Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лёс санкцыяў ЗША вырашыцца пасьля парлямэнцкіх выбараў у Беларусі, — Скот Роланд

  • БелаПАН

Скот Роланд

Скот Роланд

Канчатковае рашэньне пра лёс санкцыяў ЗША ў дачыненьні да Беларусі будзе прынятае па выніках парлямэнцкіх выбараў.

Пра гэта заявіў часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Скот Роланд у праграме «Буйным плянам», якая была паказаная ўвечары 31 траўня на тэлеканале «Беларусь 1».

Дыплямат не пагадзіўся з тым, што ў адносінах паміж Беларусьсю і Злучанымі Штатамі Амэрыкі цяпер адбываецца працэс перазагрузкі.

Я думаю, што нашы адносіны, хоць за апошнія гады былі ня самыя лепшыя, але таксама не былі на такім нізкім узроўні, што трэба карыстацца словам «перазагрузка».

«Перазагрузка прадугледжвае, што мы неяк пачынаем з нуля. Я думаю, што нашы адносіны, хоць за апошнія гады былі ня самыя лепшыя, але таксама не былі на такім нізкім узроўні, што трэба карыстацца словам «перазагрузка», — цытуе Роланда БелаПАН.

Кажучы пра магчымасьць поўнага зняцьця санкцыяў, дыплямат заявіў, што ЗША хочуць бачыць у Беларусі прагрэс у галіне дэмакратыі і правоў чалавека. «Гэта асабліва важна ў гэтым годзе, летам і восеньню, калі будуць парлямэнцкія выбары. І мы даволі выразна сказалі, што хочам бачыць яшчэ прагрэс у гэтай галіне. І пасьля гэтых выбараў паглядзім, як далей», — сказаў ён.

Роланд адзначыў, што лічыць прынцыпы АБСЭ ў адносінах да выбараў «залатым стандартам для нас усіх», і ў ЗША ўважліва сочаць за аналізам выбараў у розных краінах з боку Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЭ. «Я думаю, што ні ў якой краіне ў сьвеце няма дасканалай выбарчай сыстэмы. Мы павінны імкнуцца да ідэалу, але мы людзі, а людзі памыляюцца», — лічыць часовы павераны.

Пры гэтым ён адзначыў, што пры ацэнцы любых выбараў назіральнікамі БДІПЧ у аснову заўсёды ставіцца іх празрыстасьць. «Я думаю, што і для вашых выбараў у парлямэнт у гэтым годзе [гэта актуальна]», — заявіў дыплямат.

Адзначаючы пацяпленьне ў адносінах паміж Беларусьсю і Злучанымі Штатамі, Роланд, дыпмісія якога заканчваецца ў ліпені, сказаў:

Мы ўсе бачылі магчымасьці ісьці да нейкіх паляпшэньняў у адносінах нашых краінаў. Я рады, што гэты працэс пачаўся.

«Я рады, што тут быў у гэты пэрыяд. І мы ўсе гралі ролю ў гэтым — і Міністэрства замежных спраў, і эўрапейскія дыпляматы, і нашы дыпляматы, у Брусэлі і Вашынгтоне. Мы ўсе бачылі магчымасьці ісьці да нейкіх паляпшэньняў у адносінах нашых краінаў. Я рады, што гэты працэс пачаўся. Але я думаю, што перад намі яшчэ даволі далёкі шлях. Мы гатовыя, я спадзяюся, ісьці далей».

29 красавіка ЗША працягнулі прынятае пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі рашэньне аб зьмякчэньні санкцыяў у дачыненьні да беларускіх прадпрыемстваў да 31 кастрычнiка 2016 году. Санкцыі ў дачыненьні да шэрагу беларускіх прадпрыемстваў былі ўведзеныя на падставе ўказу прэзыдэнта Джорджа Буша ад 16 чэрвеня 2006 году ў сувязі з парушэньнем правоў чалавека ў Беларусі і з тых часоў пэрыядычна падаўжаліся. У санкцыйны сьпіс уваходзяць «Беларускі нафтавы гандлёвы дом», канцэрн «Белнафтахім», Belneftekhim USA Inc., ААТ «Белшына», ААТ «Гродна Азот», ААТ «Гродна Хімвалакно», ААТ «Лакафарба», ААТ «Нафтан» і ААТ «Полацк-Шкловалакно».

18 траўня на сустрэчы з журналістамі па выніках чарговага візыту ў Менск намесьнік памочніка дзяржсакратара ЗША па справах Эўропы і Эўразіі Брыджыт Брынк паведаміла, што ЗША зноў заклікаюць беларускія ўлады распачаць крокі для паляпшэньня сытуацыі ў сфэры дэмакратыі і правоў чалавека. Камэнтуючы рашэньне аб працягу зьмякчэньня санкцыяў, Брынк адзначыла:

Брыджыт Брынк

Брыджыт Брынк

«Гэтая мера носіць абмежавальны характар і залежыць ад далейшага разьвіцьця падзей». На ўдакладняльнае пытаньне БелаПАН, ці будуць адмененыя санкцыі, калі БДІПЧ АБСЭ станоўча ацэніць правядзеньне заплянаваных на 11 верасьня парлямэнцкіх выбараў у Беларусі, прадстаўнік Дзярждэпартамэнту адказала:

«Мы будзем глядзець і ацэньваць высновы БДІПЧ. Безумоўна, гэта будзе вялікім зрухам, калі БДІПЧ дасьць добрую ацэнку выбарам». Начало формы Конец формы

XS
SM
MD
LG