Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь захавае сваю амбасаду ў Ізраілі ў поўным складзе


Беларуская амбасада ў Ізраілі
Беларуская амбасада ў Ізраілі

Беларусь на ўзаемнай аснове захоўвае сваю дыпляматычную прысутнасьць у Ізраілі.

Пра гэта паведаміў сёньня на брыфінгу прэсавы сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Дзьмітры Мірончык:

Дзьмітры Мірончык
Дзьмітры Мірончык

«Разгледзеўшы ноту, атрыманую па дыпляматычных каналах з інфармацыяй аб прынятым прэм’ер-міністрам Дзяржавы Ізраіль рашэньні захаваць прысутнасьць у Беларусі ізраільскай дыпмісіі ў ранейшым фармаце, беларускі бок прыняў рашэньне аб захаваньні сваёй дыпляматычнай прысутнасьці ў Ізраілі... Зыходзім з таго, што падтрыманьне адносін паміж Беларусьсю і Ізраілем на роўні амбасад — аб’ектыўная неабходнасьць, абумоўленая цеснымі сувязямі дзясяткаў тысяч людзей, для якіх Ізраіль і Беларусь зьяўляюцца блізкімі і роднымі краінамі, а таксама ў цэлым пазытыўнай дынамікай двухбаковых адносін у розных сфэрах».

Міністэрства замежных спраў Беларусі атрымала афіцыйную ноту са зьнешнепалітычнага ведамства Ізраіля пры канцы сакавіка. Гэтым дакумэнтам Ізраіль праінфармаваў беларускі бок пра тое, што амбасада ў Менску застанецца адкрытай і працягне функцыянаваць у звычайным рэжыме.

Летась ізраільскі ўрад пастанавіў быў закрыць амбасаду ў Беларусі ў 2016 годзе.

Рашэньне скасаваць сваё дыпляматычнае прадстаўніцтва ў Беларусі ізраільскі ўрад, які абралі ў 2015 годзе, тлумачыў выключна фінансавымі праблемамі.

Аднак адзін зь лідэраў апазыцыі, кіраўнік партыі «Наш дом Ізраіль» Авігдор Лібэрман, які ў свой час ачольваў Міністэрства замежных спраў Ізраіля, назваў рашэньне аб закрыцьці амбасады ў Беларусі «дэманстрацыяй адкрытай пагарды ў дачыненьні да расейскамоўнай супольнасьці».

Ён дадаў, што ў Ізраілі жыве 130 тысяч выхадцаў зь Беларусі:

«Для іх закрыцьцё амбасады створыць сур’ёзныя цяжкасьці, як і для беларускіх габрэяў, якія хочуць рэпатрыявацца ў Ізраіль ці маюць патрэбу ў консульскіх паслугах».

Беларускі бок таксама зьбіраўся зачыняць сваю амбасаду ў Ізраілі, бо звычайная дыпляматычная практыка такая, што на закрыцьцё амбасады адказваюць аналягічным крокам.

Ізраіль ужо аднойчы — у 2003 годзе — закрываў амбасаду ў Беларусі. Менш як праз год тое рашэньне давялося выпраўляць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG