Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Крыме завялі крымінальную справу супраць журналіста за «сэпаратызм»


Мікола Семяна

Мікола Семяна

Падкантрольны Расеі пракурор Крыму Натальля Паклонская заяўляе пра узбуджэньне расейскім ФСБ крымінальнай справы ў дачыненьні да крымскага журналіста за «заклікі да парушэньня тэрытарыяльнай цэласнасьці Расеі». Пра гэта яна заявіла расейскаму агенцтву «ТАСС».

Натальля Паклонская

Натальля Паклонская

«Узбуджаная крымінальная справа па прыкметах часткі 2 артыкула 280.1 КК Расеі, — сказала Паклонская. — Гэтым журналістам быў падрыхтаваны і апублікаваны артыкул, у якім прыводзяцца выказваньні, накіраваныя на парушэньне тэрытарыяльнай цэласнасьці Расейскай Фэдэрацыі, што не дазволена ні журналістам, ні каму-небудзь іншаму».

Санкцыя ўказанага артыкулу расейскага заканадаўства прадугледжвае пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі тэрмінам на 5 гадоў.

Паклонская сьцьвярджае, што справа ўзбуджаная ў дачыненьні да карэспандэнта праекту Радыё Свабода «Крым.Реалии». Крымскі журналіст Алег Кручкоў паведамляе, што гаворка ідзе пра Мікалая Сэмэну, у хаце якога, як сьцьвярджае Кручкоў, раніцай 19 красавіка правялі ператрус сілавікі.

Кіраўніцтва Радыё Свабода правярае дадзеную інфармацыю і пакуль сытуацыю не камэнтуе. Крымскія праваабаронцы паведамілі «Крым.Реалии», што таксама спрабуюць высьветліць падрабязнасьці таго, што адбываецца.

Мікалай Сэмэна — крымскі журналіст, які раней працаваў ва ўсеўкраінскім выданьні «День» і «Зеркало недели», таксама зьяўляецца былым карэспандэнтам маскоўскага выданьня «Известия». Цяпер знаходзіцца на пэнсіі.

Напярэдадні, Паклонская заявіла, што тых, хто не прызнае вынікаў крымскага «рэфэрэндуму» 2014 году, пасьля чаго Расея ўключыла Крым у свой склад, будуць прыцягваць да крымінальнай адказнасьці. Такім чынам яна падтрымала аналягічную ініцыятыву кіраўніка Сьледчага камітэту Расеі.

16 сакавіка 2014 году пры ваеннай і палітычнай падтрымцы Расейскай Фэдэрацыі ў Крыме адбыўся неканстытуцыйны і непрызнаны сьветам рэфэрэндум пра самавызначэньне Крыму, па выніках якога Расея ўключыла паўвостраў у свой склад.

Вярхоўная Рада Ўкраіны афіцыйна абвясьціла 20 лютага 2014 году пачаткам часовай акупацыі Крыму і Севастопаля Расеяй. 7 кастрычніка 2015 году прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка падпісаў адпаведны закон. Міжнародныя арганізацыі прызналі акупацыю і анэксію Крыму незаконнымі і асудзілі дзеяньні Расеі. Краіны Захаду ўвялі шэраг эканамічных санкцыяў. Расея адмаўляе акупацыю паўвострава і называе гэта «аднаўленьнем гістарычнай справядлівасьці».

XS
SM
MD
LG