Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Менчукі сабралі подпісы супраць тэніснага корту на Цнянцы, просяць дазволу на пікет


Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

На беразе Цнянскага вадасховішча ўжо сьпілавалі маладыя дрэвы, узяліся за дарослыя. Мясцовых жыхароў пра гэта не папярэдзілі, не было і грамадзкага абмеркаваньня праекту.

Жыхары Менску і актывісты кампаніі «Генплян для менчукоў» сабралі больш за дзьве тысячы подпісаў грамадзянаў супраць зьнішчэньня парку на Цнянскім вадасховішчы і будоўлі на ягоным месцы тэніснага цэнтру. Подпісы перадалі ў Менгарвыканкам разам з заяўкай на пікет на 27 траўня з 17 да 20 гадзіны ля крамы на вул. Мірашнічэнкі, 3.

Актывісты бачаць цікаўнасьць менчукоў да пытаньня забудовы Цнянскага вадасховішча, але «ня маюць ілюзіяў» наконт таго, што пікет будзе дазволены Менгарвыканкамам. Забудоўнікі сьцьвярджаюць, што зямлю пад корты будаўнікам нібыта ўказам выдзеліў Лукашэнка.

«Па-першае, ніякага ўказу Лукашэнкі няма, ёсьць толькі нейкае ягонае мітычнае распараджэньне ці рэзалюцыя, якое ня могуць паказаць грамадзкасьці, — кажа Свабодзе каардынатар кампаніі „Генплян для менчукоў“ Дзяніс Корбусеў. — Няма закону, які б казаў, што на гэтым месцы трэба будаваць. Па-другое, было дадзенае распараджэньне Менгарвыканкаму, і той мусіў усё зрабіць у адпаведнасьці зь дзейным заканадаўствам, але гэтага зроблена не было. Сама будоўля пачалася без узгадненьня з грамадзкасьцю, а на такі выпадак прадугледжваецца працэдура грамадзкага абмеркаваньня».

Корбусеў кажа, што найбольш актыўна падпісваліся жыхары катэджаў на берагах вадасховішча і жыхары Зялёнага Лугу, але кампанію падтрымала нямала менчукоў і зь іншых раёнаў. Раней актывісты ўжо падавалі скаргу ў пракуратуру Савецкага раёну, але адказу пакуль не дачакаліся.

«Калі пачалася гэтая будоўля, якая можа расьцягнуцца на два гектары, яна ўжо закранула ўвесь краявід Цнянскага вадасховішча. Ужо сьпілавалі маладыя дрэвы, пачалі пілаваць дрэвы, якім шмат дзесяцігодзьдзяў», — кажа актывіст.

Два гектары тэрыторыі выдзелілі год таму будаўнічай кампаніі «Эрыя», якая належыць саўладальніку «Экспабелу» Пятру Сінкевічу. Тут плянуецца збудаваць фізкультурна-аздараўленчы цэнтар з крытымі і адкрытымі тэніснымі кортамі, кортамі для сквошу, пляцоўкамі для пляжнага тэнісу і міні-футболу, 25-мэтровы басэйн, трэнажорныя залі і рэстарацыю.

На Цнянскім вадасховішчы ўжо ёсьць адзін тэнісны цэнтар — УП «Клюб тэнісу», што на скрыжаваньні вуліц Кальцова і Падольскай.

XS
SM
MD
LG