Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Не было, ня трэба, але будзе: чыноўнікі пра абмеркаваньне будоўлі на Цнянцы


Плян будаўніцтва

Плян будаўніцтва

10 год таму ў раёне вёскі Цна Менскага раёну вырашылі «сфармаваць спартова-аздараўленчую зону». Чыноўнікі запэўніваюць: такая фармулёўка дае права будаваць комплекс на Цнянскім вадасховішчы без абмеркаваньня і папярэджаньня.

Чыноўнікі Савецкага раёну Менску на старонках minsknews.by адказалі на прэтэнзіі грамадзкасьці наконт будоўлі спарткомплексу і высечкі лесу на Цнянскім вадасховішчы, папулярным месцы адпачынку менчукоў. Згодна з тлумачэньнямі намесьніка старшыні адміністрацыі Савецкага раёну Вадзіма Нікалаенкі, грамадзкае абмеркаваньне не патрэбнае, але будзе.

У 2006 годзе, тлумачыць чыноўнік, быў зацьверджаны плян жылой сядзібнай забудовы вёскі Цна, дзе пазначана, што тэрыторыя падлягае «рэканструкцыі дзеля далейшага фармаваньня спартова-аздараўленчай зоны», а зямлю, дзе вядзецца будоўля, пазьней замацавалі за адным з прадпрыемстваў. Такая фармулёўка, запэўнівае Нікалаенка, дае права не праводзіць грамадзкія абмеркаваньні па «асобных аб’ектах». Сам жа фізкультурна-аздараўленчы цэнтар «прайшоў усе неабходныя ўзгадненьні і экспэртызы, якія пацьвердзілі, што будоўля не парушае нормаў заканадаўства».

Плян будаўніцтва

Плян будаўніцтва

Цяпер, кажа Нікалаенка, праводзяцца працы па карэктаваньні пляну мясцовасьці, і калі ён будзе гатовы, то цягам 2016 году адбудзецца грамадзкае абмеркаваньне. У афіцыйным адказе з камітэту архітэктуры і горадабудаўніцтва Менгарвыканкаму актывісты таксама атрымалі абяцаньне правесьці грамадзкае абмеркаваньне — хоць яно і не патрэбнае і хоць будоўля ўжо ідзе.

«Гэта адназначна парушэньне, бо грамадзкае абмеркаваньне павінна праводзіцца перад пачаткам будаўніцтва і наогул нейкіх працаў, — тлумачыць Свабодзе сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Вольга Маёрава, якая далучылася да грамадзкага пратэсту. — Да таго ж указ прэзыдэнта, які нібы дазволіў гэтае будаўніцтва, не апублікаваны. Гэта таксама заганная практыка, бо яшчэ некалькі год таму большасьць указаў па карэкцыі генпляну не публікавалася, іх ня ведалі нават спэцыялісты, дый цяпер яны публікуюцца з выняткамі».

Сёньня актывісты зноў пойдуць зьбіраць подпісы супраць будаўніцтва. І хоць людзі ня маюць надзеі яго спыніць, распавядае Маёрава, але ахвотна падпісваюць звароты да дэпутатаў, бо хочуць, каб вінаватых пакаралі.

Вы ж ня супраць касьцёла ў Савецкім раёне?

Актывісты маюць пытаньні і да самога палажэньня аб грамадзкіх абмеркаваньнях, прынятага ў 2011 годзе, кажа Маёрава, і адкарэктаванага ў 2014-м на карысьць забудоўцаў. Згодна з гэтым палажэньнем сапраўды існуе сьпіс аб’ектаў, перад будаўніцтвам якіх ня трэба праводзіць грамадзкія абмеркаваньні, але больш глябальны праект дэталёвага плянаваньня павінен быць публічна выстаўлены і падлягае абмеркаваньням.

«Але ўсе гэтыя рэчы пра „недзе нешта некалі будзе збудавана“ — гэта ўсё незаконна. Гэта вельмі падобна да сытуацыі ў парку Катоўка, — кажа актывістка. — Там нібыта праводзілася грамадзкае абмеркаваньне, зьбіралі подпісы, але ў гэтым грамадзкім абмеркаваньні была цікавая фармулёўка: „Ці ня супраць вы будаўніцтва касьцёла на тэрыторыі Савецкага раёну?“ — без прывязкі да тэрыторыі парку. Людзі, вядома, паставілі подпісы, што яны за».

Цяпер той касьцёл будуюць на ці не адзіным месцы адпачынку ў раёне. Падобнае, як мяркуе Маёрава, адбылося і на Цнянцы: не было сфармулявана, што, кім і ў якіх аб’ёмах будуецца, ня быў выстаўлены плян, не былі належным чынам зробленыя пратаколы паседжаньняў камісіі.

«Парушэньняў вельмі-вельмі шмат, і тое, што яны даюць у якасьці адказу, гэта проста адпіска, — кажа актывістка. — Праблема насамрэч глыбейшая. У нас няма сыстэмы мясцовага самакіраваньня. І органы, якія павінны распараджацца тэрыторыяй, знаходзяцца пад кантролем выканаўчай улады. У нашых раёнах у складзе камітэтаў грамадзкага самакіраваньня на 90% — пастаўленыя выканкамамі супрацоўнікі ЖЭСаў. Калі б сыстэма была незалежная і дзейнічала б, пытаньняў бы не ўзьнікала».

А лес сякуць ужо не яны

Будоўля няўхільна зьнішчае лес

Будоўля няўхільна зьнішчае лес

Праект будаўніцтва прадугледжвае мінімальныя страты для мясцовай флёры, сьцьвярджаюць чыноўнікі. Перасадзілі 548 дрэваў, сьпілавалі 170, якія не маглі перасадзіць, вакол комплексу пасадзяць 755 новых дрэваў, а на самой яго тэрыторыі — 34 дрэвы і 160 кустарнікаў. І свае працы па высечцы лесу будаўнікі ўжо спынілі. Цяпер лес сячэ «Менская лясная гаспадарка», і гэта, кажуць чыноўнікі, «усяго толькі санітарная ачыстка хмызьняку, такія правілы ўтрыманьня», іначай у рысе гораду будзе «непралазны лес, разьвядуцца кляшчы».

Будоўля на Цнянскім вадасховішчы

Будоўля на Цнянскім вадасховішчы

«Па-першае, яны ўжо высеклі лес без папярэджаньня, — пярэчыць Маёрава. — Яны павінны былі пра высечку папярэдзіць людзей за тры дні, яны ня мелі права высякаць лес пасьля 16 красавіка. Гаворка ж ідзе пра тое, што зьнішчаецца зялёная зона, а ня толькі сам лес — там жа вялікі кавалак газону і новых пасадак зьнішчаны».

У раёне ўжо ёсьць два фізкультурна-аздараўленчыя комплексы, заўважае яна: адзін з крытымі кортамі на вуліцы Кальцова, другі на Гамарніка з адкрытымі кортамі, футбольнымі палямі і іншымі спартовымі аб’ектамі. А комплекс на Цнянцы — ня толькі спартовы. Там будуць рэстарацыя, бар, паркоўкі, адміністратыўныя будынкі. І гэта актывістка называе «вялізнай нагрузкай на экалёгію».

XS
SM
MD
LG