Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАМУНІСТ. Як я запісвала інтэрвію з трэцім прэзыдэнтам Малдовы Ўладзімірам Вароніным


Cайт праекту «Расея і я»

Экс-прэзыдэнт Малдовы Ўладзімір Варонін адразу пагадзіўся на інтэрвію для Свабоды. Праз тыдзень я — у Кішынэве. Разам са здымачнай групай чакаем у прыёмнай штаб-кватэры Камуністычнай партыі Малдовы. Варонін да прэзыдэнцтва, падчас і пасьля яго быў лідэрам гэтай партыі.

Звычайны двухпавярховы будынак у цэнтры гораду, вельмі простая офісная мэбля, нічога лішняга, працоўная атмасфэра, бездакорная арганізацыя. Мне адразу ж перадае флэшку з фотаздымкамі шматгадовы фатограф Вароніна Валеры Карчмар.

Пачаць запіс у прызначаны час не атрымалася. Да былога прэзыдэнта прыехаў дзейны амэрыканскі амбасадар, іх гутарка крыху зацягнулася. Разам са мной у чарзе сядзелі журналісты двух малдаўскіх выданьняў. Шчыльны графік у былога прэзыдэнта, падумала я.

Калі рыхтавалася да інтэрвію, пераглядзела шэраг відэаінтэрвію з Вароніным для расейскіх тэлеканалаў. Уражвала мноства партрэтаў і бюстаў Леніна ў яго кабінэце і камуністычная рыторыка. З тых гутарак для мяне паўставаў вобраз суровага камуніста. Як бы мне яго зьмякчыць, каб не пачуць курс ВКПБ падчас інтэрвію, хвалявалася я.

«У мяне бацька быў камуністам, — кажу Ўладзіміру Мікалаевічу, пакуль нам прышпільваюць мікрафоны, — Думаю, што і застаўся ім». Я не схлусіла, насамрэч. «Камуністы былымі не бываюць», — адразу адрэагаваў трэці прэзыдэнт Малдовы. Кантакт быў наладжаны.

Калі мяне пытаюцца, хто з 12 былых лідэраў, удзельнікаў праекту «Расея і я» найбольш спадабаўся, мне заўсёды цяжка выбіраць, але Варонін усё ж — адзін зь найбольш упадабаных. Хаця я, адрозна ад свайго бацькі, антыкамуністка.

На пытаньне, якія палітыкі ўвасабляюць для яго Расею, Варонін адказвае, не задумваючыся: «Ленін, Сталін, Пуцін». А на пытаньне, ці не хацелася яму, як Лукашэнку, кіраваць дзесяцігодзьдзямі, Варонін гэтак жа цьвёрда адказвае, што ніколі не парушыць Канстытуцыю, і падкрэсьлівае, што як меў кватэру на пятым паверсе да прэзыдэнцтва, так і дагэтуль у ёй жыве, нічога не памяняў.

У ягоным кабінэце над канапай вялікі партрэт Леніна. «І амэрыканскага, і расейскага амбасадара я заўсёды пад Леніна саджу, я і сам усё жыцьцё пад Леніным», — прызнаецца Варонін.


«Чый Крым?», — пытаюся. «Крым... Так, як вырашылася пытаньне. Ён ёсьць тым, як вырашылася пытаньне. А што вы мяне выпрабоўваеце?» — відавочна, што ня хочацца гаварыць пра гэта былому прэзыдэнту Малдовы, краіны, якая дагэтуль ня можа вярнуць Прыднястроўе.

Вопытны палітык, Уладзімір Варонін станоўча выказваецца пра беларускага кіраўніка Аляксандра Лукашэнку. А калі нам выключаюць мікрафоны, з усьмешкай кажа, што ў беларускага кіраўніка няма пачуцьця гумару. На пасяджэньнях СНД Назарбаеў вельмі любіў жартаваць, згадвае Варонін, усе прэзыдэнты сьмяяліся зь ягоных жартаў, акрамя Лукашэнкі.

Пасьля запісу я атрымліваю падарунак — белае і чырвонае віно з вінаграднікаў Вароніна. Мы робім сумеснае фота на памяць, і 74-гадовы Варонін жартуе з фатографам: «Зрабі, каб на фота было бачна, што я трымаю яе за руку».



На разьвітаньне Варонін кажа: «Абавязкова перадайце прывітаньне бацьку ад мяне». Бацьку было вельмі прыемна...

Прэзыдэнт, які не падпісаў так званы «Мэмарандум Козака», плян фэдэралізацыі Малдовы, які прадугледжваў знаходжаньне расейскіх войскаў у Прыднястроўі. Старшыня Камуністычнай партыі Малдовы, падчас прэзыдэнцтва якога краіна істотна зблізілася з Эўразьвязам. Кіраўнік, які ніколі не даваў загад «Страляць», і лічыў, што лепей, як у красавіку 2009-га, пакінуць будынкі прэзыдэнтуры і парлямэнту, каб пазьбегнуць кровапраліцьця. Палітык, у якога ў кабінэце спалучаюцца праваслаўныя абразы і камуністычныя сымбалі. Малдаванін, які вырабляе сваё віно і хвалюецца, каб ягоная краіна ня страціла незалежнасьць.

Такім я пабачыла трэцяга прэзыдэнта незалежнай Малдовы Ўладзімера Вароніна. А ягоныя адказы на пытаньні для праекту Свабоды «Расея і я» прапаную кожнаму ацаніць самаму.


  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

XS
SM
MD
LG