Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З 21 па 30 чэрвеня ў Менску працуе місія МВФ.

Карбалевіч: Кіраўнік місіі МВФ па Беларусі Пітэр Долман выступіў з публічнай лекцыяй у галерэі TUT.BY, у якой выклаў некаторыя пазыцыі фонду адносна Беларусі і патрабаваньняў да ўлады.


Перамовы аб новай праграме крэдытаваньня МВФ Беларусі ідуць 6-8 месяцаў. Прычым, ідуць яны ў закрытым рэжыме, бакі не паведамляюць грамадзкасьці пра сутнасьць супярэчнасьцяў.

Пасьля перамоваў у Менску у канцы мінулага году беларускія афіцыйныя асобы з аптымізмам паведамлялі, што амаль аб усім дамовіліся, засталіся дробязі і напачатку 2016 году праграма будзе падпісана, і Беларусь атрымае крэдыт. Але потым высьветлілася, што рознагалосьсі апынуліся такімі вялікімі, што перамовы ўвогуле перапынілі. Сёньня ўжо канец чэрвеня, а пытаньне пра новую крэдытную праграму завісла.

Паколькі Беларусь зьяўляецца чальцом МВФ, плаціць унёскі, то фонд паводле дамовы аказвае кансультацыі ўраду

Дарэчы, цяперашняя місія МВФ прыехала ў Менск зусім не для абмеркаваньня пытаньня пра крэдыт. Яе задача — гэта маніторынг эканамічнай палітыкі Беларусі, правядзеньне штатных штогадовых кансультацыяў з уладамі паводле статуту фонду. Паколькі Беларусь зьяўляецца чальцом МВФ, плаціць унёскі, то фонд паводле дамовы аказвае кансультацыі ўраду. Зразумела, што пытаньне аб крэдыце будзе абмяркоўвацца. Але гэта не галоўная задача гэтай дэлегацыі.

На мінулым тыдні першы намесьнік міністра фінансаў Максім Ермаловіч заявіў Reuters, што ўрад Беларусі выканаў усе папярэднія ўмовы МВФ для атрыманьня новага крэдыту. То бок, высьветлілася, што былі папярэднія умовы, што спачатку ўрад Беларусі павінен быў прадэманстраваць сваю гатоўнасьць да рэформаў, і толькі потым фонд гатовы быў весьці перамовы аб крэдыце. Паводле Ермаловіча ў парадку выкананьня гэтых умоваў улады Беларусі, у прыватнасьці, падвысілі тарыфы на жыльлёва-камунальныя паслугі, абмежавалі бюджэтныя выдаткі, ствараюць адзіны антыманапольны орган.

Зь лекцыі спадара Долмана вынікае, што МВФ станоўча ацэньвае прынятыя Беларусьсю захады у сацыяльна-эканамічнай палітыцы. Але МВФ лічыць, што рэформы павінны ісьці хутчэй. То бок, фонд прызнаў, што рэформы ўсё ж ідуць, хоць Лукашэнка ўсяляк бэсьціць само гэта слова.

Адна з прапановаў Фонду — гэта стварэньне спэцыяльнага агенцтва, куды будуць перададзеныя даўгі стратных сельгаспрадпрыемстваў. Таксама МВФ прапануе падвысіць камунальныя тарыфы да ўзроўню самаакупальнасьці, працягваць рэформы пэнсійнай сфэры. Увогуле, сытуацыя з крэдытнай праграмай няпэўная. Няма больш аптымістычных заяваў з абодвух бакоў.

цяпер, калі казаць стратэгічна, беларускае кіраўніцтва больш схільнае пайсьці на ўмовы, якія прапануе МВФ

Цыганкоў: Пры ўсёй няпэўнасьці мне здаецца, што цяпер, калі казаць стратэгічна, беларускае кіраўніцтва больш схільнае пайсьці на ўмовы, якія прапануе МВФ. Да гэтага схіляе і эканамічная сытуацыя ў Беларусі, і эканамічныя адносіны з Расеяй — не проста галоўным эканамічным саюзьнікам, а традыцыйным донарам беларускай эканомікі. Раз за разам беларускія ўлады ў канфліктах пераконваюцца, што Расея ўсё менш схільная выступаць у такой якасьці і наадварот, патрабуе за свае ўсё больш сьціплыя паслугі ўсё больш дабротаў.

Таму беларускае кіраўніцтва вымушанае зьвяртацца ў іншы бок — да Міжнароднага валютнага фонду. Калі не браць вышэйшае кіраўніцтва, а менавіта Аляксандра Лукашэнку, то ва ўрадзе і ў Нацыянальным Банку дастаткова шмат людзей, эканамічныя меркаваньні якіх супадаюць з прапановамі МВФ. Памятаем цытату нават і самога Лукашэнкі, які ня так даўно, некалькі месяцаў таму казаў, што фонд жа не прапануе нічога такога, з чым мы ня згодныя. Усё, што яны прапануюць, гэта карысна, казаў тады Лукашэнка.

ўнутрыбеларуская традыцыя часам пераносіцца на перамовы з МВФ, калі ўлады паводле ёй абяцаюць занадта шмат, разумеючы, што не ўсё яны выканаюць

Праўда, пасьля гэтага перамовы з МВФ фактычна прыпыніліся, і некалькі месяцаў была паўза. Падчас яе, відавочна, Лукашэнка спадзяваўся, што па паслугі МВФ не давядзецца зьвяртацца, паколькі Расея дапаможа справіцца. Але зараз ацэнкі гэтага крызысу сталі больш цьвярозыя. Нядаўна мы ацэньвалі эканамічную праграму, якая была вынесеная на Ўсебеларускі Сход. У ёй была славутая беларуская традыцыя — пісаць нейкія невыканальныя лічбы. 14-15% росту ВУП да 2020 года, калі зараз мы маем рэцэсію, рост даходаў — і гэтак далей.

Гэтая ўнутрыбеларуская традыцыя часам пераносіцца на перамовы з МВФ, калі ўлады паводле ёй абяцаюць занадта шмат, разумеючы, што не ўсё яны выканаюць. І гэта праскочыла ў 2009-2010 годзе, калі МВФ даў крэдыт, а потым абодва бакі прызналі, што Беларусь не выканала ўмовы гэтага крэдыту. Мне здаецца, што другі раз так не пройдзе. На гэта раз МВФ больш строга ставіцца да абавязкаў беларускага боку.

Дракахруст: Мне прыгадваюцца словы Віма Мідлкопа, першага прадстаўніка МВФ, які прыехаў у 1991 годзе ў Беларусь: «МВФ — гэта не аятала прыватызацыі». Вельмі часта ў беларускіх спрэчках малюецца вобраз МВФ як паладзіна капіталізму, які наступае на беларускі сацыялізм з тварам Аляксандра Рыгоравіча і хоча яго разбурыць. І, маўляў, галоўнае патрабаваньне фонду — прыватызацыя, будуйце капіталізм.

«МВФ — гэта не аятала прыватызацыі»

МВФ сапраўды ўвесь час настойвае на структурных рэформах, на тым, што такі велізарны дзяржаўны сэктар — гэта, акрамя ўсяго іншага, проста не эфэктыўна. Але казаць, што гэта цэнтральны пункт патрабаваньняў, галоўная прычына супярэчнасьцяў, мне здаецца, няправільна.

Пра тое сьведчыць вопыт стасункаў МВФ з мноствам краінаў сьвету, у тым ліку і з суседняй Украінай. Ва Украіне рынкавая эканоміка, гэта прызнана і WTO, і іншымі, пераважная частка эканомікі там у прыватных руках. Ну і што, гэта значыць, што яны ўсё выканалі? Не.

Зь імі размова ідзе ў асноўным не пра прыватызацыю, а пра тарыфы, пра дзяржаўныя выдаткі і пра карупцыю. Вось моманты, на якія МВФ у перамовах з Украінай цісьне, чаго дамагаецца. Гэтак жа і з Беларусьсю.

ідэалягічны элемэнт у спрэчках безумоўна прысутнічае, але не ўсё да яго зводзіцца

Для мяне не відавочна, што прыватызацыя і структурныя рэформы — галоўныя спрэчныя моманты. Магчыма, гэта іншыя, даволі балючыя і непрыемныя рэчы, якія можна зрабіць і у межах існай сыстэмы. А гэта замарожваньне заробкаў, гэта жорсткая фінансавая і крэдытная палітыка, якая «нахіляе» дзяржаўныя прадпрыемствы, і гэта тыя самыя камунальныя тарыфы, пра якія спадар Долман на лекцыях TUT.BY наўпрост сказаў. І гэта была хіба не адзіная канкрэтная рэч, пра якую ён там сказаў. Прычым вельмі пэўна — самаакупнасьць, 100% выдаткаў. Украіне гаворыцца тое самае.

Так што спрэчкі паміж беларускім урадам і МВФ адбываюцца ня толькі таму, што беларускі бок не жадае адмовіцца ад сваёй сацыялістычнай «чысьціні». Але і таму, што беларускія ўрадоўцы разумеюць, які палітычны і сацыяльны кошт прапановаў МВФ. Так, ідэалягічны элемэнт у спрэчках безумоўна прысутнічае, але не ўсё да яго зводзіцца.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG