Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алег Аблажэй

Алег Аблажэй

У Вільні на 63 годзе пайшоў з жыцьця мастак, пісьменьнік і грамадзкі дзеяч Алег Аблажэй. Ён нарадзіўся ў вёсцы Лезьнявічы на Дзятлаўшчыне, вучыўся ў мастацкай вучэльні ў Вільні, дзе і пражыў большую частку свайго жыцьця.

Сяргей Дубавец — даўні сябар Алега Аблажэя — кажа:

«У Алега было жыцьцё, вартае раману ці вялікага фільму. Калісьці Тацяна Сапач і пачынала здымаць дакумэнтальнае кіно пад назваю „Бацькава вайна“ — толькі адзін эпізод з Алегавага жыцьця. Рэч у тым, што Аблажэевага бацьку ў вайну вяскоўцы выбралі старастам. І пасьля вайны, каб пазьбегнуць рэпрэсіяў, ён хаваўся на гарышчы ўласнае хаты — цэлых сем гадоў. А калі выйшаў пасьля сьмерці Сталіна на людзі, праз год нарадзіўся Алег. Можна толькі ўявіць сабе атмасфэру ў сям’і, у якой гадаваўся будучы мастак. Але ня стала Тацяны, і фільм не адбыўся. Цяпер вось ня стала і Алега.

Сяргей Дубавец

Сяргей Дубавец

Алег быў надзвычай адораны мастак і літаратар, да таго ж добра адукаваны і старанны. Але, думаю, тая пячатка „Бацькавай вайны“ ляжала на ўсім ягоным жыцьці, на сьветапоглядзе, паводзінах і на творчасьці. Гэта надзвычайная чуйнасьць да кожнага шолаху і шоргату, недавер да ўсяго нетрадыцыйнага, неклясычнага і таму, на першы погляд, незразумелага, здольнасьць мёртвай хваткай трымацца за сваё — чалавечае і нацыянальнае беларускае».

У Літве Алег Аблажэй быў вядомы ня толькі як мастак, але і як грамадзкі дзеяч. Ён прымаў актыўны ўдзел у дзейнасьці «Саюдзіса», супрацоўнічаў зь беларускімі арганізацыямі Вільні. Быў сябрам рады Таварыства беларускай культуры і суполкі мастакоў краін Балтыі «Маю гонар». А нядаўна быў абраны старшынём Цэнтру беларускай культуры ў Вільні, кажа кінарэжысэр і грамадзкая актывістка Вольга Мікалайчык:

Вольга Мікалайчык

Вольга Мікалайчык

«Гэта быў вельмі сумленны і шляхетны беларус, інтэлектуал, літаратар і мастак. Ён быў вельмі разумны і дасьведчаны, і зь ім дачыняцца было адной асалодай — мне было вельмі шкада, што ён не пісаў філязофскіх трактатаў. Іх адносіны з жонкай Хрысьцінай былі ўзорам для перайманьня. Ён умеў выказаць праўду ў вочы, пры гэтым ня скрыўдзіўшы чалавека. Вельмі страшна, што ў гэты цывілізацыйны заняпад для беларускай нацыі адзін за адным у лепшы сьвет сыходзяць лепшыя беларусы. Спачуваю Хрысьціне і ўсёй беларускай супольнасьці — мы страцілі лепшага чалавека, якіх цяпер мала».

Алег Аблажэй — аўтар мастацкіх выяваў да сэрыі кніг беларускіх і замежных пісьменьнікаў і паэтаў, партрэтаў беларускіх і літоўскіх дзеячоў. Ягоныя працы дэманстраваліся на выставах у Літве, Беларусі, Польшчы, Нямеччыне, Эстоніі, Латвіі. Як літаратар Алег Аблажэй супрацоўнічаў зь беларускімі незалежнымі мэдыямі, друкаваўся ў беларускай пэрыёдыцы, быў сябрам Саюзу беларускіх пісьменьнікаў. Намесьнік старшыні саюзу Алесь Пашкевіч узгадвае:

Алесь Пашкевіч

Алесь Пашкевіч

«На жаль, беларуская Вільня сірацее: у постаці Алега Аблажэя мы страцілі і часьцінку нашай Вільні, і беларускага празаіка, і беларускага мастака, і беларускага публіцыста. А ўсё гэта разам — вялікага, харошага, сьціплага чалавека, працаўніка, па-эўрапейску акрыленага, які ведаў, як калі і што перадусім трэба рабіць. Кожная сустрэча зь ім — гэта была падзея. І вечная яму памяць — сябру Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, мастаку, беларусу».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG