Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прафсаюзы прапануюць страхаваць ад беспрацоўя


Пра гэта 24 траўня заявіў начальнік упраўленьня сацыяльнага партнэрства і працоўных адносін Фэдэрацыі прафсаюзаў Максім Каршакевіч, паведамляе БЕЛТА.

Фэдэрацыя прафсаюзаў лічыць неабходным узьняць пытаньне аб увядзеньні страхаваньня па беспрацоўі.

— Мы хацелі б, каб праца над распрацоўкай адпаведнага законапраекта пачалася ўжо ў наступным годзе. Думаю, гэта рэальна, каб празь некалькі гадоў гэтая сыстэма запрацавала ў нашай краіне, — заявіў Максім Каршакевіч.

На думку Каршакевіча, гэта дазволіць чалавеку, які страціў працу, пры захаваньні звыклага для яго ўзроўню жыцьця шукаць нейкі час прымальнае для яго працоўнае месца.

Падобная практыка існуе ў многіх краінах сьвету. Напрыклад, у Латвіі дапамога па беспрацоўі разьлічваецца ў залежнасьці ад працягласьці страхавога стажу.

— Калі стаж да 9 гадоў, то дапамога вызначаецца ў памеры 50% ад сярэдняй зарплаты. Калі страхавы стаж 10-19 гадоў — 55%, 20-29 гадоў — 60%, звыш 30 гадоў — 65% сярэдняй зарплаты, — распавяла дырэктар Дэпартамэнту сацстрахаваньня Міністэрства дабрабыту Латвіі Яна Муіжніеце.

Сыстэма выплаты дапамогі па беспрацоўі мае абмежаваную працягласьць, што стымулюе чалавека на актыўны пошук працы.

Афіцыйная колькасьць зарэгістраваных у Беларусі беспрацоўных на 1 красавіка 2016 году складае 53,5 тыс. чалавек, рэальная ж колькасьць людзей, хто мае патрэбу ў працы, на думку экспэртаў, у разы большая.

Паводле справаздачы Статыстычнага камітэту СНД, у Беларусі самы высокі сярод краін Садружнасьці рост беспрацоўя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG