Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колькі кандыдатаў ад апазыцыі будзе ў адной акрузе? Абмяркоўваюць Уладзімер Глод, Ігар Ільяш і Ян Максімюк.

Глод: У перапынку круглага стала па парлямэнцкіх выбарах у Беларусі, які праходзіў у Менску некалькі дзён таму пад эгідай Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы, я спытаў старшыню Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзію Ярмошыну, што, на яе думку, зьяўляецца найбольшай адметнасьцю гэтай выбарчай кампаніі. Яна адказала так: «Мяне зьдзіўляе, што амаль ніхто не гаворыць пра тое, што на гэтых выбарах ня будзе другога туру. Нават тэарэтычна яго ня можа быць». І дадала:

«Гэтаксама будзе і на наступных мясцовых выбарах, якія пройдуць толькі ў адзін тур. Другі тур у Беларусі захаваўся толькі для выбараў прэзыдэнта».

Тут павінна быць тлумачэньне. На ўсіх папярэдніх парлямэнцкіх выбарах у Рэспубліцы Беларусь незалежна ад таго, куды абіраліся дэпутаты, у Вярхоўны Савет ці ў Палату прадстаўнікоў, закон прадугледжваў два туры выбараў. Бо, каб стаць дэпутатам, прэтэндэнту патрэбна было ня толькі абыйсьці ўсіх іншых супернікаў па выбарчай акрузе, але і выканаць яшчэ адну абавязковую ўмову — набраць ня меней за 50% плюс 1 голас выбарцаў. Калі галасоў было меней, прызначаўся другі тур, як гэта было, напрыклад, пры абраньні Вярхоўнага Савету 13 скліканьня.

Гэта тэорыя. А на практыцы кандыдаты ў Палату прадстаўнікоў чамусьці ўсе набіралі неабходную колькасьць галасоў ужо ў першым туры. І гэта быў моцны доказ для міжнароднай супольнасьці на карысьць таго, што гэтыя праўладныя дэпутаты не абіраліся, а прызначаліся.

А на практыцы кандыдаты ў Палату прадстаўнікоў чамусьці ўсе набіралі неабходную колькасьць галасоў ужо ў першым туры. І гэта быў моцны доказ для міжнароднай супольнасьці на карысьць таго, што гэтыя праўладныя дэпутаты не абіраліся, а прызначаліся

Асечка адбылася толькі на апошніх выбарах у Палату прадстаўнікоў у 2012 годзе ў Навабеліцкай акрузе. Там балятаваліся два кандыдаты: памочнік прэзыдэнта — галоўны інспэктар па Гомельскай вобласьці Ігар Пракапенка і кандыдат ад Лібэральна-дэмакратычнай партыі Сяргей Мельнікаў. За два тыдні да галасаваньня Пракапенка зьняўся з выбараў, паколькі яго вызвалілі ад пасады памочніка (афіцыйна без тлумачэньня, а неафіцыйна ў сувязі са скандальнай гісторыяй пра махінацыі з кватэрамі). І што ж у выніку атрымалася? У 109 са 110 акругах дэпутатаў «абралі» у першым туры. І толькі ў Навабеліцкай выбарчай акрузе непраўладны і безальтэрнатыўны кандыдат не набраў неабходнай большасьці (50% + 1 голас). Паводле закону тут павінны былі прайсьці паўторныя выбары. Але яны так і не адбыліся.

Норму пра неабходнасьць абсалютнай большасьці адмянілі яшчэ ў 2013 годзе. І, падобна, пра гэта ўсе забыліся. Але цяпер сытуацыя прынцыпова зьмяняецца. Дастаткова быць проста першым у акрузе і гэта гарантуе дэпутацкае крэсла. На маю думку, у новых умовах апазыцыя проста абавязаная выстаўляць у кожнай акрузе толькі аднаго кандыдата. Калі ж іх будзе два-тры, то галасы выбарцаў, якія хочуць пераменаў «расплывуцца», і кандыдат ад улады, які будзе адзін, лёгка атрымае перамогу. Як мне падаецца, выбарчым камісіям нават будзе прасьцей фальсыфікаваць рэальныя вынікі, у прыватнасьці, можна меней укідваць ня ўлічаных бюлетэняў. Але гэта справядліва толькі пры ўмове, калі галасы на выбарах будуць хоць бы з большага сапраўды лічыцца.

Калі ж сёлетнія выбары пройдуць паводле папярэдніх сцэнараў, то тады, мабыць, маюць рацыю тыя, хто кажа: давайце вылучаць як мага болей кандыдатаў на акругу. Пераможца і так вядомы, а большая колькасьць кандыдатаў азначае і большы час у эфіры, у друку і большы ахоп выбарцаў. А што думаеце пра гэта вы, калегі?

Ільяш: Я думаю, што на пляны апазыцыі скасаваньне другога тура выбараў ніяк не паўплывае. І не таму, што гэтага другога тура дэ-факта ніколі і не было, а таму, што ніякіх плянаў у апазыцыі, як нейкай цэласнай палітычнай сілы, не існуе. Я ня веру, што адзіны сьпіс кандыдатаў ад апазыцыі можа быць у прынцыпе сфармаваны. Палітычнай волі для гэтага ў беларускай апазыцыі няма, хаця такі варыянт (з адзіным сьпісам), на мой погляд, быў бы канешне больш карысным.

Вядома, такі варыянт нічога б не зьмяніў у сэнсе вынікаў выбараў, але б ён палепшыў рэпутацыю апазыцыі хаця б у колах дэмакратычна арыентаванай грамадзкасьці, а таксама стаў бы добрым падмуркам для далейшага супрацоўніцтва апазыцыі. Заявы ж пра тое, што лепш браць масавасьцю — маўляў, чым больш кандыдатаў, тым магчымасьцей для агітацыі і прасоўваньня сваіх ідэй — выглядаюць вельмі недарэчна для чалавека, які ведае гісторыю парлямэнцкіх кампаній у Беларусі.

Практыка паказвае што парлямэнцкія кампанія ў Беларусі ніяк не уплываюць на папулярнасьць апазыцыйных партый і асобных палітыкаў — пра гэта сьведчаць усе сацыялягічныя дасьледаваньні

Практыка паказвае што парлямэнцкія кампанія ў Беларусі ніяк не уплываюць на папулярнасьць апазыцыйных партый і асобных палітыкаў — пра гэта сьведчаць усе сацыялягічныя дасьледаваньні. Сама сыстэма парлямэнцкіх выбараў не дае магчымасьць партыі ці кандыдату істотна павысіць узровень сваёй падтрымкі. Гэта ж не прэзыдэнцкія выбары, калі рэйтынгі кандыдатаў на нацыянальным узроўні ўзьлятаюць проста з самога факту іх удзелу ў кампаніі.

Каб зразумець гэта, дастаткова ўзгадаць гісторыю Тацяны Караткевіч. Усе зь вялікая увагай (а некаторыя і з вялікай сымпатыяй) назіралі за яе ўдзелам у прэзыдэнцкіх выбарах. Шмат хто казаў: маўляў, ну вось, чалавека яшчэ месяц назад ніхто ня ведаў, а цяпер гэта ўжо палітык рэспубліканскага ўзроўню, які мае дастаткова высокія рэйтынгі. Маўляў, цудоўнае пераўтварэньне. То бок, калі яе імя зьявілася ў якасьці патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнта, нават для тых, хто цікавіцца палітыкай, гэта быў абсалютна новы твар, новы чалавек. І гэта пры тым, што за тры гады да гэтага Караткевіч была кандыдатам у дэпутаты на выбарах у Палату прадстаўнікоў. Гісторыя Караткевіча як раз і дэманструе нікчэмны патэнцыял парлямэнцкіх выбараў у пляне павялічэньня сваёй пазнавальнасьці і колькасьці сваіх прыхільнікаў.

Калі ж казаць пра скасаваньне другога тура ў прынцыпе, то я сумняваюся, што гэта неяк паўплывае на парлямэнцкую кампанію. Мяняючы заканадаўства ўлады нават ня столькі спрасьцілі сябе жыцьцё, колькі проста перастрахаваліся на ўсялякі выпадак. А лепш лічыць галасы яны ня стануць.

Максімюк: Я таксама лічу, што гэта тэхнічнае новаўвядзеньне не паўплывае радыкальна на выбарчую кампанію ці на падлік галасоў. Але, наколькі я прыгадваю, ва ўсе мінулыя выбарчыя кампаніі на парлямэнцкіх і мясцовых выбарах абмяркоўвалася пытаньне, ці апазыцыі ўдзельнічаць наогул ў гэтых выбарах, бо выбары, маўляў, і так нічога не вырашаюць. Важныя выбары ў Беларусі — гэта толькі выбары

сытуацыю ў Беларусі можна зьмяніць толькі тады, калі палітык паказваецца электарату, а такія выбары даюць усё ж шанец паказацца шырэйшай аўдыторыі

прэзыдэнта. Я заўсёды ў аналітычных дыскусіях браў той бок, што ў выбарах трэба ўдзельнічаць, і ў мясцовых, і ў парлямэнцкіх, незалежна ад таго, як там лічацца галасы і ці ёсьць там вынікі для апазыцыі ці не. Бо сытуацыю ў Беларусі можна зьмяніць толькі тады, калі палітык паказваецца электарату, а такія выбары даюць усё ж шанец паказацца шырэйшай аўдыторыі.

Прагрэс зараз назіраем такі, што ўсё ж апазыцыя гаворыць пра ўдзел у выбарах, ужо ніхто не гаворыць пра байкот, а пытаньне цяпер стаіць, як ісьці — адным сьпісам ці не. Я быў бы за тое, каб быў адзін сьпіс, бо гэта больш эфэктыўна. У гэтым выпадку менш эфірнага часу для аднаго кандыдата, чым у выпадку сямі, але рэч тут у тым, што ў выпадку сямі кандыдатаў мэсыдж апазыцыі вельмі расьсейваецца і робіцца вельмі невыразным. Пры тым апазыцыя і ня мае настолькі моцных кандыдатаў, якіх можна было б паставіць у 110 акругах па ўсёй Беларусі і свой мэсыдж данесьці да электарату.

XS
SM
MD
LG