Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці магчыма пераадолець вэта Расеі ў Радзе бясьпекі ААН?


З такім пытаньнем мы зьвярнуліся да экспэрта ў пытаньнях міжнароднага права, дырэктара Цэнтру Астрагорскага і прафэсара унівэрсытэту West London Яраслава Крывога.

РС: Расея ў Радзе бясьпекі ААН наклала вэта на прапанову аб стварэньні міжнароднага трыбуналу па катастрофе малайзійскага Боінгу летась над Данбасам. Ці існуюць мэханізмы, каб абыйсьці гэтае вэта? Ці дзейсныя яны менавіта ў гэтым выпадку?

Крывой: Калі глядзець літаральна на палажэньні Статуту ААН, то адзіным органам, які можа прымаць абавязковыя рашэньні, зьяўляецца Рада бясьпекі. Прычым, гэтыя дзеяньні могуць прымацца ў выпадку пагрозы міру, парушэньня міру ці актаў агрэсіі.

Але безумоўна Генэральная асамблея ААН прадстаўляе ўсе краіны і яна ў сваю чаргу можа прымаць свае рашэньні, якія называюцца рэзалюцыямі. Адрозьненьне паміж рэзалюцыямі Генасамблеі і рэзалюцыямі Рады бясьпекі ў тым, што рэзалюцыі асамблеі звычайна не зьяўляюцца абавязковымі.

Вэта Расеі не перашкаджае прыняць рэзалюцыю Генэральнай асамблеі, што такі трыбунал неабходна стварыць. У прынцыпе асобныя краіны ці групы краінаў могуць разам дамовіцца пра стварэньне такога трыбуналу. Але справа ў тым, што некаторыя краіны ня будуць прызнаваць юрысдыкцыю такога трыбуналу. Хутчэй за ўсё РФ гэтыі шлях і абярэ, калі іншыя краіны створаць падобны трыбунал.

РС: У 1950 годзе Генэральная асамблея ААН прыняла рэзалюцыю № 377, якая прадугледжвала, што калі ў Радзе бясьпекі няма згоды па важным пытаньні, якое закранае міжнародную бясьпеку, то Генэральная асамблея пэўнай колькасьцю галасоў можа сама прыняць адпаведнае рашэньне. І гэтая рэзалюцыя некалькі разоў ужывалася, ў прыватнасьці, ў 1956 годзе, калі Вялікабрытанія і Францыя, сталыя чальцы Рады бясьпекі ААН з правам вэта, зрабілі ваенную экспэдыцыю ў Эгіпет. У дадзеным выпадку ці можа быць задзейнічаны мэханізм рэзалюцыі № 377?

Крывой: Гэты мэханізм можа быць задзейнічаны, але рашэньні Генэральнай асамблеі неабавязковыя. Краіны, якія зь імі нязгодныя, могуць іх не выконваць. Можна прыгадаць рэзалюцыю, якая была прынятая пасьля анэксіі Крыму. Большасьць краінаў прагаласавалі за рэзалюцыю, якая асуджала анэксію, некаторыя прагаласавалі супраць.
У выніку рэзалюцыя была палітычным сыгналам, некаторыя краіны яго ўспрынялі і дзейнічаюць адпаведным чынам. А некаторыя краіны з гэтым нязгодныя і іх немагчыма прымусіць выконваць гэтую рэзалюцыю.

У мінулым, у тых выпадках, якія вы прагадвалі, некаторыя краіны разглядалі рашэньні Генэральнай асамблеі ААН як абавязковыя і лічылі, што яны даюць ім права выкарыстоўваць сілу ў міжнародных канфліктах.

РС: А ці можна ў межах Статуту ААН пазбавіць Расею права вэта наагул ці пры разглядзе нейкага канкрэтнага пытаньня?

Крывой: ААН была заснаваная пасьля Другой сусьветнай вайны і яе структура адлюстроўвае той расклад сілаў, які быў 70 гадоў таму. Каб зьмяніць гэтую структуру, трэба пераглядаць Статут. Расея, і любая іншая краіна, якую захочуць пазбавіць права вэта, будзе выступаць супраць. І ў межах ААН пазбавіць права вэта краіны, якія яго маюць, немагчыма.

Даведка Радыё Свабода: Згодна рэзалюцыі Генэральнай асамблеі ААН № 377 ад 3 лістапада 1950 году, «калі Рада бясьпекі ў выніку рознагалосьсяў сталых чальцоў аказваецца ня ў стане выканаць свой галоўны абавязак па падтрыманьні міжнароднага міру і бясьпекі ва ўсіх выпадках, калі ёсьць падставы меркаваць пра пагрозу міру, парушэньне міру ці акт агрэсіі, Генэральная асамблея неадкладна разглядае гэтае пытаньне з мэтай зрабіць чальцам арганізацыі неабходныя рэкамэндацыі адносна калектыўных мераў, уключаючы — у выпадку парушэньня міру або акту агрэсіі — ўжываньне, калі гэта неабходна, узброеных сілаў для падтрыманьня або аднаўленьня міжнароднага міру або бясьпекі».

У 1956 годзе падчас Суэцкага крызісу Францыя і Вялікабрытанія заблякавалі ў Радзе бясьпекі ААН рэзалюцыю аб вывадзе сваіх і ізраільскіх войскаў з тэрыторыі Эгіпту. Надзвычайная сэсія Генэральнай асамблеі ААН, скліканая 2 лістападу 1956 году, аднак, запатрабавала спыніць ваенныя дзеяньні ў Эгіпце, вывесьці зь яго тэрыторыі замежныя вайсковыя фармаваньні і адкрыць Суэцкі канал. Супраць рашэньня галасавалі Францыя, Вялікабрытанія, Ізраіль, Новая Зэляндыя і Аўстралія. У рашэньні адзначалася, што Ізраіль вінаваты ў парушэньні пагадненьня аб перамір’і. Вялікабрытанія і Францыя былі абвешчаныя агрэсарамі.

5 лістапада 1956 году савецкі ўрад зьвярнуўся да Вялікабрытаніі, Францыі і Ізраілю з ультыматыўным патрабаваньнем неадкладна спыніць ваенныя дзеяньні, папярэдзіўшы аб наступствах, да якіх можа прывесьці працяг ваеннай апэрацыі. У пасланьні брытанскаму прэм’ер-міністру адзначалася магчымасьць ужываньня ракетнай зброі, а ў пасланьні Ізраілю ставілася пытаньне і аб самім існаваньні гэтай дзяржавы. 6 лістапада з патрабаваньнем спыніць ваенныя дзеяньні выступіў прэзыдэнт ЗША Дуайт Эйзэнхаўэр.
У той жа дзень Вялікабрытанія і Францыя спынілі ваенныя дзеяньні ў Эгіпце.

7 лістапада 1956 году Генэральная асамблея ААН прагаласавала за фармаваньне міжнародных сілаў ААН для кантролю за вывадам брытанскіх, францускіх і ізраільскіх войскаў з эгіпецкай тэрыторыі. 15 лістапада ў Эгіпет прыбылі першыя падразьдзяленьні войскаў ААН. 22 сьнежня 1956 году вывад войскаў Вялікабрытаніі і Францыі завяршыўся. У сакавіку 1957 году і ізраільскія войскі пакінулі акупаваныя імі падчас вайны тэрыторыі.

XS
SM
MD
LG