўнік адміністрацыі «Паліміру», які адмовіўся назваць сваё імя, але пагадзіўся на камэнтар:

«18 чэрвеня ў 13.12 загарэлася газаразьмеркавальная ўстаноўка, у 14.22 пажар быў лякалізаваны. На шчасьце ўдалося не дапусьціць разгермэтызацыі абсталяваньня. Калі б ня гэта — мог бы адбыцца выбух. Чаму ратавальнікі працавалі яшчэ двое сутак? Яны ахалоджвалі канструкцыі, рабілі вадзяную заслону ад пажару і сачылі, каб дагарэлі вуглевадародныя газы. Не разумееце, пра што я кажу? Вам і ня трэба. У нас тут і так зашмат разумнікаў і крытыкаў. А я хачу сказаць, што пэрсанал спрацаваў выдатна, ахвяраў няма, экалягічная абстаноўка ў горадзе нармальная. І адразу была нармальная — нават у першы дзень у атмасфэры шкодных рэчываў не было вышэй за норму!»

«Сапраўдныя наступствы адчуем праз 10-15 год»

Так пажар выглядаў з Наваполацка (фота з сацыяльных сетак)

Так пажар выглядаў з Наваполацка (фота з сацыяльных сетак)

Да размовы нечакана далучаецца яшчэ адзін чалавек, гадоў пад 35, у яўна нэрвовым настроі:

«Вы яшчэ скажыце, што ў гэтым чорным смуродзе шмат вітамінаў! Вам бы толькі людзей супакоіць. А сапраўдныя наступствы, можа, мы адчуем гадоў праз 10-15, калі пачнём мерці ад якой-небудзь анкалёгіі. Хто тады згадае пра пажар на „Паліміры“? Хто будзе адказны?»

Супрацоўнік адміністрацыі гаворыць, што вінаватых шукаюць. З 20 чэрвеня сьледчыя і крыміналісты працуюць над здарэньнем. Прайшла пажарна-тэхнічная экспэртыза, вызначаюць, колькі шкоды зрабіў пажар, правяраюць дакумэнты.

«На „Паліміры“ – абсталяваньне 1960-х гадоў, яно і прычына пажару»

Калі той пайшоў, чалавек, які назваўся Аляксеем, працягвае зь яшчэ большым абурэньнем:

«Зробяць вінаватым адказнага за пажарную бясьпеку. Вось і ўся будзе праверка! Калі ўжо зачыняць гэты злом? На „Нафтане“ дык ня першы год ідзе мадэрнізацыя, а на „Паліміры“ дагэтуль працуе абсталяваньне канца 1960-х! Самаму „малодшаму“ цэху — ужо больш за 30 гадоў, усё псуецца. Хутка лясьнецца, і застанёмся мы без работы! Усе рэсурсы ідуць на „Нафтан“, бо нафта цяпер танная і перапрацоўваць яе выгадна. Але ж і рынак плястмас не стаіць на месцы. Трэба й гэта разумець. У нас — не разумеюць. Знадворку траву косяць і прыгладжваюць да прыезду самі знаеце каго, а ўсярэдзіне рэзрух!»

Аляксей вымае мабільны тэлефон і паказвае відэа пажару. Запіс сьцягнулі з інтэрнэту, і ён шырока разышоўся па Наваполацку.

«Рабочым з „Паліміру“ забаронена расказваць пра аварыю»

Тэрыторыя завода за плотам, на КПП па пэрымэтры – ахова

Тэрыторыя завода за плотам, на КПП па пэрымэтры – ахова

Шмат у каго ёсьць і ўласныя фотаздымкі. Слуп дыму быў відаць здалёк, кажа Аксана, 27-гадовая жыхарка Наваполацку:

«Я ў дэкрэтным, у мяне малое дзіцё, і я анічога ня ведаю, што рабіць, калі на „Паліміры“ ці „Нафтане“ нешта сур’ёзна бухне! Нядаўна на гарадзенскім „Азоце“ быў выбух, і таксама начальства даказвала, што ўсё нармальна, і ніякіх наступстваў ня будзе. У нас на „Паліміры“ ужо другі раз такое здараецца. Цяпер 104-ты цэх, а ў красавіку гарэў 105-ты. Быў выкід этылену. Дарэчы, і летась у верасьні ў 105-м цэху была надзвычайная сытуацыя, спрацавала аварыйнае спыненьне працэсу. Мой муж працуе на „Паліміры“: кажа, што ім забаронена дзяліцца якімі-колечы зьвесткамі і выкладаць у інтэрнэт фотаздымкі. З аднаго боку, я разумею — каб не замінаць расьсьледаваньню. А з другога — хто ж дазволіць паніку рабіць? Асабліва перад выбарамі».

***

«Палімір» выпускае поліэтылен высокага ціску, прадукты арганічнага сынтэзу, вуглевадародныя фракцыі, малатанажную хімію. Таму, на вытворчасьці прадпрыемства ўвесь час праходзяць складаныя хімічныя працэсы, якія без належнага дбаньня могуць стаць небясьпечныя.

У Наваполацку на «Нафтане» і «Паліміры» працуе каля 65-70% насельніцтва. Таму ўсе суразмоўцы просяць не фатаграфаваць іх для СМІ. Шмат карыстальнікаў сацыяльных сетак камэнтуюць здарэньне на «Паліміры» пад псэўданімамі. Гэта найперш тыя, хто зьвяртае ўвагу на праблему састарэлага абсталяваньня, якое лічаць галоўнай прычынай пажару.

Заявы кіраўніцтва пра тое, што прычын для хваляваньня няма, многія ўспрымаюць скептычна. Камэнтары кплівыя — нават у форме сатырычных вершаў.

Пра аварыю — у вершах (сацыяльная сетка «Одноклассники»)

Пра аварыю — у вершах (сацыяльная сетка «Одноклассники»)

Гараджане старэйшага веку ўспамінаюць, што яшчэ ў другой палове 1980-х у Наваполацку быў ці ня самы магутны на прасьцягах СССР экалягічны рух. І патрабавалі нават закрыцьця «Паліміру», расказвае спадар Уладзімір:

«У савецкія часы на прыродаахоўныя мерапрыемствы ўвагі зьвярталі мала. Заводы давалі прыбытак, а на выкіды кіраўніцтва не зважала — у КПСС былі іншыя задачы і лёзунгі. Але аднойчы неабыякавыя гараджане абнародавалі сэнсацыйныя факты — што на галовы жыхароў Наваполацку штогод падаюць цэлыя тоны шкодных выкідаў! Абурэньню не было межаў, у Наваполацку зьбіраліся шматтысячныя мітынгі. Вельмі яркім, харызматычным лідэрам быў „паліміравец“ Генадзь Маісееў. Ён быў выдатны прамоўца, яго слухалі, яму верылі. Актывістам экалягічнага руху быў Анатоль Кулік — таксама з „Паліміру“. Былі яшчэ сьмелыя людзі. Патрабавалі ачышчальных збудаваньняў, каб ня ўводзіліся новыя магутнасьці... Тады ўлады ня ведалі, што з гэтым усім рабіць! А цяпер навучыліся затыкаць людзям раты. А сабе — вушы, каб ня чуць, што пра іх людзі кажуць!»

Загадка пажару — за высокім плотам

Загадка пажару — за высокім плотам

Наваполацак, які пачалі будаваць у 1958-м годзе, усяго толькі на 10 год старэйшы за «Палімір», узьведзены ў 1968-м. Кажуць, што на прадпрыемстве ёсьць абсталяваньне, якое і працуе з тае пары, дарма што ўсе тэрміны амартызацыі даўно прайшлі. У 2008 годзе прадпрыемства «Палімір», якое паступова прыходзіла ў заняпад, далучылі да больш пасьпяховага ААТ «Нафтан».

Уласна «Палімір» займае тэрыторыю каля 800 гектараў. Увесь Наваполацак усяго толькі ў 6 разоў большы. Ці ня ў кожнай сям’і ёсьць «паліміравец», былы або цяперашні. Таму патэнцыйную небясьпеку ад прадпрыемства з састарэлым абсталяваньнем разумеюць бадай што ўсе. Разумеюць і тое, што грошай на мадэрнізацыю ў краіне са слабой эканомікай няма. Людзі дзівяцца: чаму ў такім становішчы, калі ўвесь час паўтараюцца небясьпечныя здарэньні на «Паліміры», Наваполацак адзначаны на Рэспубліканскай дошцы гонару? Якраз учора ў Менску адбыўся мітынг, дзе «ушаноўвалі пераможцаў рэспубліканскага спаборніцтва, якія дасягнулі найлепшых паказьнікаў у сфэры сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця і эканоміі паліўна-энэргетычных і матэрыяльных рэсурсаў».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG