Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МВФ і Эўразійскі фонд разьвіцьця: сацыяльныя абцугі для Беларусі


Апублікаваная крэдытная праграма Эўразійскага фонду стабілізацыі і разьвіцьця (ЭФСР), паводле якой Беларусь атрымала першы транш крэдыту. Яна прадугледжвае скарачэньні на прадпрыемствах і замарожваньне заробкаў. Ці будуць улады яе выконваць?

Цыганкоў: Нагадаем, у канцы сакавіка Беларусь атрымала з Эўразійскага фонду стабілізацыі і разьвіцьця (ЭФСР) першы транш стабілізацыйнага крэдыту памерам 500 млн даляраў. Усяго крэдытная праграма прадугледжвае сем траншаў, у выпадку яе выкананьня Беларусь павінна атрымаць 2 мільярды даляраў. Да таго ж зь пераменным посьпехам працягваюцца перамовы зь іншымі патэнцыйнымі крэдыторамі — МВФ, у чэрвені ў Менску будзе працаваць чарговая місія Фонду.

Днямі была апублікаваная праграма, пад якую ЭФСР выдае пазыкі Беларусі. Рашэньне аб выдзяленьні грошай будзе прымацца крэдыторам на аснове выкананьня Беларусьсю ўмоваў крэдытнай праграмы. ЭФСР адзначае празьмерную ролю дзяржавы ў кіраваньні беларускай эканомікай. Перш за ўсё яны патрабуюць зьмяншэньня інфляцыі, павелічэньня золатавалютных рэзэрваў, зьніжэньня аб’ёмаў дырэктыўнага крэдытаваньня эканомікі.

Крэдытная праграма, у прыватнасьці, прадугледжвае, што палітыка беларускіх уладаў павінна прыводзіць да запаволеньня інфляцыі да 9% — у 2017 годзе, зьніжэньня аб’ёмаў дырэктыўнага крэдытаваньня эканомікі — з 28 трлн у 2016-м да 20 трлн рублёў у 2017-м. То бок будзе патрабавацца зьніжэньне той самай дапамогі дзяржаўным прадпрыемствам, якая цяпер кладзецца цяжарам на бюджэт.

Кожнага пятага працаўніка варта скараціць, каб прамысловасьць працавала эфэктыўна.

Плюс да гэтага фонд заработнай платы бюджэтнікаў, згодна з крэдытнай праграмай, можа расьці ня больш чым на ўзровень інфляцыі. Фактычна гэта азначае замарожваньне даходаў насельніцтва. Таксама праграма прадугледжвае, што да канца 2017 году насельніцтва будзе пакрываць кошт жыльлёва-камунальных паслугаў прынамсі на 70% — цяпер гэтая лічба складае каля 40%.

Паводле крэдытораў, залішняя занятасьць складае ў Беларусі каля 20%. Іншымі словамі, кожнага пятага працаўніка варта скараціць, каб прамысловасьць працавала эфэктыўна.

Такім чынам пытаньне ў тым, ці будуць беларускія ўлады ўсё гэта выконваць ці магчыма, як неаднаразова атрымлівалася ў гісторыі Беларусі, падпісаць нейкую дамову з крэдыторамі, а потым выконваць патрабаваньні часткова альбо не выконваць зусім.

Апошні такі прыклад — гісторыя з крэдытам МВФ, які Беларусь атрымала ў 2009-2010 гадах. Паводле прызнаньня большасьці спэцыялістаў, умовы яго Менск ня выканаў. Але гэтым разам такі фінт беларускім уладам ня ўдасца, паколькі ня толькі «пракляты Захад», Міжнародны валютны фонд, але і крэдыторы з Усходу вылучаюць прыблізна аднолькава салідарныя ўмовы, ідуць у гэтым сэнсе агульным фронтам.

І больш за тое, цяпер у адрозьненьне ад ранейшых гадоў, у самога беларускага кіраўніцтва ёсьць разуменьне неабходнасьці гэтых крокаў. Мы неаднаразова адзначалі, што там ідзе барацьба паміж большымі лібэраламі і кансэрватарамі, але ёсьць такі чыньнік, які дазваляе перамагаць больш лібэральным падыходам — гэта практыка, гэта эканамічны крызіс, нявыкрутка. Па-іншаму не абысьціся.

Здаецца, не такія і супэрстрашныя гэтыя ўмовы. 70% жыльлёва-камунальных выдаткаў — гэта не 100%. І ў цэлым мой прагноз — беларускія ўлады будуць выконваць усе праграмныя ўстаноўкі, якія яны падпісалі, на першым этапе з ЭФСР, а далей і з МВФ.

Дракахруст: Мой прагноз: беларускія ўлады будуць выконваць гэтыя патрабаваньні, але ня ўсе і па-рознаму. Канешне, не такія ўмовы і страшныя, зь іншага боку, ва ўсіх на вачах прыклад Украіны, як там падымаюць камунальныя тарыфы і што там адбываецца з рэйтынгамі ўлады.

Так, аўтарытарная сыстэма не дэмакратыя, тут гэтыя рэйтынгі не настолькі важная рэч. Але як той казаў, гні, гні, не пераламі. Цяперашні беларускі сацыяльны спакой не гарантыя, што ён будзе вечны.

Беларускія ўлады ўмеюць біцца за кожную лічбу і ўмеюць хітрыць.

Варта сказаць, што сёе-тое з гэтых умоваў Беларусь ужо выконвае. 15 мільёнаў рублёў Нацбанк выняў з эканомікі, сьціскаецца грашовая маса, што адбіваецца на інфляцыі — зьніжае яе. Што да росту даходаў насельніцтва, яны і так не растуць, і ўжо даўно. Фактычна з 2014 году калі й ёсьць рост, то вельмі нязначны, а ў апошнія месяцы адбываецца падзеньне нават намінальнага заробку і тым больш рэальнага.

Па гэтай пазыцыі, заробках, умова сфармуляваная даволі жорстка — як мэта: фонд заробкаў бюджэтнікаў павінен расьці не вышэй за тэмп інфляцыі. Я лічу, гэтага будуць прытрымлівацца.

Другі момант — ЖКГ. Тут можа будуць хітрыць, распавядаць, што нехта штосьці «ад балды» напісаў у жыроўках, але збольшага, відаць, таксама будуць выконваць.

Што тычыцца беспрацоўя, то ў праграме сфармуляванае хутчэй пажаданьне, кшталту «а добра было б», але не сказана, што скараціце занятасьць на 20%. Ну а беларускія ўлады ўмеюць біцца за кожную лічбу і ўмеюць хітрыць. Я мяркую, што якраз тут сёе-тое ўсё роўна давядзецца рабіць. Скарачэньні будуць, мы ведаем, што яны ідуць. Але будуць рознае прыдумляць, толькі каб не скараціць так шмат, кожнага пятага.

Бо ціха-ціха, потым будзе як у Казахстане — краіна загарэлася, і ўрэшце давялося ўсё ж рабіць крокі назад. Але не заціхае там канфлікт, там ужо страляюць, як у 2011 годзе, арсэналы спрабуюць захапіць.

Цыганкоў: Калі нічога не рабіць і ў выніку не атрымаць далейшыя траншы ад ЭФСР і МВФ, то вынікі могуць быць яшчэ горшыя. Проста ня будзе грошай на заробкі.

Дракахруст: Будуць хітрыць. Да таго ж мы ведаем, адкуль у ЭФСР грошы і хто тымі грашыма кіруе. Так што пры дапамозе палітычных інструмэнтаў крыху аслабіць гэтыя ўмовы можна, або прынамсі можна паспрабаваць.

Карбалевіч: Так, крэдытная праграма ЭФСР падобная на крэдытную праграму, якой дамагаецца ад беларускіх уладаў МВФ. Усе патрабуюць ад беларускіх уладаў аднаго — сыстэмных рынкавых рэформаў.

Але ў рэальнасьці існуе прынцыповая розьніца ў адносінах да патрабаваньняў гэтых фондаў. Справа ў тым, што ў дачыненьнях Беларусі з ЭФСР існуе вялікі палітычны аспэкт. Значна большы, чым у адносінах з МВФ. У гэтым пытаньні дамінуюць палітычныя дамоўленасьці паміж Менскам і Масквою.

Хачу нагадаць, што і папярэдняя крэдытная праграма ад Антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭС (тады ён так называўся) 2011 году на суму $ 3 млрд таксама прадугледжвала рынкавыя рэформы. Там таксама былі пункты і пра замарожваньне росту заробкаў, і пра поўную аплату насельніцтвам камунальных тарыфаў.

Больш таго, напрыклад, там было запісана, што гэтыя грошы Беларусь атрымае толькі пры ўмове, што за тры гады прадасьць на $ 7,5 млрд сваёй уласнасьці. Але Масква задаволілася толькі прыватызацыяй расейскім «Газпромам» беларускай кампаніі «Белтрансгаз» за $ 2,5 млрд. Большасьць іншых парамэтраў крэдытнай праграмы Беларусь ня выканала, але крэдыты атрымала. Пераважылі палітычныя меркаваньні. Толькі пры выдзяленьні апошняга траншу ў 440 млн даляраў Масква раптам праявіла прынцыповасьць і ня выдзеліла грошы.

Таму і цяпер, думаю, усё будзе залежаць ня столькі ад рэальнага выкананьня ўрадам Беларусі крэдытнай праграмы, колькі ад палітычных стасункаў, ад прыватных дамоўленасьцяў паміж Лукашэнкам і Пуціным.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG