Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мы не рабы. Але працуем пад прымусам


Піянэры працуюць на суботніку

Піянэры працуюць на суботніку

Загналі на суботнік? Адпрацоўваеш разьмеркаваньне? Дырэктар школы папрасіў прапалоць калгасныя буракі? Гэта і ёсьць прымусовая праца.

МЗС скептычна ацаніў высновы аўстралійскай арганізацыі Walk Free Foundation, якая ў сваім Сусьветным індэксе рабства налічыла ў Беларусі 44 600 рабоў. Прэс-сакратар установы Дзьмітры Мірончык назваў справаздачу «забаўным дакумэнтам» і пацікавіўся, ці былі яе аўтары ў Беларусі, пераконваючы, што рабоў тут няма.

Канвэнцыю ААН аб рабстве Беларусь ратыфікавала ў 1956 годзе. Паводле яе рабствам лічыцца стан ці становішча чалавека, над якім ажыцьцяўляюцца атрыбуты права ўласнасьці. Асобна ў канвэнцыі гаворыцца пра гандаль людзьмі.

У прэсу траплялі выпадкі, калі беларусаў перавозілі празь дзяржаўныя межы дзеля сэксуальнай эксплюатацыі ці гандлю чалавечымі органамі. А год таму выявілася, што ў вёсцы Чахаўцы Лідзкага раёну мясцовы прадпрымальнік утрымліваў у гаражы 16 рабоў-віетнамцаў.

Ёсьць і іншая канвэнцыя ААН — Аб прымусовай працы, якую Беларусь ратыфікавала яшчэ ў складзе СССР, а пазьней і як самастойная дзяржава. Прымусовай лічыцца праца, якой патрабуюць ад чалавека пад пагрозай нейкага пакараньня і на якую ён не пагаджаецца добраахвотна.

І прыкладаў прымусовай працы ў Беларусі хапае.

На суботніках

«У нас усе суботнікі „добраахвотна-прымусовыя“. Гэта да бабкі не хадзі, — кажа лідэр Прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці Генадзь Фядыніч. — У нас шмат фактаў. Ты можаш і на гэты суботнік не хадзіць, але „сярэдні“ заробак за дзень павінен пералічыць (дзяржаве. — РС). Чаму я павінен? Каму я павінен?»

Менавіта практыка суботнікаў, знаёмая яшчэ з савецкіх часоў, згадваецца аўтарамі Сусьветнага індэксу рабства як заганная. Слова «суботнік» нават не перакладаецца на ангельскую мову. «Урад працягвае практыку суботнікаў, калі патрабуе ад работнікаў дзяржаўных прадпрыемстваў працаваць у выходныя і аддаваць заробленыя сродкі на фінансаваньне дзяржаўных праектаў, — пішуць у Індэксе. — Кіраўнікі дзяржпрадпрыемстваў і мясцовыя ўлады перасьледуюць і штрафуюць тых, хто адмаўляецца ўдзельнічаць».

У суботніку 23 красавіка 2016 году ўзялі ўдзел 3 мільёны беларусаў. Сам прэзыдэнт працаваў на будаўніцтве стадыёна Дынама.

Разьмеркаваньне пасьля ўнівэрсытэтаў

Абавязковае для студэнтаў-бюджэтнікаў разьмеркаваньне на 1 год пасьля атрыманьня прафэсійна-тэхнічнай адукацыі і на 2 гады пасьля атрыманьня вышэйшай — нішто іншае, як прымусовая праца. Каб атрымаць «свабодны» дыплём, маладыя людзі паступаюць у магістратуры, ідуць у войска і нават бяруць фіктыўны шлюб. Не зьявіцца на працу па разьмеркаваньне азначае сплачваць кошты, выдаткаваныя на навучаньне. А гэта некалькі тысяч даляраў.

Вясковых настаўнікаў «нагрузілі» зьбіраньнем буракоў

Альбо студэнтаў «папрасілі» дапамагчы калгасу, што здаралася яшчэ пару гадоў таму. І тое, і другое не ўваходзіць у абавязкі студэнтаў і настаўнікаў. Дый эфэкт ад такой працы складана назваць здавальняючым.

«Ніхто ня можа прымусіць чалавека ісьці на працу, якая яму непатрэбная і не ўваходзіць у абавязкі той прафэсіі, паводле якой ён працуе, — тлумачыць Генадзь Фядыніч. — А там „зьверху“ спускаюць загад — вывесьці на палі столькі і столькі людзей зьбіраць каменьне ці бульбу. Калі б было дастаткова тэхнікі, то навошта там людзі? Ва ўсім сьвеце так зьбіраюць, а ў нас абавязкова трэба вывесьці людзей. А якая зь іх праца? Як чалавек, які ніколі ў жыцьці не зьбіраў бульбы, будзе працаваць? Калі гэта пад прымусам робіцца, то ніякага эфэкту ад такой працы ня будзе».

Лечаць працай ад алькагалізму

У Беларусі 9 лячэбна-працоўных прафілякторыяў. Сярод іншых эўрапейскіх краінаў толькі мы можам «пахваліцца» такім досьведам лекаваньня алькагалізму — зьмясьціць хворага чалавека ў лягер і прымусіць працаваць. Фатограф з Расеі, пабываўшы ў нашым ЛТП, назвала яго «зьвярынцам» і нават выдала пра гэта кнігу ў Галяндыі.

І прызналі «дармаедам»

Цэнтар занятасьці насельніцтва

Цэнтар занятасьці насельніцтва

Славуты беларускі дэкрэт № 3 «Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства», а прасьцей — «дэкрэт пра дармаедаў» — таксама нішто іншае, як «прымус да працы». На яго беларусы ўжо нават паскардзіліся ў ААН. Кажуць, што ён парушае адразу некалькі канвэнцыяў — Канвэнцыю аб прымусовай і абавязковай працы, Канвэнцыю аб прадухіленьні прымусовай працы, Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах, Міжнародны пакт аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах.

Летась справаздача Дзярждэпартамэнту ЗША паставіла Беларусь у сьпіс краінаў, дзе сытуацыя з прымусовай працай была найгоршай. Сярод аргумэнтаў аўтары справаздачы называлі ўсё тыя ж суботнікі, ЛТП і дэкрэт пра «дармаедаў». Як бачым, прымусовая праца засталася прымусовай. Але —

«Цяпер праблема знайсьці любую працу», — заключае Генадзь Фядыніч.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG