Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У новых зьвестках «Панамскага дасье» згадваецца шэраг імёнаў зь Беларусі. Сярод «панамскіх імёнаў» ёсьць нават Аляксандар Лукашэнка (спалучэньне ў Беларусі нярэдкае). Але ёсьць і некалькі імёнаў ужо больш падобных да «тых».

У панядзелак увечары Міжнародны кансорцыюм журналісцкіх расьсьледаваньняў (ICIJ) апублікаваў новыя матэрыялы з так званага «Панамскага дасье». У іх — 35 кампаніяў з уладальнікамі зь Беларусі і 98 імёнаў беларусаў.

Сярод асобаў у базе зьвестак ёсьць нават нехта Аляксандар Лукашэнка, ды падобна, што гэта расейскі цёзка беларускага прэзыдэнта. На фірму з дырэктарам Лукашэнкам, зарэгістраваную у 2002 годзе, зьвярталі ўвагу яшчэ тры гады таму.

Тым ня меней, ёсьць і больш рэалістычныя супадзеньні. Так, у базе зьвестак ёсьць нехта Sergey Tchachuk — верагодна, гэта не «Тчачук» ці «Тхахук», а Сяргей Ткачук. Менавіта так зваць № 47 у топ-200 беларускіх бізнэсоўцаў часопісу «Ежедневник» за 2016 год. Бізнэсовец Ткачук — саўладальнік сеткі крамаў «Рублёўскі» і шэрагу гандлёвых цэнтраў, уладальнік «Мостра-груп», якая разьвівае ў Беларусі сетку фастфуду Burger King, і іншых кампаніяў.

У дакумэнтах тройчы сустракаецца імя Ігар Абмётка — менавіта так зваць уладальніка «ЛБР-Аграмаркет», сеткі дыстрыбуцыі сельскагаспадарчай тэхнікі і запчастак ды сеткі аграмаркетаў у Расеі, № 108 у тым самым топ-200.

Таксама ў базе зьвестак ёсьць Ігар Чорны — такое імя мае № 103 у топ-200 за 2013 год, не прадстаўлены ў топе за 2016 год, уладальнік «Ізабудпрамбуд», «Ізапанэль» і «Ізаспан». На ягоных прадпрыемствах у 2015 годзе пачаліся праблемы, «Ізабуд» не працаваў некалькі месяцаў, а супрацоўнікі масава звальняліся. Яшчэ адно супадзеньне з топ-200 2013 года — Валер Башманаў, уладальнік дыстрыбутара сельскагаспадарчай тэхнікі «ЛБР-Аграмаркет», які ў 2015 годзе ўвайшоў у топ-10 імпартэраў у Смаленскую вобласьць Расеі.

Сустракаюцца і імёны Дзьмітры Аэраў і Вадзім Велічко — людзі з такімі імёнамі валодаюць бізнэсам па перапрацоўцы дрэва і латвійскай фірмай Baltimex Trading), другі ўваходзіў у топ-200 бізнэсоўцаў у 2013 годзе пад нумарам 172.

Ёсьць і нехта Аляксандар Ласковіч — так зваць уладальніка вытворцы жаночага трыкатажу «Панда» зь Берасьцейшчыны. І нехта Андрэй Карцаў — так зваць дырэктара менскай SITEK Group, якая займаецца капрамонтам станкоў, дыстрыбуцыяй і сэрвісам абсталяваньня Siemens ды інтэграцыяй праграмнага забесьпячэньня для аўтаматызацыі вытворчасьці. І нехта Вадзім Гітлін — так зваць аднаго з заснавальнікаў кампаніі «Альфа-Транс», якая прадстаўляе экспэдыцыйна-транспартныя паслугі на беларуска-расейскай мяжы. І нехта Іна Анікевіч — жанчына з такім імем была намесьнікам старшыні рады дырэктараў лятарэйнай кампаніі «Спорт-Пары».

Супадаюць імёны ня толькі зь бізнэсоўцамі. Так, у дакумэнтах ёсьць нехта Аляксандар Вашкевіч — такое імя мае дацэнт БДУ, былы экспэрт Канстытуцыйнай камісіі (1991-1993) і былы судзьдзя Канстытуцыйнага суду Беларусі (з траўня па сьнежань 1996 года), экспэрт Рады Эўропы і сябра Рады экспэртаў па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе па пытаньнях свабоды сходаў. Альбо Ўладзімер Шышко — так клічуць і начальніка крыміналістычнага аддзелу Цэнтральнага апарату Сьледчага камітэту Беларусі (адзін чалавек) і адначасова былога дырэктара «Берасьцэнэрга» і былога дэпутата Савету Рэспублікі (іншы чалавек). У сьпісах ёсьць і ўжо вядомае раней імя Аляксандар Мятла — такое імя мае сябра Віктара Шэймана, дырэктар фонду «Памяць Афгану» і выканаўчы дырэктар «Лініі Сталіна»

Таксама ў базе зьвестак ёсьць нехта Ларыса Васілько — так зваць старшыню назіральнай рады Эўрагандальінвэстбанку, якім якраз валодае чалавек з тым самым прозьвішчам, № 8 у топ-200 бізнэсоўцаў за 2016 год, саўладальнік «Эўраопту» Ўладзімер Васілько. Яшчэ адно «супадзеньне з магчымым сваяком» — нехта Ася Зубарык, якая мае долю ў «Polish Gas Company», а беларускі бізнэсовец Артур Зубарык якраз займаецца дыстрыбуцыяй газу і іншых рэсурсаў, № 69 у топ-200 бізнэсоўцаў 2016 года.

Ёсьць і проста супадзеньні зь вядомымі прозьвішчамі, якія «не падыходзяць» па імёнах: нехта Леанід Белы (Павал Белы — хакеіст прэзыдэнцкай каманды і ўладальнік будаўнічых кампаніяў, у тым ліку «Тапас», № 57 у топ-200 бізнэсоўцаў у 2016 годзе, а Аляксандар Белы — былы гендырэктар менскага хакейнага «Дынама») альбо нехта Вячаслаў Чарняўскі (Ігар Чарняўскі — уладальнік сельскагаспадарчых камбінатаў, кампаніяў у сфэры нерухомасьці, лізінгу і нават абслугоўваньня банкаматаў, № 92 у топ-200 за 2016 год).

Самі па сабе афшорныя кампаніі — не парушэньне законаў. Афшоры — краіны ці тэрыторыі, якія проста прадстаўляюць замежным кампаніям выгадныя ўмовы для вядзеньня бізнэсу пры нізкіх падатках. Але нярэдка праз такія кампаніі хаваюць прыбыткі ад падаткаў на радзіме і сапраўдных уладальнікаў бізнэсаў — ад грамадзкай увагі. У Беларусі бізнэс праз афшорныя кампаніі не забаронены, але рэгулюецца дзяржавай, з афшорных кампаніяў дзяржава бярэ адмысловы збор

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG