Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАГМАТЫК. Як я запісвала інтэрвію з другім прэзыдэнтам Армэніі Робэртам Качаранам


Сайт праекту «Расея і я»

Я чакала інтэрвію з другім прэзыдэнтам Армэніі больш за тры месяцы. Пасьля завяршэньня другога прэзыдэнцкага тэрміну ў 2008 годзе Робэрт Качаран практычна не даваў вялікіх інтэрвію, зрэдку абмяжоўваўся кароткімі камэнтарамі.

Так што мне сапраўды пашанцавала. Думаю, што адыграў ролю ліст ад найвышэйшага кіраўніцтва Свабоды, у якім гарантавалася шматмільённая аўдыторыя праекту «Расея і я», які будуць трансьляваць усе службы Свабоды на ўсіх плятформах. Але вырашальным усё ж быў высокі аўтарытэт армянскай службы Радыё Свабода і яе дырэктара Граіра Тамразяна.

Офіс былога прэзыдэнта месьціцца ў самым цэнтры Ерэвану ў шыкоўным бізнэс-цэнтры. У кабінэце Робэрта Качарана пануе мінімалізм — стол, крэсла, некалькі цёмных шафаў, на сьцяне карціна з гарой Арарат, на маленькім століку ваза ў выглядзе гранату, аднаго з сымбаляў Армэніі. Усё зроблена максымальна проста, якасна, з добрым густам, і як мне падалося, максымальна адпавядае характару другога прэзыдэнта Армэніі. Я зьвярнула ўвагу і на тое, што фотаздымкі прэзыдэнта з сусьветнымі лідэрам былі разьмешчаныя ў холе ягонага офісу, а не на сьценах у кабінэце.

Вельмі дэтальная была падрыхтоўка да інтэрвію. Кіраўнік офісу былога прэзыдэнта Віктар Сагаманян падрабязна інструктаваў мяне, як лепей правесьці інтэрвію. Паводле яго, і гэта праўда, прэзыдэнт у сілу свайго характару, не адказвае на «лірычныя» пытаньні, кшталту, што ён адчувае ў тых ці іншых сытуацыях. Можаце запытацца, канечне, але адказам ня будзеце задаволеныя, раіў вопытны Віктар Сагаманян. Паводле яго, прэзыдэнт заўсёды адказвае вельмі канкрэтна і зьмястоўна, абапіраючыся на факты.

Былі падрабязна абгавораныя і тэхнічныя дэталі — як найлепей выставіць камэры, якім будзе сьвятло, што зьмяніць у інтэр’еры дзеля ідэальна пабудаванага кадру. За паўгадзіны да інтэрвію ўсе пакінулі кабінэт, каб кандыцыянэрам максымальна ахалодзіць яго (у Армэніі горача напачатку верасьня) з тым, каб падчас самога інтэрвію не ўключаць кандыцыянэр, бо гэта паўплывае на якасьць гуку.

За два тыдні да нашага інтэрвію ў Робэрта Качарана памерла маці... Ён быў апрануты ў строгі цёмны гарнітур і белую кашулю. Ахова засталася ў іншым пакоі. Я баялася, што прэзыдэнт ня будзе ўсьміхацца падчас інтэрвію...

Я памылілася...

Адно з маіх пытаньняў было пра палітычныя амбіцыі 61-гадовага Робэрта Качарана, пра тое, ці не зьбіраецца ён вяртацца ў вялікую палітыку. Напярэдадні мне парэкамэндавалі не задаваць гэтае пытаньне, паколькі адказу на яго даўно чакаюць у Армэніі, і калі Качаран вырашыць нешта сказаць, ён гэта зрабіць у інтэрвію не замежнаму, а мясцоваму СМІ.

Але я не магла не задаць гэтае пытаньне. Качаран усьміхнуўся. Памаўчаў. Сказаў, што гэта напэўна найбольш абмеркаваная і самая закрытая для яго тэма. І далей як адрэзаў: «Ніколі не кажы ніколі». Гэты невялікі фрагмэнт інтэрвію апублікавалі журналісты армянскай службы Свабоды, яго сотні разоў перапублікавалі, навіна проста выбухнула ў Армэніі і стала на некалькі дзён найбольш абмеркаванай тэмай у краіне. Праўда, праз некаторы час там скасавалі прэзыдэнцкую пасаду. Але, як мне падаецца, гэта не выключае вяртаньня Робэрта Качарана ў першыя шэрагі на палітычную сцэну Армэніі.

Belarus -- Robert Kocharyan, former president of Armenia and Anna Sous, RFE/RL

Belarus -- Robert Kocharyan, former president of Armenia and Anna Sous, RFE/RL


Першы прэзыдэнт Нагорна-Карабахскай рэспублікі, які быў адным з лідэраў нацыянальнага руху за незалежнасьць. Прэзыдэнт, які падчас тэракту у армянскім парлямэнце, асабіста вёў перамовы з тэрарыстамі і ўгаварыў іх здацца. Прагматычны палітык, які наладжваў добрыя адносіны з ЗША і Іранам адначасова, і лічыць любыя перамовы лепшымі за вайну. Кіраўнік краіны, які жорстка разганяў акцыі апазыцыі. Былы прэзыдэнт, які працуе незалежным дырэктарам у расейскім дывэрсыфікацыйным холдынгу «Сыстэма». Лідэр, які добра гаворыць па-ангельску і штодня глядзіць навіны CNN і Blumberg праз мабільныя дывайсы. Такім я пабачыла другога прэзыдэнта незалежнай Армэніі.

А ягоныя адказы на пытаньні для праекту Свабоды «Расея і я» прапаную кожнаму ацаніць самаму.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG