Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беспрацоўе — гэта як вайна», — апытаньне ў Магілёве


Апытаньне Свабоды: «Што б вы параілі тым беларусам, якія страцілі працу? Дзе сёньня ў Беларусі можна зарабіць на жыцьцё?». Адказвалі жыхары Магілёва.

Наўпроставы лінк

— Цьвёрдай пэўнасьці і спадзеву. Насамрэч гэта дужа складанае пытаньне. Падзарабіць — нідзе няма. Усе нішы занятыя. Усе беларусы, якія выяжджалі на працу ў бліжняе замежжа, вярнуліся. І яны працу шукаюць і знайсьці ня могуць.

— Я сама студэнтка, на падпрацоўку ўладкавацца не магу. Працоўных месцаў няма. Калі і былі, то скарачаюць. Я б, вядома, хацела зьехаць адсюль. Я вучуся на пэдагога, і ў мяне тут пэрспэктывы ніякай няма. Сама я з аграгарадка, і там таксама працоўных месцаў няма. Усюды скарачэньні.

— Трэба нешта вышукваць. Цэнтар занятасьці добра працуе. У прыватнікаў месцы ёсьць.

— Простую працу, напэўна, нескладана знайсьці, а вось людзям, якія хочуць годна жыць, годна зарабляць за сваю працу, дык складана. Усё ў нас упіраецца ў фінансы. Калі нешта ствараць сваё, патрэбны крэдыт нейкі. А зь ім у нас цяжка. Яшчэ ёсьць нямала перашкод.

— Чуючы размовы, бачу, што пытаньне гэтае складанае. Хто ня можа знайсьці працы — значыць, яму няма за што есьці. Гэта, лічы, вайна. Знайсьці працу, відаць, і можна, але яна будзе на выжываньне толькі.

— Цяпер жа 21 стагодзьдзе, ёсьць шмат варыянтаў, каб падзарабіць у інтэрнэце. Але ж як у Магілёве, то дадатковы заробак знайсьці дужа праблематычна. Калі толькі ёсьць нейкія знаёмцы, якія падкажуць. А калі самаму шукаць, то мала шанцаў, што знойдзеш.

— Працаваць варта — не ленавацца. Я ня думаю, што большая частка тых, хто страціў працу, былі такія добрыя спэцыялісты. Хутчэй за ўсё, звальненьні пачаліся з самых кепскіх работнікаў, якія ўсё парушалі. Трэба згаджацца на тую працу, якую прапануюць, а не на тое, што хочацца.

— Трэба зьвяртацца ў свабодныя прафсаюзы. Бараніць сваё права на працу. У Канстытуцыі прапісана такое паняцьце. Цяпер у нас усё нібыта спакойна. Даюць напаўкрымінальна падзарабіць. Ня плацячы падаткаў. А так чэсна падзарабіць — дык усё ж занята. Куды вы пойдзеце?

— Шукаць працу. Але знайсьці яе дужа цяжка. Ва ўладзе ж «калхознікі», якія ў эканоміцы зусім не разьбіраюцца. Максымум іх пазнаньняў — табліца множаньня. Яшчэ два месяцы, а потым знайсьці працу наагул будзе нерэальна — нават дворнікам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG