Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паклонская пацьвердзіла блякаваньне сайту «Крым.Рэаліі» ў Расеі і Крыме


Падкантрольны Расеі пракурор Крыму Натальля Паклонская заявіла пра блякаваньне доступу да сайту «Крым.Рэаліі».

«Па матэрыялах, сабраных пракуратурай Крыму, Раскамнагляд праводзіць працэдуры па блякаваньні доступу да дадзенага праекту», — паведаміла яна расейскаму агенцтву «ТАСС».

Напярэдадні карыстальнікі ў Расеі і Крыме паведамілі пра блякаваньне доступу да сайту «Крым.Рэаліі».

На сайце Раскамнагляду адзначаецца, што рашэньнем Генэральнай пракуратуры Расеі ад 25 верасьня 2015 году абмяжоўваецца доступ да «Крым.Рэаліі», а рашэньнем ад 30 верасьня таго ж году абмяжоўваецца доступ да старонкі сайту.

Падставай для такіх рашэньняў, як вынікае з інфармацыі Раскамнагляду, зьяўляецца артыкул 15.3 Фэдэральнага закона ад 27 лiпеня 2006 году № 149-ФЗ «Аб інфармацыі, інфармацыйных тэхналёгіях і аб абароне інфармацыі».

Дадзеная заканадаўчая норма рэглямэнтуе парадак абмежаваньня доступу да сайтаў у сетцы «Інтэрнэт», якія зьмяшчаюць інфармацыю з заклікамі да масавых беспарадкаў, ажыцьцяўленьня экстрэмісцкай дзейнасьці ці ўдзелу ў масавых (публічных) мерапрыемствах, якія праводзяцца з парушэньнем устаноўленага парадку.

Раней падкантрольная Расеі пракурор Крыму Натальля Паклонская заявіла, што рыхтуе матэрыялы для поўнага блякаваньня праекту Радыё Свабода «Крым.Рэаліі».

Вярхоўная Рада Ўкраіны афіцыйна абвясьціла 20 лютага 2014 году пачаткам часовай акупацыі Крыму і Сэвастопаля Расеяй. 7 кастрычніка 2015 году прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка падпісаў адпаведны закон. Міжнародныя арганізацыі прызналі акупацыю і анэксію Крыму незаконнымі і асудзілі дзеяньні Расеі. Краіны Захаду ўвялі шэраг эканамічных санкцыяў. Расея адмаўляе акупацыю паўвострава і называе гэта «аднаўленьнем гістарычнай справядлівасьці».

XS
SM
MD
LG