Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польшча пачынае стасункі зь Беларусьсю без усялякіх папярэдніх умоваў, — міністар Вашчыкоўскі


Вітальд Вашчыкоўскі (Witold Waszczykowski)

Вітальд Вашчыкоўскі (Witold Waszczykowski)

Макей кажа пра Польшчу, якую ў Менску хочуць бачыць партнэрам і сябрам

Сёньня пачаўся працоўны візыт міністра замежных спраў Польшчы Вітальда Вашчыкоўскага ў Беларусь.

Пасьля сустрэчы са сваім беларускім калегам Уладзімерам Макеем кіраўнікі зьнешнепалітычных ведамстваў выйшлі да журналістаў, выказалі сваё стаўленьне да таго, як праходзяць перамовы, і адказалі на некалькі пытаньняў.

Уладзімер Макей на правах гаспадара выступаў першым і адзначыў «надзвычай адкрытую, шчырую і канструктыўную атмасфэру», у якой праходзіць сустрэча:

«Мы маем намер актывізаваць польска-беларускі дыялёг па ўсіх кірунках».

Беларускі міністар прызнаў, што ў транспамежных дачыненьнях ёсьць спрэчныя пытаньні, але яны ў хуткім часе будуць урэгуляваныя. На яго погляд, «абодва бакі сёньня паказалі сваю гатоўнасьць да пакрокавага вырашэньня абсалютна ўсіх складаных пытаньняў».

«Закладзены добры фундамэнт, і на гэтым фундамэнце далей будзе будавацца добрасуседзтва праз кампрамісы і паразуменьне абодвух бакоў», — запэўніў Уладзімер Макей.

Вітальд Вашчыкоўскі сказаў, што ён прадстаўляе ў Менску новы польскі ўрад, які лічыць, што дрэнна, калі блізкія суседзі ня маюць нармальных зносінаў на працягу шэрагу гадоў:

«Я прыехаў сюды, каб пачаць перамовы аб зьмяненьні сытуацыі бязь нейкіх папярэдніх умоваў. Мой урад сваімі каранямі сягае „Салідарнасьці“, і таму мы проста ня маем права забывацца пра такія рэчы, як дэмакратыя і правы чалавека. Але што тычыцца гэтых паняцьцяў адносна Беларусі, то давайце ўзгадаем, што сьвет будаваўся не адразу, і мы гэта разумеем, калі бачым, што адбываецца ў Беларусі. Мы зацікаўленыя ў тым, каб суседняя Беларусь была сучаснай дзяржавай».

Міністар замежных спраў Польшчы сказаў, што ён наведаў Курапаты, дзе адбываліся жорсткія злачынствы, што падчас перамоў абмяркоўваецца становішча палякаў у Беларусі. Асобным пунктам разглядаецца мадэрнізацыя прыпамежнага руху, прычым бакі будуць шукаць магчымасьць прыцягнуць да разьвіцьця інфраструктуры на памежжы грашовыя сродкі з трэціх крыніц.

На заканчэньне Ўладзімер Макей сказаў:

«У нас ёсьць вялікія надзеі на нармалізацыю дачыненьняў з Эўразьвязам. Гэта не азначае, што мы дзеля гэтага будзем разрываць дачыненьні зь нейкімі іншымі краінамі. Не, мы будзем проста дывэрсыфікаваць сваю палітыку, каб на нашай з Польшчай агульнай мяжы была мяжа сяброўства, а не мяжа, якая разьядноўвае».

Уладзімер Макей падзякаваў свайму польскаму калегу за запрашэньне наведаць Варшаву. Праўдападобна, гэты візыт адбудзецца праз пару месяцаў.

А міністар Вашчыкоўскі сказаў, што заўтра перад ад’ездам зь Беларусі ён абавязкова наведае Ваўкавыск, дзе нарадзілася і жыла ягоная маці.«Гэта будзе першы і, спадзяюся, мой не апошні візыт у Беларусь», — сказаў кіраўнік зьнешнепалітычнага ведамства Польшчы.

XS
SM
MD
LG