Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзярждэпартамэнт ЗША зрабіў справаздачу аб прымусовай працы і гандлі людзьмі, паводле якой Беларусь апусьцілася ў трэцюю групу — да Зымбабвэ, Емэна, Расеі, Вэнэсуэлы, Паўночнай Карэі ды іншых найменш разьвітых краін сьвету.

Ці падзяляюць у Беларусі ацэнкі Дзярждэпартамэнту адносна сытуацыі ў Беларусі што да прымусовай працы і гандлю людзьмі?

Прэсавы сакратар МЗС Беларусі Дзьмітры Мірончык сказаў Свабодзе:

«Беларускі бок прыняў да ведама даклад Дзярджэпартамэнту ЗША аб барацьбе з гандлем людзьмі ў сьвеце. Гэты даклад выдаецца ў адпаведнасьці з актам Кангрэсу ЗША па абароне ахвяр гандлю людзьмі і зьяўляецца ініцыятывай асобнай дзяржавы. Такім чынам, яго рэкамэндацыі ня маюць міжнароднай юрыдычнай абавязковай сілы. Беларусь у стане самастойна адэкватна ацаніць свае намаганьні ў барацьбе з гандлем людзьмі, і мы ведаем, што ў гэтай галіне мы прасунуліся далёка і займаем зусім не апошнія пазыцыі ў сьвеце, у тым ліку з улікам дадзеных міжнародных арганізацыяў».

У Міністэрстве ўнутраных спраў Беларусі, якое адказвае за барацьбу з гандлярамі людзьмі, падалі статыстыку, паводле якой за паўгодзьдзе колькасьць раскрытых злачынстваў у гэтай сфэры павялічылася на 40% у параўнаньні зь першым паўгодзьдзем летась. Часьцей беларускі «жывы тавар» вывозяць з краіны дзеля занятку прастытуцыяй, у тым ліку ў Нямеччыну і Расею.

Беларускі бок пэўнымі лічбамі аспрэчвае ацэнкі Дзярждэпу ЗША адносна гандлю людзьмі. А што наконт прымусовай працы?

У гэтай галіне, паводле справаздачы Дзярждэпу ЗША, за Беларусьсю «цэлы букет» хібаў: гэта і «дэкрэт аб дармаедах», які пачаў дзейнічаць з 2015 году, і даўняя практыка прымусовага разьмеркаваньня ў ВНУ студэнтаў-бюджэтнікаў, і выкарыстаньне працы «хімікаў» у вытворчасьці і сельскай гаспадарцы, і гэтак званыя суботнікі, калі працаўнікі дзяржаўных прадпрыемстваў і ўстаноў сама меней адзін дзень на год мусяць працаваць задарма.

Гэтыя беларускія рэаліі варта лічыць нацыянальнай асаблівасьцю ці звычайным прымусам людзей, якія апынуліся ў залежнасьці ад дзяржавы?

Лідэр незалежнага прафсаюзу РЭП Генадзь Фядыніч згадаў, што апошні раз у жыцьці браў удзел у суботніку, калі ўсім калектывам яны вырашылі зрабіць рамонт у сваім прафсаюзным офісе. Было гэта тры гады таму восеньню. Што да традыцыйных для Беларусі красавіцкіх суботнікаў на дзяржаўных прадпрыемствах і ўстановах — гэта, на думку прафсаюзнага актывіста, чыстай вады прымусовая праца.

«Бюджэтнікам звычайна кажуць гэтак: мы зь бюджэту атрымліваем грошы, таму немагчыма адмовіцца, мы мусім працаваць. І людзям, якія працуюць на дзяржаву, немагчыма ўхіліцца ад гэтых суботнікаў, бо яны могуць страціць працу. А такіх, хто працуе на дзяржаву, у нас 80%. Нават ведаю, што і недзяржаўным арганізацыям даводзіцца нібыта ўдзельнічаць у тых суботніках, пералічаючы пэўныя сумы, нібыта адпрацавалі. Яны гэта робяць, каб пазьбегнуць дадатковых праверак і непрыемнасьцяў».

Францускі актор Жэрар Дэпардзьё падчас нядаўняга візыту ў Беларусь пахваліў «дэкрэт аб дармаедах», паводле якога на тых, хто год нідзе не працаваў, будзе накладацца вялікі штраф. Незалежны журналіст Павал Канавальчык уключыўся ў перадвыбарчую кампанію беспрацоўнага Юрыя Шульгана, каб падтрымаць ягонае змаганьне з «дэкрэтам аб дармаедах».

Людзі пад пагрозай, што яны страцяць працу і стануць „дармаедамі“, мусяць пагаджацца на такія ўмовы працы і заробкі, ад якіх бы адмовіліся ў іншых варунках

«Тое, што Дэпардзьё сам унікае выплаты падаткаў у сваёй краіне — гэта дастаткова пра яго сьведчыць. Што да „дэкрэту аб дармаедах“, дык гэта ня жартачкі, а вельмі сур’ёзна. Бо такі дэкрэт павялічвае базу для прымусовай працы ў Беларусі. Па-першае, ён парушае Канстытуцыю краіны, дзе запісана, што прымусовай працы ня можа быць, да таго ж служыць такім пудзілам для беларусаў, якія працуюць. Бо людзі пад пагрозай, што яны страцяць працу і стануць „дармаедамі“, мусяць пагаджацца на такія ўмовы працы і заробкі, ад якіх бы адмовіліся ў іншых варунках».

У справаздачы Дзярждэпартамэнту ЗША гаворыцца пра ўжываньне ў Беларусі прымусовай працы як меры пакараньня злачынцаў, а таксама як сродку лячэньня людзей, хворых на залежнасьць ад алькаголю і наркотыкаў.

У чэрвені на судзе ў Пружанскім раёне грамадзкі актывіст Юры Рубцоў абвінаваціў беларускую дзяржаву ва ўжываньні прымусовай працы праз гэтак званую «хімію» — пакараньне частковым абмежаваньнем волі і працай у гаспадарках, якія выбірае міліцыя. Паводле Юрыя Рубцова, «хімікі» зьбіраюць камяні на палетках, каб атрымаць заробак, якога хапае толькі, каб паесьці. Сын Юрыя Рубцова Віктар — беспрацоўны, ён быў на тым судзе, калі ягонаму бацьку далі 2 гады зьняволеньня за ўхіленьне ад «хіміі». Паводле Віктара Рубцова, ня толькі беларускія «хімікі» мусяць працаваць за заробак, якога хапае толькі на ежу.

Пражыць можна толькі-толькі, ні на што іншае, як на ежу, ня хопіць. Гэта сучаснае нявольніцтва

«У нас у Гомелі на „Гомсельмашы“ заробкі па 3, цяпер і па 2 мільёны. Дык што гэта, як не прымусовая праца? Пражыць можна толькі-толькі, ні на што іншае, як на ежу, ня хопіць. Гэта сучаснае нявольніцтва, прычым нават немагчыма забаставаць. Бо калі ты адмовісься выходзіць на працу хаця б на дзень, то наступным месяцам табе ня хопіць грошай, каб пракарміцца, будзеш галадаваць. Гэтак ня толькі на „Гомсельмашы“, але і на іншых заводах. Вельмі сумна з гэтым у Гомелі».

Справаздача Дзярждэпартамэнту ЗША разглядае выкарыстаньне сыстэмы абавязковага разьмеркаваньня выпускнікоў ВНУ ў Беларусі як форму прымусовай працы. Сёлета, паводле Мінадукацыі, на бюджэтнай форме навучаньня атрымалі дыплёмы 29 тысяч былых студэнтаў, зь якіх да 90% маюць прымусовае разьмеркаваньне. Гэта плюс ці мінус? Пытаньне былому рэктару БДУ Аляксандру Казуліну.

«Калі ёсьць добрая адукацыя, дык можна сапраўды прэтэндаваць на добрую працу, а калі адукацыі добрай ужо няма, дык пра што казаць? І другое, калі першае працоўнае месца забясьпечваецца выпускніку пры ягоным жаданьні, гэта заўсёды лепш, чым пад прымусам — я заўсёды за свабоду выбару».

Паводле афіцыйнага прадстаўніка Дзярждэпартамэнту ЗША, пасьля публікацыі справаздачы прэзыдэнт ЗША мае права ўвесьці адносна краін, якія трапілі ў трэцюю групу, санкцыі, не зьвязаныя з гуманітарным і гандлёвым супрацоўніцтвам.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG