Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Газпрам» ня мае намеру зьніжаць цану на газ для Беларусі

  • БелаПАН

ААТ «Газпром» лічыць немэтазгодным зьніжаць цану на газ для Беларусі, заявіў намесьнік старшыні праўленьня газавай кампаніі Валеры Голубеў.

«У нас жа формула зь Беларуссю вельмі простая. Мы бярэм цану вытворчасьці ў Ямала-Ненецкай акрузе і да яе прыбаўляем цану транспартаваньня, нічога лішняга. І гэты прынцып быў падпісаны. Чаму мы павінны сёньня прадаваць газ Беларусі таньней, чым прадаем яго ў Расеі?» — заявіў Голубеў РИА Новости.

Ён зазначыў, што існуюць розныя формулы цэнаўтварэньня на газ. «Ёсьць формулы, напрыклад, зьвязаныя з нафтавымі каэфіцыентамі, а Беларусь ішла па іншым шляху, яны ж самі не пайшлі на формулу, прывязаную да нафтавых эквівалентаў, яны захацелі цану, як у Расеі, плюс транспарт. Сёньня беларускія калегі кажуць — не, мы хочам, каб было па-іншаму. Ну, трэба быць пасьлядоўнымі», — адзначыў топ-мэнэджар «Газпрому».

Голубеў удакладніў, што цяпер кошт для Беларусі складае 132 даляры за тысячу кубамэтраў. Адказваючы на пытанбне, ці можа быць зробленая саступка беларускаму боку ў кошце, ён адзначыў, што існуе міжурадавае пагадненьне, якое вызначае формулу цаны паставак расейскага газу.

«Цяпер для Арменіі падпісаны кантракт на 150 даляраў (за тысячу кубамэтраў газу). Гэта такая ж па сутнасьці саюзная дзяржава, але Арменія знаходзіцца трохі далей за Беларусь, таму цана для іх крыху вышэйшая. Для Кіргізіі цана таксама 150 даляраў, яны таксама сябра ЕАЭС. Яны таксама могуць патрабаваць (перагляду цаны)? А затраты нашы хто будзе кампэнсаваць?» — зазначыў Голубеў.

Нагадаем, раней у інтэрвію РИА Новости прэм’ер-міністар Беларусі Андрэй Кабякоў назваў галоўнай праблемай прывязку коштаў на расейскія энерганосьбіты да даляра. Так, паводле яго слоў, у пачатку 2014 года цана газу для Беларусі складала 165 даляраў за тысячу кубамэтраў.

Гэта было пры курсе расейскага рубля 32-33 за даляр. На 1 студзеня 2015 года цана на газ складала 142 даляры за тысячу кубамэтраў. «Пры гэтым даляр стаў каштаваць больш за 60 расейскіх рублёў. Лягічна, што газ ужо павінен каштаваць прыкладна 80 даляраў, а ў нас 142», — сказаў Кабякоў.

«Аб’ём зьнешняга гандлю летась у нацыянальных валютах паміж краінамі склаў прыкладна 82%. Экспарт Беларусі ў Расію практычна на 100% ідзе ў расейскіх рублях. Імпарт ідзе таксама ў расейскіх рублях. Але ўсе энэрганосьбіты мы купляем за даляры. Разьлічвацца можна і ў расейскіх рублях, але галоўная праблема ў тым, што цэнаўтварэньне прывязанае да даляра», — канстатаваў Кабякоў.

Ён таксама заявіў, што беларускі бок хацеў бы, каб «нафта, якая паступае ў Беларусь па нафтаправодзе, была больш высокай якасьці, бо апошнім часам яе якасныя характарыстыкі зьніжаюцца».

«Пры гэтым цана засталася ранейшай. Мы дамовіліся аб выдзяленьні ў асобны паток нафты з больш нізкім утрыманьнем серы і палепшаным фракцыйным складам для паставак у Рэспубліку Беларусь і транзыце празь яе тэрыторыю спажыўцам Эўрапейскага саюзу», — сказаў прэм’ер.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG