Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чатыры сусьветныя дзяржавы абяцаюць кантраляваць перамір’е ў Сырыі


Франсуа Алянд
Франсуа Алянд

Франсуа Алянд: Злучаныя Штаты Амэрыкі, Францыя, Вялікабрытанія і Нямеччына заклікалі пакласьці канец гуманітарнаму крызісу ў Сырыі.

Прэзыдэнт Францыі Франсуа Алянд заявіў, што яго краіна, сумесна з ЗША, Нямеччынай і Вялікабрытаніяй, будзе ўважліва сачыць за выкананьнем перамір’я ў Сырыі.

Алянд таксама паведаміў, што пасьля абмеркаваньня лідэрамі чатырох дзяржаў умоваў перамір’я была прынятая заява з заклікам пакласьці канец гуманітарнаму крызісу ў Сырыі. Сусьветныя лідэры заклікалі сырыйскага прэзыдэнта Башара Асада ўсебакова садзейнічаць гуманітарным пастаўкам. Францускі прэзыдэнт адзначыў, што ў гэтым сэнсе трэба аказваць ціск і на саюзьнікаў Асада, уключаючы Расею. «Інакш працягнецца зыход уцекачоў, і складзецца невыносная гуманітарная сытуацыя ўжо ў Турэччыне», — падкрэсьліў Алянд.

Перад абмеркаваньнем сытуацыі зь перамір’ем дзяржсакратар ЗША Джон Керы заклікаў не зацягваць увядзеньне рэжыму спыненьня агню ў Сырыі, бо ў іншым выпадку можа не захавацца яе тэрытарыяльная цэласнасьць.

Раней у аўторак прэзыдэнт Сырыі Башар Асад прыняў умовы перамір’я, пра якія дамовіліся 22 лютага Расея і ЗША і якое набывае моц 27 лютага. Пры гэтым Дамаск пакінуў за сабой права наносіць удары ў адказ у выпадку нападу на пазыцыі ўрадавых сілаў.

Сырыйская апазыцыя ўспрыняла ўмовы перамір’я больш насьцярожана, падкрэсьліўшы, што па-ранейшаму хоча атрымаць міжнародныя гарантыі таго, што Расея ня будзе дапамагаць рэжыму Асада ў яго барацьбе з паўстанцамі.

Перамір’е не прымае пад увагу экстрэмісцкую групоўку «Ісламская дзяржава» (забароненую ў РФ) і зьвязаныя зь ёю сілы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG