Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«8 год за 1 даляр» — сябры ІТ-шніка, якога асудзілі за дзеяньні ў інтэрнэце


Фота ©Shutterstock

Фота ©Shutterstock

Менскі гарадзкі суд падкарэктаваў прысуд ІТ-шніку Дзянісу Аўраменку, але пакінуў бязь зьмены ранейшае пакараньне: 8 год з канфіскацыяй маёмасьці.

Апэляцыйны суд зьняў зь Дзяніса Аўраменкі абвінавачаньне ў наўмысных дзеяньнях у складзе групы, але пацьвердзіў віну ў крадзяжы 197 мільёнаў рублёў празь дзеяньні ў інтэрнэце і распаўсюд праз інтэрнэт парнаграфічных матэрыялаў.

Дзяніс Аўраменка, які са студзеня знаходзіцца пад вартай і ўтрымліваецца ў Жодзінскай турме, па-ранейшаму не прызнае сябе вінаватым. Абаронцы Дзяніса Аўраменкі кажуць, што ён будзе далей абскарджваць прысуд, які зь сёньняшняга дня ўступіў у сілу.

«Нават парушылі права на абарону. Поўны набор!»

Паводле заявы ў судзе адваката Надзеі Буднік, пры зьбіраньні доказаў віны ІТ-шніка Дзяніса Аўраменкі шмат разоў быў парушаны закон. Пералік парушэньняў адвакатка пачала з таго, што вобшук у кватэры Аўраменкі апэратыўнікі КДБ правялі, калі яшчэ не была заведзеная крымінальная справа, а потым яшчэ і парушылі парадак забіраньня доказаў, у прыватнасьці жорсткіх дыскаў, не ўзялі неабходных подпісаў пад пратаколамі падчас вобшуку. Таксама было парушана права Дзяніса Аўраменкі на абарону, яму не патлумачылі ягоныя правы і працягвалі чыніць на яго псыхалягічны ціск, калі дапытвалі без адваката.

«Зьдзіўленая высновамі сьледзтва, якія не адпавядаюць фактам, былі сабраныя з парушэньнямі закону, але сталі доказамі для суду!», — казала на разглядзе апэляцыйнай скаргі Надзея Буднік.

Адвакат Яўген Партноў таксама мяркуе, што супроць ягонага падабароннага Дзяніса Аўраменкі сьледзтва не сабрала ніводнага юрыдычна бездакорнага доказу.

Паводле сьледзтва, Дзяніс Аўраменка ў інтэрнэце прапаноўваў карыстальнікам свайго сайту праграмы, за якія зь іх нібыта без асабістага дазволу праз СМС вылічвалі па адным даляры. Гэтак, паводле сьледзтва, і было скрадзена ў больш як 9 тысяч карыстальнікаў 197 мільёнаў рублёў. Гэтую суму, якая на момант крадзяжу была меншая за 20 тысяч даляраў, суд палічыў асабліва вялікім памерам і пакараў ІТ-шніка 8 гадамі зьняволеньня. Між тым, паводле абаронцы Аўраменкі, «само выкарыстаньне кампутарнай праграмы ня ёсьць злачынствам», а тое, што 197 мільёнаў рублёў былі скрадзеныя, сьледзтва нічым не пацьвердзіла.

З 9 тысяч нібыта пацярпелых (а гэта ў асноўным расейцы і ўкраінцы і толькі лічаныя беларусы) у судзе быў дапытаны адзін чалавек, прычым зьвестак пра большасьць пацярпелых у справе не было. Таксама падчас сьледзтва не праводзілася экспэртыза жорсткіх дыскаў з кампутара Дзяніса Аўраменкі, а заключэньне незалежнага экспэрта Русакова, якое прапаноўвала суду абарона, увогуле не было далучанае да матэрыялаў справы. Сёньня адмовіўся выслухаць незалежнага экспэрта і апэляцыйны суд.

Пракурор: «Сам прызнаўся»

Прамова пракурора Натальлі Пятроўскай была кароткая. Насуперак абароне пракурор заявіла, што ўсе сабраныя сьледзтвам доказы віны Дзяніса Аўраменкі «дапушчальныя і праўдзівыя», у тым ліку і пратаколы ператрусу ў ягонай кватэры, і ў цэлым ягоная віна была цалкам даказаная. У тым ліку запісам, які Дзяніс Аўраменка зрабіў у інтэрнэт-перапісцы, дзе ён паведамляў, што ў 2013 годзе праз сваю дзейнасьць «зарабіў больш за 500 даляраў».

Доказам віны Аўраменкі сьледзтва палічыла таксама заяву, якую ён напісаў пасьля затрыманьня супрацоўнікамі КДБ у красавіку 2015 году. Тады ён тлумачыў, што трафік, якім карысталіся наведнікі ягонага сайту, быў платны, і таму грошы, якія ад іх паступалі, ледзь пакрывалі ягоныя ўласныя затраты на ўтрыманьне сайту. Пракурор Пятроўская пра гэтую заяву сёньня прамаўчала. А абарона мяркуе, што супрацоўнікі КДБ атрымалі паперу з ужываньнем псыхалягічнага ціску на затрыманага, у адсутнасьці адвакатаў, таму яе варта лічыць юрыдычна нікчэмнай.

Парнаграфічны сьлед. Ці выпадкова ён зьяўляецца ў справах кампутаршчыкаў?

Год таму ў Менску на 6 гадоў зьняволеньня быў асуджаны за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасьць і нявыплату падаткаў вядомы сярод ІТ-шнікаў кампутарны адмысловец Аляксей Камок. Назіральнікі заўважылі, што ў справе Дзяніса Аўраменкі, як тады ў справе Аляксея Камка, таксама фігуруе артыкул пра незаконны распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў.

Паводле сьледзтва, Дзяніс Аўраменка адправіў са свайго кампутара ліст, да якога быў прышпілены парнаграфічны ролік. Гэты адзінкавы факт пракуратура палічыла дастатковым, каб абвінаваціць ІТ-шніка ў распаўсюдзе парнаграфіі, а суд толькі за гэта даў яму 1 год зьняволеньня. Між тым абаронца Яўген Партноў даводзіў апэляцыйнаму суду, што паслаць парнаграфічны ролік з кампутара Аўраменкі было немагчыма, бо ў лісьце ня быў пазначаны сэрвэр, на які павінна было прыйсьці пасланьне.

Камэнтары да працэсу

Назіральнікі лічаць, што «парнаграфія» ў справах кампутаршчыкаў — гэта такая «палачка-выручалачка» для сьледзтва на выпадак, калі праваліцца асноўнае абвінавачаньне.

«Як падкідаюць патроны на выпадак, калі ня хопіць доказаў, а пасадзіць чалавека трэба», — параўнаў розныя выпадкі сябра Аўраменкі Сяргей, які назіраў за працэсам. Сяргей мяркуе, што ў кампутар любога чалавека могуць забрацца пэўныя наведнікі і пакінуць там што ім трэба, але «гэта не азначае, што гаспадар кампутара вінаваты ў распаўсюдзе забароненай інфармацыі». «Хаця ў Беларусі — азначае», — заўважыў Сяргей.

Другі прысутны на працэсе кампутаршчык, які зь меркаваньняў бясьпекі не назваў свайго імя, гэтак пракамэнтаваў абвінавачаньне Дзяніса Аўраменкі ў тым, што ён скраў 197 мільёнаў у карыстальнікаў свайго сайту:

«Нібыта з кожнага бралася па даляру праз СМС. Такім чынам, 8 гадоў няволі — гэта за 1 даляр, толькі ўзяты шмат разоў. Але ўпотай гэты даляр ніяк не забярэш. Праграма „Андроід“, якой Дзяніс карыстаўся, гэтак зроблена, што яна пытаецца твайго дазволу, браць зь цябе плату ці не. Вядома, чалавек можа пагадзіцца, не падумаўшы, гэтак бывае. Але таму і трэба было знайсьці тых нібыта пацярпелых і апытаць іх, як усё было, ці сьвядома яны пагаджаліся на аплату паслугі. Але гэтага сьледчыя не зрабілі. Ведаю, што сьледзтва рабіла запыт у Расею адносна пацярпелых, але ў справе нават няма зьвестак, які атрымалі адказ. Чаму? А хутчэй за ўсё таму, што адказ з Расеі наша сьледзтва не задаволіў, бо там іншы ланцужок, які ўлічвае і правайдэра, у якога зьбіраюцца грошы і ён вырашае, куды іх адправіць. Для іх гэта ніякае не злачынства».

Да прысуду, які прагучаў у Заводзкім судзе Менску 19 студзеня, Дзяніс Аўраменка быў пад падпіскай, спраўна прыходзіў на суд і верыў, што судзьдзі разьбяруцца ды здымуць зь яго ўсе абвінавачаньні. Сёньня ў апэляцыйны суд, дзе старшынёй была судзьдзя Менскага гарадзкога суду Тацяна Ермаловіч, падсуднага Аўраменку нават не прывезьлі. Ягоныя сваякі пасьля паседжаньня сказалі, што будуць працягваць змагацца за апраўданьне Дзяніса.

XS
SM
MD
LG