Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Міратворац» апублікаваў чарговы сьпіс журналістаў


Украінскі сайт «Міратворац» апублікаваў чарговы сьпіс журналістаў, акрэдытаваных у самаабвешчанай «Данецкай народнай рэспубліцы». У новым пераліку каля 300 імёнаў.

Як адзначае «Інтэрфакс», у сьпісе з 293 чалавек, у прыватнасьці, журналісты з Швэйцарыі, Францыі, Японіі, ЗША, Сырыі, Польшчы, Нідэрляндаў, КНДР, Кітаю, Італіі, Гішпаніі, Нямеччыны, Вялікабрытаніі, Грузіі, Украіны.

«Украінская праўда» адзначае, што новы пералік адпавядае сьпісу шэф-карэспандэнтаў замежных СМІ, акрэдытаваных пры міністэрстве замежных справаў Расеі (паводле стану на красавік 2016 году).

У пачатку траўня «Міратворац» апублікаваў сьпіс больш за 4 тысячы супрацоўнікаў СМІ, якія маюць акрэдытацыю ў «ДНР». Аўтары публікацыі лічаць, што гэтыя журналісты супрацоўнічаюць з сэпаратыстамі.

Абнародаваньне гэтых зьвестак выклікала рэзкую крытыку з боку журналістаў украінскіх і замежных сродкаў масавай інфармацыі, арганізацыі «Рэпартэры бязь межаў», Камітэту абароны журналістаў, уладаў ЗША і кіраўніцтва Эўразьвязу.

У сувязі з публікацыяй пракуратура Кіеву ўзбудзіла крымінальную справу па артыкуле аб перашкодзе законнай прафэсійнай дзейнасьці журналістаў.

«Міратворац» абвясьціў аб сваім закрыцьці, але потым аднавіў працу.

20 траўня стала вядома аб публікацыі абноўленага сьпісу з 5412 запісаў. «Шмат хто з журналістаў патрабавалі ад нас выбачэньняў, і мы, нарэшце, зразумелі — чаму. З гэтай нагоды калектыў Цэнтру прыносіць свае шчырыя прабачэньні, паколькі сьпіс сапраўды аказаўся ня першай сьвежасьці», — патлумачылі аўтары, публікуючы абноўлены сьпіс. Іх словы прыводзіць «Бі-бі-сі».

Сярод акрэдытаваных пры «ДНР» значыцца Другі нацыянальны тэлеканал Беларусі (акрэдытацыя з 16 красавіка па 18 траўня 2015 году).

У базе дадзеных таксама былі беларусы — гэта фотакарэспандэнт Associated Press Сяргей Грыц і журналіст парталу Tut.by Павал Дабравольскі.

XS
SM
MD
LG