Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея ня хоча зьніжаць кошты на газ для Беларусі, хоць для Армэніі зьнізіла


Belarus - Lukashenka's Presidency in Pictures, 2010. Picture 17, Russia, gas, prices, trade war
Belarus - Lukashenka's Presidency in Pictures, 2010. Picture 17, Russia, gas, prices, trade war

«Паміж Расейскай Фэдэрацыяй і Беларусьсю кампрамісу па цане на газ пакуль няма. Бакі працягваюць кансультацыі і пакуль яшчэ ні пра што не дамовіліся», — заявіў сёньня журналістам віцэ-прэмʼер Расеі Аркадзь Дварковіч.

А тры дні таму намесьнік старшыні праўленьня «Газпрома» Валеры Голубеў заявіў, што паніжэньне цаны на газ, які пастаўляецца Расеяй у Беларусь, немэтазгоднае. Маўляў, холдынг прытрымліваецца ўсталяванай формулы разьлікаў зь Беларусьсю — кошт газу для Ямала-Ненецкай аўтаномнай акругі плюс выдаткі на транспартаваньне.

На зьмяншэньні цэнаў настойвае беларускі бок. Прэмʼер Андрэй Кабякоў казаў, што газ для краіны павінен каштаваць каля 80 даляраў за тысячу кубамэтраў, а не цяперашнія 142 даляры. Да таго ж кіраўнік ураду акцэнтаваў увагу на тым, што разьлікі Менск вядзе ў расейскіх рублях, а «Газпром» фармуе цэны ў далярах. А гэта вельмі нявыгадна для Беларусі.

«Гэтая гісторыя пачалася з канца 2011 году, калі Беларусь прадала «Газпрому» «Белтрансгаз», — тлумачыць сытуацыю Свабодзе экспэрт у галіне энэрганосьбітаў Тацяна Манёнак:

Тацяна Манёнак
Тацяна Манёнак

«Дзякуючы гэтаму і таму, што Беларусь актыўна прасоўвалася ў справе эўразійскай інтэграцыі, Масква «адвязала» нас ад эўрапейскай формулы разьлікаў за газ. І пачала дзейнічаць новая схема — кошт для Ямала-Ненецкай аўтаномнай акругі плюс транспартныя выдаткі. У выніку Беларусь атрымала тады адразу вельмі істотную зьніжку — 100 даляраў за тысячу кубоў. І нашы ўлады былі гэтым вельмі задаволеныя.

Але цяпер сытуацыя прынцыпова зьмянілася. «Газпром» у дамовах з эўрапейскімі спажыўцамі прапісаў, што кошт газу будзе ў значнай ступені залежаць ад коштаў нафты. Калі цана нафты рухнула, то кошт газу для эўрапейцаў зьменшыўся ледзь не напалову. У выніку, калі тры-чатыры гады таму розьніца ў цане газу для Беларусі і Эўропы ў розны час складала ад 200 да 100 даляраў на нашу карысьць, то цяпер гэтая розьніца зьнізілася дзесьці да 60 даляраў.

У выніку канкурэнтаздольнасьць беларускіх тавараў, якая трымалася на танным газе, істотна зьнізілася. Таму беларускі бок і настойвае на новых зьніжках.

Да гэтага дадаецца і падзеньне расейскага рубля. Прэмʼер Кабякоў прыводзіў такія лічбы: для Беларусі газ каштаваў 142 даляры і тады, калі за адзін даляр давалі 30–32 расейскія рублі, і калі расейскі рубель абваліўся ўдвая.

Выходзіць, што цэны на нафту абваліліся, расейскі рубель пакаціўся ўніз, а для Беларусі гэта ня ўлічваецца. Таму я лічу, што беларускі бок мае права настойваць на гэтай зьніжцы. Тым больш што Расея пайшла насустрач Армэніі, якой сёлета далі ўжо другую зьніжку на 9%.

Беларусь і Расея вядуць свае перамовы амаль паўгода. І прэмʼеры, і віцэ-прэмʼеры пра гэта выказваліся, і даручэньні профільным міністэрствам далі. Але Расея саступаць ня хоча. Як мне падаецца, спрэчка пра кошты на газ дзесьці ўжо перайшла з эканамічнай у палітычную плоскасьць. Калі б Беларусь пайшла насустрач Расеі і пагадзілася адкрыць у нас авіябазу, то і крамлёўскае кіраўніцтва больш уважліва паставілася б да просьбы Менску аб зьніжэньні коштаў на расейскі паліўны газ».

13 студзеня віцэ-прэмʼеры Расеі і Беларусі Аркадзь Дварковіч і Ўладзімер Сямашка правялі перамовы, аднак не змаглі дасягнуць дамоўленасьцяў аб зьніжцы. Паводле слоў намесьніка міністра энэргетыкі Расеі Анатоля Яноўскага, гаворка тады зайшла ўжо не пра 10-працэнтнае зьніжэньне, а пра абсалютныя лічбы. Намесьнік міністра энэргетыкі Беларусі Вадзім Закрэўскі раней казаў журналістам, што Міністэрства энэргетыкі разьлічвае на зьніжэньне кошту расейскага газу ў 2016 годзе больш як на 10 даляраў на тысячу кубамэтраў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG