Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Зісер: «Думаю, справа Пракапені будзе яшчэ дастаткова доўга цягнуцца»


Юры Зісер

Юры Зісер

22 сьнежня пад падпіску аб нявыезьдзе вызвалены прадпрымальнік, адмыслоўца ў сфэры ІТ Віктар Пракапеня.

Як паведаміў кіраўнік прэс-службы Сьледчага камітэту Сяргей Кабаковіч, мера стрыманьня бізнэсоўцу зьмененая «з улікам таго, што выкананы асноўныя сьледчыя дзеяньні па крымінальнай справе, і Віктар Пракапеня цалкам кампэнсаваў усю шкоду».

Сам Віктар Пракапеня на кантакты з прэсай ня ідзе.

Заснавальнік парталу tut.by Юры Зісер вітае зьмену стрыманьня Віктара Пракапені, але выказвае асьцярогу, што справа будзе цягнуцца яшчэ даволі доўга:

— Гэта добрая прыкмета. Для краіны гэта вельмі добра. Але трэба адзначыць, што яму проста зьмянілі меру стрыманьня — на падпіску аб нявыезьдзе, то бок крымінальная справа Пракапені не закрытая. І я думаю, што яна будзе даведзеная да пераможнага канца, таму што вельмі грошы дзяржаве патрэбныя.

— Але не выклікае непакою тое, што калегу Пракапені, які некалькі гадоў працаваў у ягонай кампаніі — Аляксея Камка — асудзілі летам на 6 гадоў?

— Усё можа быць... Адзінае, што зьмянілася, гэта тое, што яго выпусьцілі пад падпіску ад нявыезьдзе. Больш нічога не зьмянілася. Але ўрэшце справу Аляксея Камка могуць пераглядзець таксама. Ён ужо два гады сядзіць. Можа быць, яго таксама выпусьцяць, калі справу Пракапені завершаць. Але я думаю, што гэта справа Пракапені будзе яшчэ дастаткова доўга цягнуцца. Такія справы цягнуцца гадамі.

— Але страты ён кампэнсаваў, як паведамляе Сьледчы камітэт.

— Так. Але ў нас жа сыстэма марудна, нязграбна працуе, адміністрацыйныя справы па штрафах цягнуцца па паўгода і больш. А тут крымінальная справа складаная, кампутарная, і цалкам яе могуць працягваць гадамі. Але радуе, што яго выпусьцілі, што ён можа хадзіць па вуліцы, радавацца сонцу. Але, наколькі я ведаю, ён не выходзіць у інтэрнэт і не выходзіць з дому, насалоджваецца камунікацыяй зь сям’ёй. Ён жыве за горадам, зараз бавіць час з роднымі, гуляе зь дзіцём.

Я ня ведаю, ці мае ён права працаваць, я не юрыст. Але ў любым разе гэта лепш, чым сядзець у турме.

— А ён сам ідзе на кантакт?

— Я перакананы, што ён ня пойдзе на кантакт, таму што пэўна яму забаронена камэнтаваць справу, ён усё адно нічога ня скажа да завяршэньня справы, да прысуду. Таму, я думаю, ён будзе пазьбягаць кантактаў з прэсай.

XS
SM
MD
LG