Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта зьвярынец» — расейская фатографка выдала ў Галяндыі кнігу пра беларускі ЛПП


Ірына Папова
Ірына Папова

Тысячы хворых на алькагалізм людзей знаходзяцца ў лекава-працоўных прафілякторыях у турэмных умовах.

«Тут частка Эўропы, а тое, што адбываецца за зачыненымі дзьвярыма ў Беларусі, нікому не вядома», — 29-гадовая расейская фатографка Ірына Папова, якая апошнія 5 год жыве ў Галяндыі, распавяла Радыё Свабода, што робіцца зь людзьмі ў беларускім ЛПП.

«Welcome to LTP» — маленькі фотаальбом з татуіроўкай на сьветлай скураной вокладцы, запакаваны ў мэталічную сетку. Так расейская фатографка паказвае досьвед адзінай ў Эўропе краіны, якая лечыць алькагалізм у турмах. На фота — хворыя з выгляду мужчыны ядуць з мэталічнага посуду нешта, чаму няма назвы, аблезлая фарба на брудных сьценах, іржавыя ўмывальнікі, савецкія лёзунгі. «Як толькі выйду — нап’юся», — казалі Ірыне тыя, каго яна здымала.

На мінулым тыдні фотаздымкі Ірыны з ЛПП № 1 Сьветлагорску апублікавала папулярнае брытанскае выданьне The Gardian. Сама сэрыя зробленая яшчэ ў 2008 годзе. Ірына, цяпер ужо ўладальніца шматлікіх прэстыжных фотаўзнагарод, аўтарка рэзанансных праектаў, якая мае зь дзясятак пэрсанальных выставаў у партфоліа, трапіла тады ў Беларусь як штатная фатографка расейскага часопіса «Огонек».

«У канцы 2008 году ў Думе былі размовы, што ЛПП зьбіраюцца аднавіць у Расеі, — распавядае Ірына. — Тады шмат казалі, што алькагалізм уплывае на дэмаграфічную і крымінагенную сытуацыю, што гэта нацыянальная хвароба, і што, магчыма, ЛПП — гэта выйсьце. Савецкая перадгісторыя мне была вядомая, але я даведаліся, што Беларусь — адзіная краіна з усяго былога СССР, дзе такая сыстэма дагэтуль ёсьць».

Зараз у Беларусі 9 лекава-працоўных прафілякторыяў. Раней было шэсьць. Штогод туды трапляюць некалькі тысяч чалавек з тых 180 тысяч, што знаходзяцца на афіцыйным уліку як хворыя на алькагалізм. Ірына пераконвала беларускіх чыноўнікаў, што хоча даведацца пра досьвед Беларусі, які можа быць пераняты ў Расеі.

«Гэта быў адзіны магчымы кантэкст, каб туды трапіць, — распавядае фатографка. — Чыноўнікі ня надта хацелі адкрывацца і паказваць гэтыя месцы. Толькі паперы ад „Огонька“ і вельмі сур’ёзная бюракратычная падрыхтоўка мне дапамаглі».

Каб даехаць да месца здымак, давялося прайсьці празь некалькі колаў беларускай бюракратыі. Зь Ірынай сустракаўся прэсавы-сакратар МУС, высокі чыноўнік, адказны за сыстэму ЛПП, доктар, які распрацоўваў сыстэму лячэньня...

«Натуральна, я ўсімі праўдамі і няпраўдамі казала, што „ўсё гэта вельмі цікава“, выслухоўвала гадзінныя лекцыі, у якіх яны мне распавядалі, „якая ў нас цудоўная, добрая, правільная сыстэма, і як усё працуе“, — кажа Ірына. — Урэшце мяне спыталі, у які ЛПП ты хочаш паехаць. Я адказваю — ну, любы, давайце № 1. Зараз я разумею, што, вядома, мне лепш было б паехаць у жаночы ЛПП, і шкадую».

ЛПП № 1, у які трапіла Ірына, — найстарэйшы ў Беларусі. Яго адкрылі яшчэ ў 1965-м на базе калёніі агульнага рэжыму. Як кажуць тыя, хто там быў, ад прафілякторыю там няма нічога.

«Я была ў гарачых кропках, лягерах уцекачоў, але ў пэнітэнцыярнай сыстэме я была ўпершыню. Так, эмацыйна гэта вялікі шок, — распавядае Ірына. — Гэта проста турма. Чалавек тройчы недзе трапіўся ці на яго наскардзіліся суседзі — і яго забіраюць без магчымасьці абскардзіць. На год ці нават на два. Гэта называецца „прафілякторый“. Мы можам уявіць лекавыя працэдуры, ванны, гразі — гэта прафілякторый. А тое, што там, гэта турма».

Трапіць у ЛПП звычайнаму беларусу сапраўды проста — паводле цяперашніх правілаў, дастаткова тройчы на працягу году трапіцца ў стане алькагольнага ці наркатычнага ап’яненьня.

Установа мае назоў «працоўнай». На здымку Ірыны зьняволеныя мыюць сьцены фабрычнага цэху. Папова кажа, што праца большасьці «некваліфікаваная», рабская і часта абсалютна бессэнсоўная.

«Напрыклад, яны ачышчаюць дрот ад плястыкавай абгорткі, — распавядае фатографка. — А тыя капейкі, якія яны атрымліваюць за сваю рабскую працу, зь іх здымаюць за ўтрыманьне ў прафілякторыі і ўтрыманьне іх дзяцей у дзіцячых установах».

«Вядома, гэта дэпрэсія, прыгнечанасьць, вялікае зборышча мужчын ў адным месцы, якія проста не разумеюць, што яны тут робяць і навошта яны тут. Гэта вельмі сумна», — апісвае фатографка свае ўражаньні ад кліентаў ЛПП, якіх ня ведае як называць — «пацыентамі ці зьняволенымі».

Вядома, гэта дэпрэсія, прыгнечанасьць, вялікае зборышча мужчын ў адным месцы, якія проста не разумеюць, што яны тут робяць і навошта яны тут

Здымкі, якія ўвайшлі ў кнігу, Ірына зрабіла за суткі. Прычым некалькі гадзінаў заняла размова з дырэктарам установы. Абслугоўваючы пэрсанал і кіраўніцтва, кажа Ірына, «захрасьлі ў гэтай сыстэме, як і пацыенты»:

«Са мной увесь час хадзіў ахоўнік. Яны некалькі разоў мяняліся, кантралявалі ўсё, што я здымаю, з кім і пра што размаўляю. Увесь час умешваліся ў размову, указвалі, што мне здымаць, а што не здымаць. Але не адчувалася, што гэта „гестапа“. Стасункі са зьняволенымі своеасаблівыя — жартачкі нейкія. Гэта нібыта ты захрас з кімсьці ў адным ліфце. Ты ня будзеш з гэтым чалавекам змагацца», — распавядае Ірына.

Яна шчыра дзівіцца, што рыхтуючы публікацыю для The Guardian, не знайшла пра «беларускі досьвед» ніякай інфармацыі па-ангельску. Нават ангельскую назву для ЛПП — Labour Treatment Profilactorium — давялося ўводзіць самой. Ірына кажа, што толькі 5% пацыентаў пасьля ЛПП перастаюць піць, і гэта так званая «афіцыйная статыстыка». Пра тое, што ЛПП ня лечыць, кажуць і дактары-нарколягі і праваабаронцы, але ЛПП у Беларусі робіцца ня менш, а больш.

Сама сыстэма прызнае, што яна неэфэктыўная, але яна ня ведае іншага выйсьця

Ірына кажа, што праект выстаўляўся за мяжой, у тым ліку і ва ўстановах, дзе лякуюць ад залежнасьці. Пабачанае на фота адмыслоўцаў шакавала.

«Краіна аўтарытарная, ёсьць задача проста ізаляваць гэтых людзей ад грамадзтва. Для грамадзтва гэта хворыя, кончаныя людзі. Іх зьмяшчаюць у гэты зьвярынец не для таго, каб вылекаваць».

Вяртацца з такога ЛПП можа быць горш, як з турмы, мяркуе Ірына.

«За год чалавек проста поўнасьцю выпадае з соцыюму. Ён вяртаецца як пасьля турмы. Але гэта яшчэ горш, бо яны ж не злачынцы. Яны вяртаюцца, ім складана, бо гэта кляймо. Калі ты ўжо аднойчы выпаў, трэба яшчэ больш працы, каб ізноў убудавацца. І ніхто ім у гэтым не дапамагае, а самі яны ня ў стане», — тлумачыць яна.

Калі ты ўжо аднойчы выпаў, трэба яшчэ больш працы, каб ізноў убудавацца. І ніхто ім у гэтым не дапамагае, а самі яны ня ў стане

«Огонек» рэпартаж Ірына Паповай так і не апублікаваў. «Для іх ён быў занадта «чарнушны», — тлумачыць дзяўчына. — Да такога яны не былі гатовыя. Нават калі ёсьць праблемная гісторыя, там мусіць быць нейкі прасьвет. А ў гэтай гісторыі няма аніякага прасьвету. А калі прасьвету няма, то «навошта нагружаць нашых чытачоў, якім і так цяжка жыць».

Але паводле сёлетняга апытаньня Левада-цэнтру, 80% расейцаў хочуць, каб ЛПП у Расеі былі адноўленыя.

Сама Ірына кажа, што ЛПП нагадваюць ёй Беларусь і згадвае вядомы афарызм «пра грамадзтва мяркуюць па ягоных турмах».

«Гэта абсурдная сыстэма, дзе няма эфэктыўнасьці, усё існуе па накатанай. Гэта кажа ў тым ліку і пра тое, што грамадзтва не спрабуе само сябе палепшыць, гаварыць пра свае праблемы, — кажа яна. — Я шмат разоў камунікавала зь беларусамі, была шмат разоў у Беларусі. Цудоўна разумею, што людзям далей жыць у гэтай краіне — і навошта выступаць? Я была ў той момант, калі ўсіх мужчынаў выклікалі здаваць адбіткі пальцаў нібыта з-за тэракту. Але гэта проста было трэба, каб праверыць усіх. Я была ў шоку і ўсе вакол былі ў шоку. Але ўсё адно ўсе пайшлі здавацца».

Ірына кажа, што нічога ня ведае пра тое, як адказныя за ЛПП у Беларусі паставіліся да яе праекту. Пры спробе журналіста датэлефанавацца па некалькіх нумарах, замацаваных за ЛПП № 1 г. Сьветлагорску, замест гудкоў гучаў вальс Ёгана Штраўса.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG