Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар замежных справаў Польшчы будзе размаўляць з Лукашэнкам «пра ўсё, пра што той захоча»


Міністар замежных справаў Польшчы Вітальд Вашчыкоўскі

Міністар замежных справаў Польшчы Вітальд Вашчыкоўскі

Першы за многія гады працоўны візыт міністра замежных справаў Польшчы ў Беларусь пачаўся 22 сакавіка. Пасьля ўскладаньня кветак у Курапатах і размоваў зь беларускім калегам Уладзімерам Макеем Вітальд Вашчыкоўскі сустрэўся з прэсай. У размове з карэспандэнтам Свабоды Вашчыкоўскі паведаміў, што будзе размаўляць з Лукашэнкам «пра ўсё, што ён захоча»:

«Я гатовы да размовы на кожную тэму, пра замежную палітыку, пра ўнутраную палітыку, пра двухбаковыя адносіны і справы рэгіянальныя, пра тое, як дабіцца міру паміж Раксеяй і Ўкраінай. Па праўдзе, тэмаў вельмі шмат, і на кожную мы гатовыя размаўляць».

На пытаньне карэспандэнта пра тое, ці будзе міністар казаць Лукашэнку пра правы чалавека, Вашчыкоўскі адказаў станоўча:

«Так, пра тое мы ўжо размаўлялі сёньня з прадстаўнікамі ўлады Беларусі. Я распавёў, што я з ураду, які належыць каранямі да вялікага руху «Салідарнасьць« у Польшчы, які лічыць, што трэба трымацца правоў чалавека і дэмакратычных законаў».

Гаворка, кажа ён, вялася і пра правы чалавека, і пра дэмакратызацыю, і пра свабоду мэдыяў, якія «ня могуць выкарыстоўвацца палітыкамі», у тым ліку акрэдытацыю ў Беларусі польскіх мэдыяў, у прыватнасьці тэлеканалу «Белсат».

У размове зь беларускім міністрам замежных справаў Макеем закраналіся і пытаньні Саюзу палякаў Беларусі, але пазытыўных вынікаў дамагчыся не атрымалася:

«Гэта была доўгая размова на гэтую тэму, мы дамовіліся працягваць перамовы. Таму мы хочам захаваць гэту справу такім чынам, каб яна не давала непатрэбных надзеяў, калі мы ня зможам іх вырашыць. Найперш мы хочам распачаць размовы на ўзроўні спэцыялістаў у межах нашых міністэрстваў, каб выпрацаваць мэханізмы пазытыўнага вырашэньня».

У праграме міністра – наведваньне мясьцінаў, адкуль паходзіць ягоная сям’я. На пытаньне, ці падарожжа ў Ваўкавыск мае для міністра сантымэнтальны характар, Вашчыкоўскі сказаў:

«Хацеў пабачыць, дзе жыла мая радня, дзе працаваў мой дзед, мая маці, у вёсцы. Пасьля вайны згубілі які-кольвек кантакт з раднёй. Хацеў проста пабачыць тое месца, ня маю надзеі, што калі-небудзь знайду, спаткаю іх».

Адна з журналістаў спытала Вашчыкоўшкага пра тое, ці не паўторыцца тое, як папярэдняя лібэралізацыя ў Беларусі скончылася арыштамі апазыцыі, у тым ліку кандыдатаў у прэзыдэнты.

«Я не хацеў бы ўмешвацца ва ўнутраную палітыку Беларусі. Мы адчуваем кожны крык, кожную крыўду, і там, дзе людзям чыніцца крыўда, дзе будуць казаць, што парушаюцца правы, мы будзем намагацца дапамагчы. Як будзе выглядаць будучыня Ўкраіны, прашу прабачэньня, Беларусі... Гаворым увесь час пра вайну расейска-ўкраінскую... Гэта залежыць ад беларускага грамадзтва».

Акрамя таго, Вашчыкоўскі ў размове з журналістамі крайне нэгатыўна ацаніў сёньняшні расейскі прысуд украінскай лётчыцы Надзеі Саўчанцы:

«Гэта такі тэрарызм супраць чалавечнасьці. Гэтая справа павінна быць глыбока разгледжаная, як дайшло да атакі Расеі на Ўкраіну, да забойства людзей. Ужо размаўлялі пра гэта з эўрапейскімі лідэрамі і надалі мандат спадарыні Магерыні, каб дамагался вызваленьня Саўчанкі».

XS
SM
MD
LG