Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яшчэ аднаго IT-шніка асудзілі на вялікі тэрмін за дзеяньні ў інтэрнэце


Фота ©Shutterstock
Фота ©Shutterstock

Заводзкі суд Менску асудзіў на 8 гадоў з канфіскацыяй менчука Дзяніса Аўраменку, якога прызнаў вінаватым у крадзяжы 197 мільёнаў рублёў празь зьмяшчэньне непраўдзівай інфармацыі ў інтэрнэце.

Заводзкі суд Менску асудзіў на 8 гадоў з канфіскацыяй менчука Дзяніса Аўраменку, якога прызнаў вінаватым у крадзяжы 197 мільёнаў рублёў празь зьмяшчэньне непраўдзівай інфармацыі ў інтэрнэце. Дзяніс Аўраменка сваёй віны не прызнаў. Адвакаты асуджанага падалі ў менскі гарадзкі суд апэляцыю, якая будзе разгледжаная 5 красавіка.

Справа Дзяніса Аўраменкі стала другім за год працэсам над вядомым ІT-шнікам пасьля асуджэньня ў чэрвені мінулага году Аляксея Камка. Прычым, паводле назіральнікаў, яна ў нечым падобная да таго працэсу.

«Я ня ведаў, што гэта незаконна», — сказаў на судзе аб інкрымінаваным яму злачынстве Дзяніс Аўраменка, які адмовіўся даваць паказаньні на сьледзтве і ў судзе. Амаль год таму Аляксей Камок заяўляў суду, што за дзейнасьць, якую яму паставілі ў віну, у законе на момант зьдзяйсьненьня не было адказнасьці, і таму ён не разумее, за што яго судзяць.

Аляксею Камку суд даў 6 гадоў зьняволеньня. А за што асудзілі на 8 год Дзяніса Аўраменку? Паводле сьледзтва, 32-гадовы мянчук адкрыў некалькі сайтаў, празь якія можна было спампаваць пэўныя праграмы для мабільных тэлефонаў. За гэта карыстальнікі павінны былі адпраўляць платныя SMS. Сьледзтва даводзіла, што грошы з карыстальнікаў праграмаў браліся бязь іх ведама і што гэтак Дзяніс Аўраменка нібыта скраў 197 мільёнаў рублёў у больш як 9 тысяч карыстальнікаў.

Праўда, як зазначыла на працэсе абарона Аўраменкі, з тых пацярпелых толькі адзін выступіў у якасьці сьведкі, а прозьвішчы іншых пацярпелых нават не былі высьветленыя. Таксама адвакаты Дзяніса Аўраменкі зьвярнулі ўвагу суду на тое, што не было прадстаўлена доказаў, што сайтамі, на якіх нібыта вялася злачынная дзейнасьць, сапраўды валодаў абвінавачаны, Не было прадстаўлена зьвестак ні пра тое, што Дзяніс Аўраменка завалодаў 197 мільёнамі рублёў незаконнага прыбытку, ні пра тое, як ён імі распарадзіўся. Тым ня менш суд прызнаў Дзяніса Аўраменку вінаватым.

Валянцін Стэфановіч
Валянцін Стэфановіч

Праваабаронца «Вясны» Валянцін Стэфановіч зазначыў у камэнтары для Свабоды, што справы, зьвязаныя са злачынствамі ў інтэрнэце, сталі ўсё часьцей трапляць у судовыя хронікі. Гэта сьведчыць пра падвышаную ўвагу праваахоўнікаў да гэтай катэгорыі грамадзянаў. «Але да нас сваякі гэтых людзей не зьвярталіся па прававую дапамогу», — дадаў Валянцін Стэфановіч.

Праваабаронца зьвярнуў увагу на вялікія, паводле ягонай ацэнкі, тэрміны, якімі суды караюць ІТ-шнікаў.

«Нейкія занадта жорсткія тэрміны. Ажно 8 год за злачынства, якое ўсё ж не зьвязанае з гвалтам супроць асобы ці з карупцыяй — ня думаю, што гэта апраўдана. Відаць, грае ролю для кваліфікацыі памер сумы, якая нібыта скрадзена. Але 197 мільёнаў рублёў на момант злачынства — гэта было ўсяго недзе 20 тысяч даляраў, хоць паводле нашага заканадаўства і гэта можа кваліфікавацца як буйны ці нават асабліва буйны памер.

І ўсё роўна мяркую, што за злачынства, не зьвязанае з гвалтам супроць асобы, можна больш карыстацца матэрыяльным пакараньнем, чым даваць такія вялікія тэрміны.

І што яшчэ атрымліваецца? У нас закон кажа, што ўсе перад ім роўныя, але калі нехта зьдзейсьніў карупцыйнае злачынства, накраў дзясяткі тысяч даляраў, браў хабар золатам, каб «адмазаць» ад суду, ды яшчэ і падарваў аўтарытэт дзяржаўнай улады — дык таго прэзыдэнт можа памілаваць і адправіць кіраваць калгасам ці заводам. А калі вось гэтак, зрабіў нядобры ўчынак, але ня быў зьвязаны з уладай — дык той будзе сядзець шмат гадоў?

Лічу, стаўленьне да парушальніка закону павінна быць аднолькавае. У гэтым, сярод іншага, сэнс пакараньня, якое павінна быць непазьбежным і роўным паводле закону.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG