Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Гэта Савецкі Саюз № 2». Што Deutche Welle пабачыла на Астравецкай АЭС


Будаўніцтва беларускай АЭС у Астраўцы

Будаўніцтва беларускай АЭС у Астраўцы

Літва непакоіцца адносна бясьпекі БелАЭС, Беларусь жа пра сваю АЭС гаворыць неахвотна.

Журналісты тэлерадыёкампаніі Deutche Welle пабывалі ў Астраўцы, дзе будуецца Беларуская АЭС. На што яны зьвярнулі ўвагу ў пяціхвілінным матэрыяле?

Deutche Welle адзначае, што жыхары Астраўца мусілі зьмірыцца з распараджэньнем аб будаўніцтве, прынятым у Менску. Процістаяць рашэньню яны баяліся, і цяпер таксама не выказваюцца пра АЭС адкрыта. Ня хочуць размаўляць і будаўнікі, заробак якіх за апошні час упаў з 1000 да 300 даляраў. Тых, хто скардзіцца, звальняюць.

«Жыхары вёскі ня кажуць сваёй думкі па гэтым пытаньні, ва ўсёй Беларусі вы ня знойдзеце нікога, хто зможа адкрыта выказаць сваю думку, усе баяцца, — кажа мужчына на відэа. — Гэта Савецкі Саюз нумар 2».

Ананімны будаўнік распавядае пра «жахлівыя ўмовы» на будаўніцтве і затрымкі зарплаты, дэманструюцца здымкі разбуранай сэкцыі на будаўнічай пляцоўцы — прычынай разбурэньня мог стаць нізкаякасны бэтон ці няправільна разьлічаная статыка. Беларускі бок не разгалошвае падрабязнасьцяў наконт бясьпекі і фінансаваньня АЭС.

«Трывогу выклікае таксама той факт, што тэхнічныя кампанэнты пастаўляюцца расейскім прадпрыемствам, у якога вельмі мала досьведу, бо на працягу 30 гадоў яно ня ўдзельнічала ў будаўніцтве АЭС», — дадае Deutche Welle.

Каля паловы энэргіі з АЭС будзе экспартавацца, заўважае выданьне, і найпрасьцей было б экспартаваць яе ў Літву, мяжа зь якой — за 50 км ад АЭС. Але ўрад Літвы ня толькі не зацікаўлены ў куплі энэргіі зь БелАЭС, але і хоча перашкодзіць яе экспарту ў іншыя краіны Эўразьвязу.

«Мы ведаем пра новую канструкцыю атамнага рэактара, але яна яшчэ нідзе не тэставалася, — кажа міністар эканомікі Літвы Эвальдас Густас. — У „Росатома“ іншыя стандарты. Напрыклад, калі недзе ў сьвеце будуецца АЭС, то ў яе ёсьць абарона на выпадак падзеньня самалёта на рэактар. У Беларусі такога няма».

Да таго ж у выпадку працёку з рэактара ёсьць пагроза для Вільні, бо АЭС стаіць на той самай рацэ.

Літва тым часам сама плянуе збудаваць уласную АЭС у супрацы зь японскай кампаніяй Toshiba:

«Літва — краіна атамнай энэргіі, — дадае міністар. — Мы ня супраць атамнай энэргіі, мы баімся небясьпечнай атамнай энэргіі на мяжы, у непасрэднай блізкасьці ад нашай сталіцы. Бясьпека атамнай энэргіі — для нас гэта пытаньне, якое патрабуе рашэньня».

XS
SM
MD
LG