Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Керы паведаміў аб пагадненьні з Расеяй па рэалізацыі перамір’я ў Сырыі


Джон Керы
Джон Керы

Дзяржсакратар ЗША заявіў, што Вашынгтон і Масква ня будуць спрачацца пра парушэньні перамір’я публічна, але будуць правяраць кожнае паведамленьне.

Дзяржсакратар ЗША Джон Керы заявіў, што ён і яго расейскі калега пагадзіліся актывізаваць працу па стварэньні мэханізму, які павінен абмежаваць удары ў Сырыі выключна аб’ектамі «Ісламскай дзяржавы» і «Фронту Нусра».

Пагадненьне аб спыненьні баявых дзеяньняў не распаўсюджваецца на ўдары па джыхадзісцкіх групоўках, такіх як «Ісламская дзяржава» і «Фронт Нусра». Расея, якая падтрымлівае сырыйскі ўрад з паветра, выразна дала зразумець, што мае намер працягваць бамбіць гэтыя групоўкі.

«У мяне была пара размоваў зь міністрам замежных спраў Расеі Сяргеем Лаўровым, і мы пагадзіліся, што, хоць з абодвух бакоў былі паведамленьні пра некаторыя парушэньні, і мы ўспрымаем іх вельмі сур’ёзна, мы ня хочам спрачацца пра іх публічна ў прэсе», — заявіў Керы на сумеснай прэс-канфэрэнцыі зь міністрам замежных спраў Нямеччыны Франкам-Вальтэрам Штайнмаерам.

«Мы хочам працаваць над ліквідацыяй парушэньняў, і мы прыйшлі да пагадненьня аб працэсе, у рамках якога мы будзем гэта рабіць», — дадаў дзяржсакратар.

«Мы будзем адсочваць кожнае меркаванае парушэньне і ўзмоцнім працу па выбудоўваньні канструкцыі, якая дапаможа нам гарантаваць, што апэрацыі, якія праводзяцца, — гэта сапраўды апэрацыі супраць „Нусры“ ці „Даіш“», — растлумачыў Керы.

Кіраўнік амэрыканскай дыпляматыі адзначыў, што, хоць робяцца намаганьні па адсочваньні меркаваных парушэньняў рэжыму спыненьня баявых дзеяньняў у Сырыі, у цяперашні час няма сьведчаньняў, на падставе якіх можна меркаваць, што яны дэстабілізуюць крохкае перамір’е.

«Мы ўключаемся ў працэс, які мы запусьцілі, каб правяраць, ці сапраўды мела месца парушэньне, або гэта быў дапушчальны ўдар па „Нусры“ ці па „Даіш“», — сказаў ён.

Па словах Керы, нягледзячы на паведамленьні аб парушэньнях, для пераважнай большасьці жыхароў Сырыі адбылося зьніжэньне гвалту.

«Таму мы заклікаем ўсе бакі не шукаць магчымасьцяў сысьці ад абавязацельстваў па спыненьні баявых дзеяньняў, а дапамагчы працэсу, узяць на сябе адказнасьць», — дадаў Керы.

У панядзелак высокапастаўлены прадстаўнік Высокага камітэта па перамовах, які падтрымлівае Саудаўская Арабія, заявіў, што спыненьню баявых дзеяньняў пагражае «поўнае ануляваньне», паколькі атакі сырыйскага ўраду парушаюць пагадненьне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG