Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віртуальная экскурсія Свабоды па Марачоўшчыне, дзе нарадзіўся Касьцюшка


Урачыстасьці з нагоды 270-х угодак з дня нараджэньня Тадэвуша Касьцюшкі адбудуцца 4 лютага ва ўрочышчы Марачоўшчына каля Косава.

Каля дому-музэю Тадэвуша Касьцюшкі зьбяруцца дыпляматы, прадстаўнікі ўладаў і грамадзкасьці. Да валуна з рэльефам Касьцюшкі ўскладуць кветкі, адбудзецца экскурсія па музэі. У юбілейны год імпрэзу дапоўняць тэатралізаванай пастаноўкай пра жыцьцё сям’і Касьцюшкаў.

Музэй Касьцюшкі — побач з палацам Пуслоўскіх ХІХ стагодзьдзя, які цяпер рэстаўруецца. Недалёка ад Косава — і Ружаны, дзе аднаўляецца палац Сапегаў.

Як распавяла Свабодзе дырэктарка музэю Касьцюшкі Натальля Сушко, музэй Касьцюшкі ўвагай турыстаў не абдзелены:

Наведнікаў тут дастатковая колькасьць нават у зімовы пэрыяд. За год было больш як 23 тысячы чалавек. Шмат замежнікаў бывае.

«Наведнікаў тут дастатковая колькасьць нават у зімовы пэрыяд. За год было больш як 23 тысячы чалавек. Я думаю, гэтая лічба шмат кажа. Шмат замежнікаў бывае, учора ладзілі экскурсію для вялікай групы палякаў. Запісваюцца папярэдне, у нас ужо па запісе ёсьць замовы з Расеі і Польшчы. Фонд папаўняецца. Летась у нас зьявілася выстава марак, паштовак і канвэртаў, прысьвечаная Касьцюшку і ягонай эпосе. У нас тут адбываюцца вясельлі. Дзесьці каля дзесяці-пятнаццаці вясельляў ладзілі зь ліпеня. Як правіла, гэта мясцовыя жыхары».

Вакол музэю пакрысе нарастае інфраструктура — побач папулярная кавярня «Касьцюшка», два бізнэсоўцы ўтрымліваюць гатэльчык, нават у Косаве прадпрымальныя жыхары прапануюць жыльлё для турыстаў.

Урачыстасьці 4 лютага распачнуцца а 12-й гадзіне. Звычайна людзі пачынаюць зьбірацца пасьля 11-й.

Летась на ўшанаваньні народзінаў Касьцюшкі адбываліся і неафіцыйныя ўрачыстасьці. Перад прысутнымі выступаў бард Зьміцер Бартосік, а баранавіцкі прадпрымальнік, кухар Мікола Чарнавус частаваў удзельнікаў мерапрыемства «касьцюшкаўскай» кашай.

Тадэвуш Касьцюшка (1746-1817) — палітычны і вайсковы дзяяч Рэчы Паспалітай. Кіраўнік вызвольнага паўстаньня 1794 году, удзельнік Вайны за незалежнасьць ЗША, нацыянальны герой Беларусі, Польшчы і Злучаных Штатаў Амэрыкі, ягоны бюст знаходзіцца ў Кангрэсе ЗША.

XS
SM
MD
LG