Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Менску можа зьявіцца вуліца Касьцюшкі


Тадэвуш Касьцюшка, літаграфія. Лілея Варэца, Валянцін Варэца

Тадэвуш Касьцюшка, літаграфія. Лілея Варэца, Валянцін Варэца

Пытаньне ўключанае ў парадак дня найбліжэйшага пасяджэньня камісіі Менгарвыканкаму па перайменаваньні вуліц.

У Менгарвыканкаме неўзабаве разгледзяць пытаньне аб прысваеньні адной з вуліц сталіцы імя Тадэвуша Касьцюшкі (1746 — 1817), кіраўніка вызвольнага паўстаньня 1794 году на тэрыторыі сучасных Беларусі, Польшчы і Літвы, ганаровага грамадзяніна Францыі, нацыянальнага героя ЗША і Польшчы.

Месяц таму грамадзкае аб’яднаньне «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны» абвясьціла пра пачатак грамадзкай кампаніі па перайменаваньні адной з вуліц Менску ў гонар Тадэвуша Касьцюшкі. Кампанія прымеркаваная да 270-годзьдзя знакамітага ўраджэнца беларускай зямлі.

У лісьце на адрас сталічных уладаў гаварылася, што вуліцы, якія носяць імя Касьцюшкі, ёсьць у Польшчы, Расеі, ЗША, Украіне, а таксама ў некаторых беларускіх гарадах, у прыватнасьці ў Баранавічах, Берасьці, Гародні, Нясьвіжы, Пінску. У той жа час на мапе Менску імя знакамітага беларуса да гэтага часу няма.

Міністэрству ж культуры прапанавалі абвясьціць конкурс на выраб помнікаў Тадэвушу Касьцюшку ў Менску, Берасьці, а таксама на малой радзіме знакамітага беларуса — у Косаве (Івацэвіцкі раён Берасьцейскай вобласьці). У звароце адзначалася, што па ўсім сьвеце Касьцюшку пастаўленыя сотні помнікаў, але ніводнага — у Беларусі.

Менскія ўлады лічаць, што пытаньне аб усталяваньні ў сталіцы помніка Тадэвушу Касьцюшку трэба разглядаць пасьля таго, як зьявіцца вуліца яго імя і будуць вызначаныя крыніцы фінансаваньня праекта.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG