Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дагаспадарыліся ў калгасе: кароў карміць няма чым, палеткі амаль паўсюль не ўзараныя...»


Нягледзячы на тое, што ўлады не перашкаджалі арганізатарам лютаўскіх несанкцыянаваных акцыяў пратэсту ў цэнтры Менску, шэрагі ўдзельнікаў мітынгаў цяжка назваць шматлюднымі. Пры гэтым варта мець на ўвазе, што значную частку тых, хто сабраўся на плошчы, складалі зусім не прадпрымальнікі, дзеля якіх, уласна, гэтыя пратэсты наладжваліся.

Чаму так адбылося? З аднаго зь лістоў на гэтую тэму пачну сёньняшнюю размову. Наш даўні сябар Кастусь Сырэль з Ушачаў піша:

«Калі і дзе ў гісторыі было, каб індывідуальныя прадпрымальнікі (чытай — дробныя гандляры) пратэставалі? Узгадваюцца то ангельскія докеры, то нямецкія авіядыспэтчары, то рабочыя зь сялянамі, то студэнты. Але купецкае саслоўе як ініцыятар рэвалюцыйных дзеяньняў нешта на памяць не прыходзіць.

...Сустрэў нядаўна знаёмага, які жыве ў Віцебску. Ён працаваў інжынэрам, цяпер прадпрымальнік, займаецца продажам чагосьці будаўніча-сантэхнічнага. Пытаюся: «А што ты будзеш рабіць, калі і цябе зачыняць?» Адказ: «Ха! Падумаеш! Займуся тым жа, чым і раней, да прадпрымальніцтва. Працу знайду няпыльную, каб стаж ішоў і часу было шмат вольнага. Паеду ў выходныя ў Смаленск, набуду пяць-шэсьць тэлевізараў, дзясятак пляншэтаў, яшчэ сёе-тое, потым прадам у Віцебску... Толькі тады я ўжо ніякіх падаткаў ІМ плаціць ня буду!»

— А як жа... плошча? — пытаюся я.

— Якая плошча? Ах, плошча! Я што, з дуба зваліўся — на плошчу ехаць? Вось вы, сталы чалавек, скажыце мне па праўдзе: вы бачылі ў нас хоць адну плошчу, якая прынесла станоўчы вынік?

— Ну... шчыра кажучы, не.

— І я таксама. Усё гэта — пустая балбатня і трасеньне паветра. Мне сям’ю трэба карміць, дзяцей падымаць...

Дзеля справядлівасьці скажу, што падобныя погляды ўласьцівыя ня толькі прадпрымальнікам. У сваіх гутарках зь людзьмі я пастаянна заўважаю, што яны, па-першае, спадзяюцца толькі на сябе, а па-другое, дыстанцыююць сябе ад дзяржавы гэтымі вось словамі — МЫ і ЯНЫ. І я ня чуў ні разу, каб хто-небудзь зьвязваў узровень свайго дабрабыту з дабрабытам дзяржавы.

...Уладу ў краіне насуперак Канстытуцыі захапіла група чыноўнікаў на чале зь вядомым грамадзянінам, які, відаць, лічыць, што мы, народ, — ягоная ўласнасьць і што ён можа рабіць з намі ўсё што заўгодна. Захацеў — дазволіў грамадзянам займацца дробным гандлем. Захацеў — забараніў, выдумаўшы ўказ № 222, які, дарэчы, супярэчыць Канстытуцыі. Захацеў — абклаў падаткам беспрацоўных. Захацеў — наклаў абмежаваньні на пасылкі з-за мяжы. Захацеў — палац за нашы грошы пабудаваў. Захацеў — пэрсанальны самалёт набыў і ў Эміраты на ім паляцеў, зноў жа за нашы грошы. Што захацеў — тое і зрабіў!»,

— напісаў у сваім лісьце на Свабоду Кастусь Сырэль з Вушачаў.

Сапраўды, спадар Кастусь: цяжка ўявіць, што дробныя гандляры раптам сталі рухавіком рэвалюцыйных зьменаў у дзяржаве. Асабліва — у беларускіх умовах, дзе асаблівай арганізаванасьцю ды згуртаванасьцю не адзначаюцца ня тое што прадпрымальнікі, а і нашмат менш заможныя сацыяльныя групы — рабочыя прамысловых прадпрыемстваў, настаўнікі, мэдыкі... Адпаведнае і стаўленьне ўлады да патрэбаў і чаканьняў гэтых людзей. Лічацца найперш з тымі, хто здольны адстойваць свае правы ды інтарэсы.

Аўтар наступнага ліста Павал Сац зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну распавядае пра цяперашняе сельскае жыцьцё. Слухач піша:

«Ну і дагаспадарыліся ў нас аб’яднаныя ў адзін СВК колішнія калгасы ў Макранах ды Ляхаўцах! Кароў карміць няма чым. Палеткі амаль паўсюль не ўзараныя: ляжыць у аблозе да 50 працэнтаў колішняга ворыва. А нядаўна адключылі электраэнэргію за неаплату. Так што нават змалоць зерне няма як. А выклікаць зь Менску машыну, якая вырабляе вотруб’е — каштуе 10 мільёнаў рублёў. Адкуль у банкрутаў такія грошы!

...Раней я ўжо паведамляў на Свабоду пра так званую „мясную справу“: 10 тон мяса ў нас скралі пад выглядам таго, што выпісвалі па нізкіх коштах мясцовым жыхарам. Дык вось, справа гэтая так і заглухла: сьледчыя органы маўчаць. Людзі між сабой гавораць: крумкач крумкачу вока ня выдзеўбе.

Увогуле, зарабіць добрыя грошы сумленнай працай у нашых умовах цяпер цяжка (калі ўвогуле магчыма). Так што многія шукаюць розныя крывыя сьцежкі. Папулярны спосаб — кантрабанда (балазе — украінская мяжа побач). Раней чаго толькі не цягнулі ў абыход памежных пунктаў. За „адкаты“ перапраўлялі і тэхніку, і людзей. Цяпер гэты „бізнэс“ прыціснулі. Нядаўна ў аднаго жыхара Ляхаўцаў забралі тры машыны і трактар. І хоць расьпісаныя яны былі на сваякоў — не дапамагло. Думаў чалавек — ніхто ня ўбачыць і не данясе. Ды толькі шыла ў мяшку ня ўтоіш...», —

— напісаў у сваім лісьце на Свабоду Павал Сац зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну.

Ваш допіс, спадар Павал — вельмі адметная, у пэўным сэнсе нават сымбалічная ілюстрацыя і падсумаваньне ўсёй больш як 20-гадовай спробы ўратаваньня калгаснай сыстэмы ў Беларусі. За гэты час з агульнадзяржаўнай кішэні на гэта былі выдаткаваныя дзесяткі мільярдаў даляраў. А вынік? Вось апошнія зьвесткі Міністэрства фінансаў. Усяго ў Беларусі 1039 гаспадарак (былых калгасаў пад новымі назвамі). Зь іх стратныя — 208, неплатаздольныя — 452. Іншымі словамі, больш як палова сёньняшніх беларускіх калгасаў ня здольныя гаспадарыць прыбыткова і прыносяць грамадзтву адны толькі страты.

_______________________________________________________

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную суботу.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG