Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Знойдзеныя расейскія вайскоўцы, зьвязаныя са зьбіцьцём малазійскага «Боінгу» — Bellingcat


Іх імёны, фота і асабістыя зьвесткі зьмененыя ў публічным дакладзе, але сапраўдныя зьвесткі адасланыя ў Міжнародную сьледчую групу.

Міжнародная незалежная група дасьледчыкаў Bellingcat апублікавала расьсьледаваньне пра вайскоўцаў, якія зьбілі малазійскі самалёт «Боінг-777» MH17 над Украінай у 2014 годзе.

Паводле расьсьледаваньня Bellingcat, самалёт зьбілі з зэнітна-ракетнага комплексу «Бук-М1» вайскоўцамі расейскай 53-й зэнітна-ракетнай брыгады. Называюцца некалькі дзясяткаў імёнаў людзей, якія могуць быць датычныя да катастрофы. У публічным дакладзе імёны, фота і асабістыя зьвесткі зьмененыя, але сапраўдныя называюцца ў поўнай вэрсіі дакладу, адасланай Міжнароднай сьледчай групе.

Bellingcat адзначае, што ня мае прамых сьведчаньняў таго, хто кіраваў «Букам» у час зьбіцьця самалёту, але называе верагодным тое, што праз складанасьць комплексу расейцы ня проста перадалі сэпаратыстам сам комплекс, але і адаслалі разам зь ім экіпажы, прынамсі ў якасьці інструктараў.

Але дасьледчыкі падкрэсьліваюць, што ня так важна, хто менавіта выконваў загад, бо адказнасьць за забойства 298 пасажыраў са зброі, прадстаўленай Расеяй і, магчыма, кіраванай расейскімі вайскоўцамі, так ці іначай ляжыць на расейскім Міністэрстве абароны і вярхоўным галоўнакамандуючым Уладзімеры Пуціне.

Расея не прызнае, што брала нейкі ўдзел у зьбіцьці «Боінга» і выказвала розныя альтэрнатыўныя вэрсіі. У Радзе бясьпекі ААН Расея наклала вэта на прапанову аб стварэньні міжнароднага трыбуналу па катастрофе.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG