Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ізраіль вырашыў не закрываць сваю амбасаду ў Менску


Міністэрства замежных спраў Беларусі атрымала афіцыйную ноту са зьнешнепалітычнага ведамства Ізраіля. Гэтым дакумэнтам Ізраіль праінфармаваў беларускі бок пра тое, што амбасада ў Менску застанецца адкрытай і працягне функцыянаваць у звычайным рэжыме.

Пра атрыманьне ноты паведамляецца на афіцыйным сайце МЗС Беларусі:

«Гэты крок ізраільскага боку зьяўляецца падставай для таго, каб вярнуцца да тэмы дыпляматычнай прысутнасьці Беларусі ў Ізраілі. Тым больш што ў сваёй ноце МЗС Ізраіля падкрэсьлівае «тое важнае значэньне, якое надае Дзяржава Ізраіль наяўнасьці ізраільскай дыпляматычнай місіі ў Менску з улікам трывалых адносін паміж Ізраілем і Беларусьсю».

МЗС Беларусі падзяляе гэтую ацэнку і разьлічвае на далейшае паступальнае разьвіцьцё адносін пры актыўным удзеле амбасадаў абедзьвюх краін.

Дзьмітры Мірончык

Дзьмітры Мірончык

«Спачатку рашэньне аб тым, што амбасада Ізраіля ня будзе закрытая, зьявілася на сайце прэм’ер-міністра гэтай краіны, — кажа Свабодзе прэсавы сакратар зьнешнепалітычнага ведамства Беларусі Дзьмітры Мірончык. — Але з улікам таго, што паведамленьне аб закрыцьці амбасады мы атрымалі ў выглядзе дыпляматычнай ноты, вырашылі пачакаць, пакуль яно будзе адкліканае таксама нотай.

Паведамленьне на сайце прэм’ера і дыпляматычная нота — розныя рэчы. Паведамленьне для прэсы на сайце можа зьявіцца памылкова, яго можна адклікаць, можна ўнесьці ў тэкст нейкія карэктывы. А афіцыйнае дыпляматычнае ліставаньне, нота, у якой усё выкладзена, — гэта ўжо іншая справа».

Летась ізраільскі ўрад пастанавіў быў закрыць амбасаду ў Беларусі ў 2016 годзе.

Рашэньне скасаваць сваё дыпляматычнае прадстаўніцтва ў Беларусі ізраільскі ўрад, які абралі ў 2015 годзе, тлумачыў выключна фінансавымі праблемамі.

Аднак адзін зь лідэраў апазыцыі, кіраўнік партыі «Наш дом Ізраіль» Авігдор Лібэрман, які ў свой час ачольваў Міністэрства замежных спраў Ізраіля, назваў рашэньне аб закрыцьці амбасады ў Беларусі «дэманстрацыяй адкрытай пагарды ў дачыненьні да расейскамоўнай супольнасьці».

Ён адзначыў таксама, што ў Ізраілі жыве 130 тысяч выхадцаў зь Беларусі:

Авігдор Лібэрман

Авігдор Лібэрман

«Для іх закрыцьцё амбасады створыць сур’ёзныя цяжкасьці, як і для беларускіх габрэяў, якія хочуць рэпатрыявацца ў Ізраіль ці маюць патрэбу ў консульскіх паслугах».

Беларускі бок таксама зьбіраўся зачыняць сваю амбасаду ў Ізраілі, бо звычайная дыпляматычная практыка такая, што на закрыцьцё амбасады адказваюць аналягічным крокам.

Ізраіль ужо аднойчы — у 2003 годзе — закрываў амбасаду ў Беларусі. Менш як праз год тое рашэньне давялося выпраўляць.

Ад 26 лістапада 2015 году пачало дзейнічаць пагадненьне паміж урадамі Беларусі і Ізраіля аб адмене ўязных візаў для ўладальнікаў нацыянальных пашпартоў. Дагэтуль беларус, каб наведаць Ізраіль, мусіў набыць візу, якая каштуе 23 даляры. Грамадзянін Ізраіля за беларускую візу плаціў даражэй — 60 эўра.

XS
SM
MD
LG