Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Cудзяць былога галоўнага сьледчага Менску, які 10 гадоў хаваўся ў Расеі


Палкоўнік міліцыі распавёў суду, як не браў 80 тысяч даляраў хабару і чаму ўцёк пад Маскву.

У Менскім абласным судзе пачаўся працэс над палкоўнікам міліцыі Георгіем Жуком, якога падазраюць у атрыманьні 80 тысяч даляраў хабару. Падзеі, якія разглядае суд, адбываліся яшчэ ў 2005 годзе, калі Георгій Жук служыў намесьнікам начальніка ўправы папярэдняга расьсьледаваньня сталічнай міліцыі, а нейкі час і выконваў абавязкі начальніка ўправы, то бок, быў галоўным сьледчым сталіцы краіны. Паводле сьледзтва, за паслугі бізнэсоўцу Георгій Жук нібыта атрымаў хабар ў 80 тысяч даляраў. Але абвінавачаны вінаватым сябе не прызнае, а той факт, што 10 гадоў ён хаваўся ад сьледзтва ў Расеі тлумачыць «нежаданьнем падстаўляць іншых людзей».

Справа Георгія Жука мусіла разглядацца як эпізод справы былога першага намесьніка начальніка ўправы барацьбы з эканамічнымі злачынствамі МУС Івана Клімянкова, былога супрацоўніка КДБ Міхаіла Турава ды яшчэ трох камэрсантаў. У той справе фігуравалі ажно 250 тысяч даляраў хабару. Іван Клімянкоў у 2006 годзе быў асуджаны на 10 гадоў зьняволеньня, іншыя атрымалі ад 3 да 10 гадоў, а вось Геогій Жук падчас сьледзтва ўцёк і быў абвешчаны ў міжнародны вышук. Як аказалася, ён хаваўся ў Падмаскоўі, пры гэтым не асабліва асьцярожнічаў, часам, карыстаючыся празрыстасьцю мяжы, прыяжджаў у Беларусь. Але ў 2015 годзе Георгія Жука адсачылі, затрымалі і экстрадавалі на радзіму. Сёньня былы галоўны сьледчы Менску і палкоўнік міліцыі паўстаў перад судом.

Хабар Георгію Жуку, паводле сьледзтва, даваў прадпрымальнік Уладзіс Каросас.

Падсудны Жук зрабіў пэўнае прызнаньне ў несумленнасьці. Але ня ў хабары.

Георгій Жук служыў у міліцыі з 1986 году. У лістападзе 1994 быў звольнены, ў 1998 аднавіўся і служыў да 2005 году.

Судзьдзя папрасіў пераказаць сутнасьць прысягі. Жук пераказаў і сказаў, што імкнуўся выконваць прысягу сумленна.

28 ліпеня 2005 году палкоўнік Жук даведаўся, што вырашаецца пытаньне аб прыцягненьні яго да крымінальнай адказнасьці і тады ён зьехаў у Расею. «Каб мяне не выкарыстоўвалі супраць другіх людзей, хай пакуль разьбіраюцца, а я потым вярнуся. Не хацеў, каб мной карысталіся».

Георгію Жуку пагражае ад 7 да 15 гадоў з канфіскацыяй маёмасьці. Пракуратура Беларусі заявіла пазоў аб прымусовым спагнаньні з Жука 80 тысяч даляраў. Пазоў пракуратуры палкоўнік таксама не прызнаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG