Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці сапраўды пытаньне расейскай базы ужо «неактуальнае», як пра гэта заявіў міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей? Чаму Расея ня здолела дамагчыся зьяўленьня базы? Ці можа гэтае пытаньне актуалізавацца зноў?

Абмяркоўваюць Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч і Віталь Цыганкоў.

Цыганкоў: Кіраўнік міністэрства замежных спраў Беларусі Уладзімер Макей днямі заявіў, што зараз няма сэнсу абмяркоўваць разьмяшчэньне расейскай вайсковай базы на тэрыторыі Беларусі. «Калі паўстане неабходнасьць, можна будзе вярнуцца да гэтага, але на дадзеным этапе нам здаецца, што няма падставы гаварыць пра разьмяшчэньне расейскай вайсковай базы. Пакуль пытаньне закрытае. Але гэта не азначае, што да яго нельга будзе вярнуцца ў выпадку, калі адпаведныя акалічнасьці зьменяцца», — падкрэсьліў Уладзімер Макей. Пры гэтым ён чарговы раз адзначыў, што ніякіх супярэчнасьцяў паміж Беларусьсю і Расеяй у зьнешнепалітычным накірунку няма.

Здавалася яшчэ нядаўна, што пытаньне пра авіябазу было вырашанае і ў іншым сэнсе — што авіябаза будзе. Загалоўкі артыкулаў, якімі тады стракатала пераважна расейская, але і беларуская прэса, былі такія: «Расейская авіябаза пачне функцыянаваць у Бабруйску ўжо са студзеня 2016 году», «Пуцін даручыў падпісаць пагадненьне аб стварэньне новай авіябазы ў Беларусі», «На аэрадроме ў Бабруйску плянуецца ўтрымліваць адну авіяцыйную эскадрыльлю зьнішчальнікаў». Потым былі даволі канкрэтныя заявы і Лукашэнкі, і міністра абароны Беларусі Андрэя Раўкова, але ў зацікаўленай публікі не было адчуваньня, што тэма сапраўды закрытая. У апошнія тыдні ўсе сапраўды паверылі, што гэта так і ёсьць. Што зьмянілася? Відавочна, па нейкіх прычынах беларускаму кіраўніцтву ўдалося ўсё ж пераканаць расейскае, што гэтае рашэньне не прынясе ніякай карысьці. Тут той рэдкі выпадак, калі беларускаму кіраўніцтву ўскосна дапамагла апазыцыя.

Гэта прыклад, калі беларускія аргумэнты перамагаюць у сытуацыі, калі козыраў на руках у Менску ня так і шмат

Напрыклад, і больш памяркоўная палітык беларускай апазыцыі Тацяна Караткевіч, якая паставіла рубам пытаньне аб нэўтралітэце Беларусі і адсутнасьці тут расейскай вайсковай базы падчас сваёй прэзыдэнцкай кампаніі, а потым публічныя акцыі Міколы Статкевіча, які выйшаў на свабоду. Ня ведаю, наколькі беларускае кіраўніцтва прадстаўляла гэта як меркаваньне ўсяго народу, якія сацыялягічныя дадзеныя яно прыводзіла, але мы бачым, што апошнім часам з боку Масквы, і палітычнага, і ваеннага кіраўніцтва Расеі, няма ніякіх падобных заяў. Гэта прыклад, калі беларускія аргумэнты перамагаюць у сытуацыі, калі козыраў на руках у Менску ня так і шмат.

Разам з тым, ня трэба перабольшваць ступень незалежнасьці Менску ад Масквы, асабліва ў гэтым вайскова-стратэгічным сэнсе. Беларусь мае сумесную вайсковую групоўку з Расеяй, застаецца супрацьпаветраным шчытом Расеі. Гэтае пытаньне аказалася не настолькі прынцыповым для Масквы, як, магчыма, выглядала раней.

Было шмат прагнозаў, што Масква будзе зьвязваць пытаньне выдзяленьня крэдыту з тэмай базы. Але вось рашэньне аб крэдыце прынятае, пра базу гаворкі няма

Карбалевіч: У пэўным сэнсе гэта сапраўды так. Пытаньне базы як ўмовы зьнятае з парадку дня беларуска-расейскіх адносінаў. Тэма базы зьнікла з афіцыйнага расейскага дыскурсу. Памятаеце, як напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў гэта пытаньне нагняталася на ўзроўні расейскага ўраду. Цяпер гэтага няма.

Чаму? Некалькі прычынаў:

1. Цьвёрдая адмоўная пазыцыя ня толькі Лукашэнкі, але і большасьці беларускага грамадзтва. Масква ня хоча псаваць адносіны зь Беларусьсю, бо саюзьнікаў у яе амаль няма.

2. Зручны момант для ціску — прэзыдэнцкая кампанія — закончыўся.

3. Масква шукае цяпер шляхі прымірэньня з Захадам.

4. Няпэўнасьць з прэзыдэнцкімі выбарамі ў ЗША, незразумела, хто стане прэзыдэнтам. Таму Масква палічыла — варта пачакаць, паглядзець, не раздражняць амэрыканскую эліту нейкімі дзеяньнямі, кшталту базы.

Дракахруст: Заява спадара Макея — гэта такое заяўленьне пазыцыі запыту. Як і пазыцыя запыту было тое, што летась Уладзімер Пуцін падпісаў адпаведнае распараджэньне пра базу. Але зрэалізаваць тое пагадненьне ў расейцаў не атрымалася. Магчыма, і цяперашнія словы Макея азначаюць проста ход у перамовах, жаданьне беларускага боку, а насамрэч ня выключана, што расейскі бок працягвае настройваць на выкананьні свайго пажаданьня.

Меркаваньне беларускага грамадзтва што да базы сапраўды было адмоўным — гэта таксама магло стаць пэўным аргумэнтам для расейцаў, каб не ісьці наперакор таму, чаго хочуць беларусы

Вельмі важна, што гэтая заява Макея прагучала амаль адразу пасьля таго, як быў выдадзены крэдыт. Гэта сыгнал і Захаду, і беларускаму грамадзтву — мы не за базу атрымалі крэдыт. Але цалкам магчыма, што вастрыня пытаньня сапраўды зьнізілася. Вы трапна заўважылі, Валер, што Расея хоча з Захадам мірыцца. Да таго ж, магчыма, яе стратэгічныя пляны зьмяніліся. Паводле апошніх расейскіх заяваў завяршылася стварэньне адзінай групоўкі СПА — супрацьпаветранай абароны Беларусі і Расеі. Ну вось з базай не атрымалася, але з групоўкай прасунуліся наперад — атрымаўся такі абмен.

Меркаваньне беларускага грамадзтва што да базы сапраўды было адмоўным — гэта таксама магло стаць пэўным аргумэнтам для расейцаў, каб не ісьці наперакор таму, чаго хочуць беларусы. Але, вяртаючыся да пачатку майго адказу, ня выключана, што гэта проста паўза і праз пэўны час гэтая тэма зноў усплыве.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

XS
SM
MD
LG